Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 чэрвеня 2000


Валянцiн Жданко

1 Чэрвеня 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Барыс Ахрэмчык зь Берасьця адгукнуўся на нядаўнюю перадачу "Праскі акцэнт" з удзелам Сямёна Шарэцкага. Ён піша:

"Хачу запярэчыць спадару Шарэцкаму. "Дачнікі" – аніякія ня фэрмэры. А лецішчы – калецтва зямлі. Народ адкінуты ў Х–ХІ-е стагодзьдзі, да часоў Полацкага ды Тураўскага княстваў. Тое, што вырошчвае "дачнік", па сабекошце падымаецца да вартасьці золата. Але просты чалавек вымушаны гарбаціцца па суботах і нядзелях на гэтых лецішчах, бо на свой заробак ужо ня можа пракарміцца. Гэта дазваляе толькі не памерці ад галоднае сьмерці. Хутка, напэўна, будзе так, як у блякадным Ленінградзе, дзе ўсе газоны былі пакапаныя пад агароды.

Здаецца, Маркс казаў, што, калі даць кожнаму рабочаму хаця б лапік зямлі, дык дзяржава стане больш устойлівай. Што й бачна на прыкладзе Беларусі. Рабочая кляса занятая тым, што спрабуе пракарміцца, а Лукашэнка хваліцца, што ў нас няма канфліктаў. Тым часам самая працаздольная частка людзей – маладыя мужчыны – ходзяць па вуліцах з дубінкамі або загнаныя ў казармы", – напісаў Барыс Ахрэмчык зь Берасьця.

Лецішчавыя ўчасткі бальшыні беларусаў у іхным цяперашнім выглядзе, сапраўды, маюць мала агульнага з заходнімі фэрмамі, і ўвогуле з таварнай вытворчасьцю. Ёсьць, аднак, істотная рыса, якая аб'ядноўвае фэрмэра й беларускага "дачніка" – і адзін, і другі працуюць толькі на сябе, на ўласнай зямлі, уласнымі рукамі. І калі калгасная сыстэма канчаткова разваліцца (а гэтага моманту чакаць ужо нядоўга) – верагодна, з асяродзьдзя сёньняшніх апантаных "дачнікаў" можа паўстаць нямала моцных гаспадароў на зямлі. Тым больш, што на прамысловых прадпрыемствах многіх зь сёньняшніх "дачнікаў" ужо амаль нішто не трымае.

Гэтую ж тэму працягвае ў сваім лісьце Еўдакія Ўладзімерава з Горадні. Яна піша:

«Цалкам згодная зь Сямёнам Шарэцкім. У нас ці то з-за няведаньня, ці то наўмысна сеюць тады, калі сеяць нельга. А Лукашэнка за гэта яшчэ і ўзнагароды раздае. Штогод праз гэта дзяржава церпіць вялізныя страты, кампэнсаваць якія даводзіцца й без таго зьбяднеламу народу», – лічыць Еўдакія Ўладзімерава з Горадні.

Банкруцтва калгаснае сыстэмы робіцца відавочным усё большай колькасьці людзей. Для сумленных эканамістаў і палітыкаў гэта было відавочным заўсёды. Праз тое, што ўлада на працягу дзесяцігодзьдзя прымусова стрымлівала любыя рэформы на вёсцы, сёньня пакутуюць мільёны людзей, атрымваючы ў калгасах жабрацкія заробкі. І пакуты гэтыя будуць працягвацца, бо цяпер цана рэформы калгасаў нашмат вышэй, чым яшчэ некалькі гадоў таму.

Спадарыня Ўладзімерава таксама паведамляе, што з Горадні ня ўсе яе лісты даходзяць па прызначэньні да адрасатаў, і ня ўсе лісты, адпраўленыя на ейную адрэсу, яна атрымлівае. Ці то гэта зьвязана з кепскай працаю пошты, ці з тым, што ў тых лістох яна піша пра ўладу тое, што думае – Еўдакія Ўладзімерава можа толькі здагадвацца.

Уладзіслаў Жыгалка зь Менску ня згодны з тым, як у нашых праграмах асьвятляецца тэма беларускага спорту. Ён піша:

"Часта вы проста кпіце з розных недарэчнасьцяў, замест таго, каб зычыць зьменаў да лепшага. Гэта прыблізна тое ж самае, што кпіць зь беларускага рубля-"зайчыка", як зь недарэчных грошай, ня думаючы пра тое, што лепш усё ж, што дзяржава мае ўласную грашовую сыстэму, а ня стала часткаю сыстэмы чужое краіны.

Наконт стадыёнаў і лядовых палацаў ужо столькі было выказана прэтэнзіяў, што ў многіх, напэўна, склалася ўражаньне, што іх увогуле ня трэба будаваць. Але што дрэннага ў тым, што зьявіліся тыя палацы, ці што стадыёны сталі ўласна стадыёнамі, а не палянамі для выгулу сабак. Ды што няроўныя, у купінах, палі атрымалі добрую дзернавіну, а сям-там нават сыстэму з падагрэвам", – напісаў Уладзіслаў Жыгалка.

Мець у кожным буйным горадзе лядовы палац – гэта, Уладзіслаў, выдатна. Але калі даводзіцца выбіраць, на што выдаткаваць сродкі, якіх так не хапае – на такі палац ці на завяршэньне будаўніцтва радыяцыйнае клінікі, якую празь безграшоўе будуюць ужо дзесяць гадоў, або на будаўніцтва новае школы, бо ў старой вось-вось дах можа ўпасьці на галовы дзяцей – сумленная ўлада забавязана выбіраць клініку й школу. Нават калі кіраўнік дзяржавы – гарачы хакейны прыхільнік. Менавіта на гэта мы й зьвяртаем увагу ў сваіх праграмах.

Уладзіслаў Жыгалка піша таксама пра іншую праблему. Цытую далей ягоны ліст:

"Шкада, што тыя каманды, якім сымпатызуеш, за якія хварэеш, раптам трацяць прывабныя назвы, а мо' і ўвогуле зьнікаюць. Гэтак адбылося зь менскай "Беларусьсю", віцебскім "Віцязям". Ну, што гэта за назвы – "Лякаматыў-96", "Дынама-93", "МПКЦ"… (Апошні ўжо нават не "МПКЦ", а нейкая адыёзная "Славія".) Пэўна ж, некаму гэта было патрэбна. Тыя, каму мілыя назвы кшталту "ЁКЛМН" (на ўзор маскоўскага "ЦСКА") мусяць адумацца. Нельга ж па-сапраўднаму радавацца перамогам нейкіх "Камунальнікаў". А як было б прыгожа – віцебскі "Вітаўт", менская (ды нават і мар'інагорская) "Беларусь", слонімскі "Грунвальд" (можна й "Зялёны Бор". Назвы маглі б быць вельмі прывабнымі. Але ці магчыма гэта ў сёньняшняй Беларусі?", – са шкадаваньнем канстатуе Ўладзіслаў Жыгалка.

Ён таксама прапануе, каб перад футбольным чэмпіянатам Эўропы ў перадачы "Заўзятар" распавялі пра каманды-ўдзельніцы. Хоць беларускае каманды на гэтым чэмпіянаце, як заўсёды ў вапошнія гады, ня будзе. За прапанову дзякуй – пастараемся яе ўлічыць.

Іван Паплаўскі з Лагойску Менскае вобласьці скардзіцца на перасьлед уладаў. Паводле ліста, у 69-м годзе ў Жлобіне ён дэманстратыўна вярнуў супрацоўніку ЦК КПСС свой партбілет. Не задумваючыся пра тое, якія вынікі гэта будзе мець і да якога перасьледу можа прывесьці. А перасьлед, лічыць спадар Паплаўскі, доўжыцца з таго часу й па сёньняшні дзень. Асабліва пасьля таго, як у 94-м годзе ён пачаў дамагацца, каб яго прызналі ахвяраю палітычных рэпрэсіяў.

На жаль, ліст спадара Паплаўскага вельмі кароткі – у ім ня згадваецца, ані паводле якіх матываў ён выйшаў з КПСС, ані ў чым праяўляецца перасьлед уладаў. Хоць можна меркаваць, што дэманстратыўны выхад з партыі ў эпоху Брэжнева мог адбіцца на лёсе чалавека самым драматычным чынам.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Міхала Токіна зь мястэчка Глыбокае Віцебскае вобласьці, Алеся Марціновіча з Баранавічаў Берасьцейскае вобласьці, Андрэя Музарава з Магілеву ды Івана Новіка зь Менску. Вялікі дзякуй усім.

Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG