Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская паштовая марка: гісторыя і здабыткі


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 2 Сакавіка 2000 г.)

Удзельнік: Алег Трусаў.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

Гэтая праграма прысьвячаецца ня вельмі працяглай, але ўжо пазначанай істотнымі здабыткамі гісторыі беларускае філятэліі. Госьцем у нас – Алег Трусаў – гісторык й палітык, дацэнт Беларускага Ўнівэрсытэту культуры.

(Ракіцкі: ) "Спадар Трусаў, абсалютна зразумела, што адным з атрыбутаў ці нават сымбалем дзяржаўнасьці зьяўляецца паштовая марка. У гэтай сувязі напэўна ж невыпадкова, што першая па-сапраўднаму беларуская марка зьвязаная са зьяўленьнем нашае незалежнае дзяржавы – Беларускае Народнае Рэспублікі. Што гэта былі за маркі і ў чым была іхная грамадзкая й палітычная каштоўнасьць?"

(Трусаў: ) "Паштовыя маркі ўпершыню зьявіліся ў Брытаніі, дзесьці ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя яны масава пачалі ўжывацца. Крыху пазьней маркі пачалі выпускаць усе краіны сьвету. І на паштовых марках Брытаніі была выява Брытанскае каралевы. Дарэчы, і зараз пошта Брытаніі выпускае або цалкам маркі з выяваю каралевы, або зьмяшчае яе маленькі профіль на мастацкіх марках.

Дык вось, як толькі новыя дзяржавы Эўропы атрымлівалі незалежнасьць – першае, што яны рабілі – гэта выпускалі свае паштовыя маркі. Чарговая хваля масавага выпуску марак новых незалежных дзяржаваў адбылася ў 18-м, 19-м, 20-м гадох нашага стагодзьдзя, калі разваліліся Расейская імпэрыя і Аўстра-Вугорская. На іхным грунце паўстала шмат незалежных дзяржаваў, якія пачалі выпускаць свае маркі.

БНР, створаная ва ўмовах нямецкай акупацыі не была ў стане адразу выпусьціць свае паштовыя маркі. Тым ня менш, спроба такая была й дзесьці прыкладна – датаваньне рознае: адныя называюць 1919 год, другія апачатак 20-га – выйшла г.зв. сэрыя марак "Асобы атрад БНР". Ёсьць меркаваньне, што ён друкаваны хутчэй за ўсё на тэрыторыі Латвіі. Гэта некалькі марак з выявамі нашага беларускага адзеньня . Вось гэтая першая спроба й зьяўляецца для нас кропкаю адліку – маладая дзяржава пасьпела зрабіць і нацыянальны пашпарт з выяваю Пагоні, і нават сэрыю ўласных марак".

(Ракіцкі: ) "БССР лічылася нібыта сувэрэннай дзяржаваю ў складзе вялікае фэдэратыўнае дзяржавы. Але па-сутнасьці яна была марыянэткавай краінаю. Наколькі мне вядома, і за савецкім часам у Беларусі былі спробы стварэньня нацыянальнае паштовае маркі, хоць гэта й не ўхвалялася ўладамі…"

(Трусаў: ) "У 60-х гадох БССР падпісала адну зь міжнародных канвэнцыяў, паводле якой яна магла самастойна выдаваць уласныя маркі, як і ўсе 15 рэспублікаў, якія ўваходзілі ў склад СССР. Але яны як бы дабрахвотна перадалі гэтае права Маскве. За гэта прыкладна раз ці два на год СССР выдаваў маркі на дзьвюх мовах: на нацыянальнай і на расейскай. І такіх вось марак дзьвюхмоўных, на беларускай і расейскай мовах, выйшла каля трыццаці за ўсю гісторыю СССР.

Асабліва масава выпуск такіх марак пачаўся напярэдадні скананьня Савецкага Саюзу, на мяжы 80–90-х гадоў. Так, у сэрыі "Сусьветныя помнікі архітэктуры на тэрыторыі СССР", упершыню была надрукаваная марка з выяваю Полацкае Сафіі. Была зробленая і адмысловая капэрта. Дарэчы, у вапошнія гады СССР (здаецца, у 1990 годзе) упершыню была надрукаваная савецкая капэрта з выяваю Пагоні й з надпісам: "Древний символ Белоруссии".

(Ракіцкі: ) "А чаму нельга было ў тым самым Савецкім Саюзе друкаваць маркі, прысьвечаныя нацыянальнай тэматыцы?"

(Трусаў: ) "Прыбалтыйскія рэспублікі актыўна карысталіся гэтым правам і, напрыклад, зьявіліся маркі, прысьвечаныя архітэктуры Летувы й Эстоніі. У савецкі час іх выйшла даволі шмат. Я ведаю марку, прысьвечаную чатырохсотгодзьдзю Віленскага ўнівэрсытэту з надпісам па-расейску й па-летувіцку – гэта яшчэ было ў 80-х гадох. А наш урад ставіўся да гэтае справы абыякава. Мне здаецца, пакуль не пазвоняць з Масквы, яны самі ініцыятывы на праяўлялі.

Калі я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету, а гэта яшчэ быў савецкі час, я першы ўзьняў пытаньне на сэсіі, каб мы пачалі выдаваць уласныя маркі, бо мелі на гэта поўнае права нават паводле савецкіх законаў. І, калі я першы раз выступаў, у залі зь мяне пачалі сьмяяцца, маўляў, навошта нам нейкія маркі, не разумеючы, што марка – гэта велізарная крыніца даходу. Некаторыя малыя дзяржавы, накшталт дзяржавы Ватыкан, палову бюджэту маюць за кошт друку паштовых марак. Тое ж можна сказаць пра Манака, Ліхтэнштэйн…"

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, марка ёсьць ня толькі сродкам аплаты за паштовую перасылку, яна яшчэ й факт мастацтва. Марка прадаецца й купляецца, яе зьбіраюць калекцыянэры…"

(Трусаў: ) "Так, асобныя маркі каштуюць вялікія грошы, да дзясяткаў тысячаў даляраў, як, да прыкладу, першыя маркі брытанскіх калёніяў. Такія экзэмпляры прадаюцца на аўкцыёнах".

(Ракіцкі: ) "У гэтай сувязі ў мяне такое пытаньне: які лёс напаткаў тыя нашыя першыя маркі, яшчэ з часу БНР? Ці можна іх дзесьці адшукаць? Ці ёсьць яны ў нейкіх прыватных калекцыях, Вы не цікавіліся?"

(Трусаў: ) "Канешне, ёсьць, нават у маёй прыватнай калекцыі ёсьць некалькі гэтых марак. Але справа ў тым, што маркі БНР ніколі не лічыліся сапраўднымі маркамі, таму што БНР не паўстала даканца як дзяржава.

Ёсьць, напрыклад, маркі фантастычных краінаў, якіх няма ў сьвеце, але махляры запусьцілі маркі й прадавалі. Ёсьць маркі такіх дзяржаваў, якіх ніхто не прызнаў. Так, у нашых філятэлістычных шапіках можна купіць маркі (я сам іх бачыў) Незалежнай Рэспублікі Абхазія. Выдаюцца гэтыя маркі, мабыць, у Маскве, хоць Абхазію не прызнала аніводная краіна сьвету. Маркі як бы ёсьць, і іх як бы няма. Аналягічна і з маркамі Чачэнскае Рэспублікі. Я іх таксама бачыў".

(Ракіцкі: ) "Беларуская Народная Рэспубліка ўсё ж была прызнаная цэлым шэрагам краінаў. А тыя маркі – ці дазвалялі яны даслаць ліст за мяжу?"

(Трусаў: ) "Нажаль, у бальшыні выпадкаў не дазвалялі. Але нядаўна нашыя філятэлісты знайшлі такія выпадкі, калі гэтыя маркі хадзілі на тэрыторыі, напрыклад, тагачаснае Летувы й Заходняй Беларусі. І ў адным з апошніх нумароў цудоўнага выданьня "Беларускі калекцыянэр" ёсьць артыкул на гэтую тэму. Нашыя калекцыянэры адшукалі такія прыклады, але гэта, нажаль, было выключэньне з правілаў. Спробы выпускаць маркі БНР ня сталі да канца лягальнымі".

(Ракіцкі: ) "Мы ведаем, што з 1918-га па 1920 год Менск пераходзіў з рукі ў рукі: то немцы, то палякі, то бальшавікі, БНР… Якія маркі клеілі на капэрты?"

(Трусаў: ) "Усё залежала ад таго, хто ўладарыў. Калі былі бальшавікі, то клеілі маркі яшчэ эпохі Керанскага, а першыя савецкія маркі ўзьніклі ўжо пасьля 1922 году, пасьля ўтварэньня СССР. Я ў сваёй калекцыі маю некалькі ўнікальных першых марак Рэчы Паспалітае 1920–21-х гадоў – яны таксама хадзілі на тэрыторыі Беларусі. Хадзілі тут і маркі Аўстра-Вугоршчыны й Нямеччыны ў 1918 годзе. Нават паштоўкі выдаваліся са здымкам Пляцу Волі на дзьвюх мовах: па-беларуску й па-нямецку".

(Ракіцкі: ) "Зараз пачнем з Вамі размову пра ўжо нашую найноўшую гісторыю, а менавіта пра ўтварэньне на пачатку 90-х гадоў новай нашай, сувэрэннай (спадзяюся – і надалей) дзяржавы. Вы былі намесьнікам старшыні камісіі культуры Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня і, на колькі я ведаю, менавіта Вашая камісія распачынала справу стварэньня нацыянальнае маркі, маркі незалежнае Беларусі…"

(Трусаў: ) "Так. Поўны назоў нашае камісіі – "Камісія адукацыі, культуры, захаваньня гістарычнае спадчыны". Вось гэтая апошняя назва "захаваньня гістарычнае спадчыны", дазваляла нам упершыню распачаць такія справы, як рэстаўрацыя помнікаў, філятэлія і гэтак далей. Таму што марка, гэта зьяўляецца таксама элемэнтам прапаганды нашае гістарычнае спадчыны".

(Ракіцкі: ) "Якой была першая марка?"

(Трусаў: ) "Першай маркаю нам удалося зрабіць марку з выяваю крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Гэта марка выйшла ў сьвет 20 сакавіка 1992 году, яе аформіў мастак Комлеў, выдадзеная яна ў Маскве, як і бальшыня першых беларускіх марак, з накладам 2 мільёны паасобнікаў. Пазначана й цана – адзін рубель. Дарэчы, спачатку была ідэя выдаць першай марку, прысьвечаную Рыгору Шырме. Яна стала другой. Дык вось, гэта адзіная марка, дзе пазначаны намінал – 20 капеек, а потым мы вырашылі зьняць з марак увогуле словы: і "рубель" і "капейка", спадзеючыся , што ў недалёкае пэрспэктыве будзе ўведзены талер. Таму й па сёньняшні дзень на беларускіх марках Вы ня ўбачыце слова "рубель". З майго гледзішча, гэта вельмі важна. Многія краіны таксама не ўказваюць назву валюты. А савецкія маркі былі, я сказаў бы "калгаснага тыпу", дзе пісалі і "капейку", і "рубель".

(Ракіцкі: ) "Ужо на першых марках пачалі назоў нашае краіны пісаць і па-беларуску, і па-ангельску… Вы сказалі, што першыя маркі былі надрукаваныя ў Маскве. Сяньня мы ўжо маем сваю і нядрэнна наладжаную вытворчасьць па выпуску марак…"

(Трусаў: ) "Вы маеце рацыю, бо як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то наша камісія накіравала яму ліст, а я нават быў у яго й на прыёме. Адно з пытаньняў, якія разглядаліся – гэта наладжваньне ўласнае базы друку марак. Я яму распавёў, які прыбытак ў валюце будзе мець Беларуская дзяржава, калі будзе выдаваць уласныя маркі. Ён паслухаўся нашых прапановаў і аддаў адпаведны загад. Так у 1995 годзе абсталяваньне было закупленае. І пачынаючы прыкладна з 1995 году нашыя маркі як правіла друкуюцца ў нас, у Менску".

(Ракіцкі: ) "І ледзь не адразу пасьля таго Лукашэнка аддаў загад надрукаваць марку са сваёй выяваю і подпісам "Першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь". Дарэчы, абсалютна ўнікальны выпадак: тая марка сталася ці не самай папулярнай беларускай маркаю… Гэта, здаецца, нонсэнс…"

(Трусаў: ) "Па-першае, не адразу. Яна выйшла ўжо пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, 6 сьнежня, сталася вынікам рэфэрэндуму. Гэта марка паказала ўсяму сьвету, што дэмакратыя ў Беларусі канчаткова сканала, бо пры жыцьці ў сусьветнае філятэліі выдаюць толькі партрэты каранаваных асобаў. Гэтае правіла захоўваецца яшчэ зь першае маркі. А некаранаваная асоба, якая друкуе на марках свой партрэт пры жыцьці, гэта – дыктатар. Першым такім дзеячом быў Сталін. Потым былі маркі з выяваю Брэжнева, але не як партрэт, а толькі ў нейкіх кампазыцыях. А вось пэрсанальнае маркі з выяваю Брэжнева з усімі ягонымі маршалаўскімі зоркамі ў прыродзе не йснуе. Нават Брэжнеў разумеў, што гэта не зусім добра.

У Эўропе выпускалі маркі зь безьліччу сваіх выяваў такія дыктатары, як Гітлер і Франка. У сьвеце йснуе шмат філятэлістаў, якія зьбіраюць маркі з выявамі дыктатараў і розных іншых дзеячоў дыктатарскіх рэжымаў. Прыкладам, у Польшчы вялікай папулярнасьцю карыстаюцца маркі з выяваю Дзяржынскага. Вось і Лукашэнка трапіў у гэтую абойму. На былой тэрыторыі СССР, наколькі мне вядома, ёсьць некалькі марак з выявамі Назарбаева, Туркмэн-башы…"

(Ракіцкі: ) "Як Вы ставіцеся да аднае з апошніх марак, прысьвечаных Сухому, – з выяваю тых самалётаў, якія бамбуюць Чачню ды іншыя краіны?"

(Трусаў: ) "Я станоўча стаўлюся да гэтае выявы. Самалёт добры, іншая справа, у чыіх ён руках. Я вельмі рады, што нарэшце мы пачалі вяртаць сабе імёны нашых землякоў. Спадар Сухі – ураджэнец Гомельшчыны, беларус этнічны, ён зрабіў самы лепшы баявы самалёт у сьвеце. І, дарэчы, Сухому была прысьвечаная таксама адмысловая капэрта зь ягоным партрэтам. Мне здаецца, што такія маркі цалкам маюць права на йснаваньне ў вадрозьненьні ад марак з выяваю прэзыдэнта. Сухі сканаў, а яго самалётам можа ганарыцца кожны беларус, як, да прыкладу, ресейцы ганарацца аўтаматам Калашнікава".

(Ракіцкі: ) "Практычна ўсе людзі заўважылі, што пасьля тых ганебных лукашэнкавых рэфэрэндумаў, зьявіліся маркі з выявамі новага дзяржаўнага гербу, сьцягу. Але раптам яны зьніклі, а замест іх сяньня ў продажы вельмі прыгожыя, вельмі сымпатычныя маркі-мініятуры з малюнкамі рэчаў матэрыяльнае беларускае культуры…"

(Трусаў: ) "Тут адыграла ролю эканоміка. Маркі зь мініятурнымі мастацкімі выявамі карыстаюцца попытам калекцыянэраў ва ўсім сьвеце. Так, Нямеччына выпускае аналягічныя маркі з выявамі розных помнікаў архітэктуры. І тое, што мы нарэшце пайшлі па эўрапейскаму шляху – гэта гаворыць аб тым, што ў мастацкай радзе, якая рэгулюе выпуск паштовых марак, знаходзяцца вельмі разумныя людзі".

(Ракіцкі: ) "Ці ня маем мы справу з, так бы мовіць, "падвойным стандартам"? З аднаго боку, у нашае краіне гэтая ўлада зьнішчае культуру, мову. На марках жа нашая культура мае сваё адлюстраваньне…"

(Трусаў: ) "Мне здаецца тут спрацоўвае фактар нацыянальнае дзяржавы. Якая б ні была ўлада, яна кіруе ўсё ж такі незалежнай дзяржаваю, і слава Богу г.зв. "саюзы з Расеяй" пакуль што цалкам "віртуальныя". Ёсьць пэўныя законы незалежнае дзяржавы, якія ўсё роўна вымушаюць рабіць менавіта так, а не йнакш. Дыктатар вельмі любіць быць незалежным, праўда, вонкава. Гэта адразу адлюстроўваецца ва ўсіх вонкавых праявах, у тым ліку ў філятэліі".

(Ракіцкі: ) "Давайце падсумуем. На Ваш погляд як адмыслоўца – чым мы можам ганарыцца ў філятэлістычнай справе?"

(Трусаў: ) "Вельмі важна, што мы ўпершыню на нашых марках усяму сьвету паказалі нашых гістарычных асобаў. Адная зь першых марак, напрыклад, была прысьвечана Рагвалоду й Рагнедзе. Гэтыя маркі былі надрукаваныя 31сьнежня 1993 году, кожная накладам 826 000 паасобнікаў. Такія маркі – гэта гонар нашае нацыі. Яны гавораць аб тым, што нашай гісторыі 1000 гадоў. Упершыню выдалі мы й марку з партрэтам Мікалая Радзівіла Чорнага – 17 сьнежня 1996 году".

(Ракіцкі: ) "Наколькі я ведаю, нават палякі не выдавалі…"

(Трусаў: ) "Так, і летувякі таксама… Далей. Упершыню мы выдалі цудоўную сэрыю, прысьвечаную нашым мастакам – Пётру Сяргіевічу, Фэрдынанду Рушчыцу і Язэпу Драздовічу. Унікальная сэрыя. Яшчэ адная ўнікальная сэрыя, прысьвечаная выдатным беларускім асобам – канцлеру ВКЛ Льву Сапегу, Казімеру Семяновічу – аўтару ўсясьветнавядомых ракетаў. Між іншым, Семяновіча хто толькі не прысвойваў сабе: і палякі, і летувякі, і нават расейцы. Нарэшце, выдатнаму літаратару і асьветніку – Сімяону Полацкаму".

(Ракіцкі: ) "Дарэчы, вельмі папулярнай стала марка, на якой ёсьць выява маёнтку Рэпіна…"

(Трусаў: ) "Так. Наша камісія была ініцыятарам выданьня гэтае маркі, гэта зчэпка дзьвюх марак. На адной зь іх маёнтак Рэпіна, а на другой – шырока вядомы малюнак Рэпіна, падпісаны "Беларус". У канцы ХVІІІ стагодзьдзя, калі беларусаў не лічылі за народ, Рэпін зрабіў нам рэкляму. Ён намаляваў чалавека, пры тым маладога, здаровага, не з каўтуном і ў лапцёх, а сымпатычнага, з прыемнай усьмешкаю шляхцюка.

Вось такім чынам мы і ўшанавалі памяць Рэпіна, гэта была вялікая дата – 150 гадоў зь дня ягонага нараджэньня. Таксама была выпушчаная і адмысловая капэрта. Самае цікавае аказалася тое, што Расея праспала гэты юбілей.

Дарэчы, вельмі важна, якая першая марка. Наша першая марка – гэта крыж Эўфрасіньні Полацкай. А першая марка незалежнае Расеі – гэта сэрыя з выяваю Бураціна. Нашая першая марка зь выяваю крыжа Эўфрасіньні Полацкай, мне здаецца, назаўжды ўвайшла ў гісторыю як айчыннай, гэтак і ўсясьветнай філятэліі як знаходка".

(Ракіцкі: ) "На Ваш погляд, нашыя маркі адпавядаюць усясьветнаму стандарту?"

(Трусаў: ) "Далёка ня ўсе. Але лепшыя зь іх варыянты адпавядаюць. Да ўсясьветных стандартаў нам яшчэ трэба прайсьці даўгі шлях. Для гэтага трэба новая тэхналёгія, новая тэхніка, новыя матэрыялы, аднак, мне было вельмі прыемна, калі я быў у філятэлістычных крамах Польшчы й бачыў там беларускія маркі. Сярод іх – маркі, прысьвечаныя юбілею Нясьвіжа й марка з выяваю Адама Міцкевіча. І у нямецкіх крамах я бачыў асобныя нашыя маркі.

Такім чынам, мы паступова займаем гэтую нішу. Іншая справа, што, напрыклад, я вельмі сумую з таго, што спынілася ўнікальная сэрыя гербаў беларускіх гарадоў. Пры прыходзе да ўлады Лукашэнкі, гэтая сэрыя была практычна забароненая. Аднак, сэрыя архітэктуры, архітэктурных помнікаў па-ранейшаму рэгулярна выходзіць, папаўняецца новымі маркамі. Ужо выйшла некалькі дзясяткаў гэтых марак. Я лічу гэта гонарам нашае філятэліі".

(Ракіцкі: ) "Спадар Трусаў, Вы першы ў нашай краіне распрацавалі курс гісторыі беларускае філятэліі і чытаеце яго ў Беларускім унівэрсытэце культуры. Ці ёсьць у вашых студэнтаў зацікаўленасьць гэтым прадметам?"

(Трусаў: ) "Вельмі добра ставяцца, таму што я чытаю лекцыі будучым музэйнікам, а ў любым музэі марка можа быць вельмі важным элемэнтам выставы. Неўзабаве ў нашым унівэрсытэцкім музэі хутка адчыніцца выстава марак – як беларускіх, гэтак і замежных, з прыватных калекцыяў студэнтаў. Так што дзесьці праз пару тыдняў можаце прыходзіць і ўбачыць іх".

(Ракіцкі: ) "Ведаеце, размова з Вамі сяньня ў мяне асабіста нараджае пэўны аптымізм. Усё ж такі магчыма йснаваньне нашае памяці, нашае культуры. Дзякуй Вам за размову!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG