Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 Студзеня 2000


Валянцін Жданко

6 Студзеня 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Алесь Мікуліч зь Мёраў Віцебскае вобласьці ў сваім лісьце разважае пра будучыню беларускае мовы і нацыі. І робіць такую выснову: "Мы або не сфармаваная нацыя, або нацыя, якая чамусьці страціла імунітэт супраць асыміляцыі".

Ён піша: "Нам уласьцівае глыбокае пачуцьцё непаўнавартасьці. Думаю, што славутая памяркоўнасьць беларуса якраз і ёсьць працягам гэтага пачуцьця. Нам, як дзецям, патрэбная чыясьці пахвала. Ледзь не плачам – хочам "людзьмі звацца". Старэйшы брат паляпае нас па плячы, калі гаворым на "великом и могучем" – і мы адмаўляемся ад сваёй "брыдкай" мовы: расейская ўзьнімае нам гонар, як сярэднявечнаму гараджаніну лаціна. Перавод школы на расейскую мову ўспрымаюць як падарунак і бацькі, і дзеці. А ў 20-я гады без ваганьняў падпісвалі беларусы паперы, каб вучыць дзяцей па-польску. А як жа: насіў паперу па хатах лясьнік, а ён можа ў лес не пусьціць. І перад вайною селянін, прыехаўшы ў мястэчка, круціў язык на польскі лад. Так зручней. Адным словам, ад памяркоўнасьці адзін крок да канфармізму".

Алесь Мікуліч запрашае: "Угледзімся ў наш уласны твар, не баючыся зазірнуць у люстэрка фактаў. Слова "апазыцыянэр" (а яшчэ горш – "нацыяналіст") у нас успрымаюць як лаянку, бо такія людзі парушаюць спакой, можа, нават ствараюць пагрозу для іншых. Так лічаць ня толькі ў чыноўніцкіх кабінэтах, але і ў побыце. Уладу ніхто асабліва ня любіць, але быць супраць яе – гэта ўжо занадта. Таму радзеюць шэрагі пад нацыянальнымі сьцягамі, бо спакайней пад чырвона-зялёнымі. І не кладуць кветкі ў Курапатах або на Случчыне, бо дэманстраваць свае веды ў нацыянальнай гісторыі небясьпечна. Лепш ня ведаць і забыць. Таму мы й ня супраць "славянскага яднаньня": можа, дадуць больш газу і яшчэ чаго. А Чачню, можа, як прыдушаць і бяз нас. Казаць пры гэтым пра захаваньне мовы недарэчна".

"Што ж у канцы тунэлю, у які мы пасьпяхова залазім з галавою?" – пытаецца Алесь Мікуліч. І сам жа адказвае: "Вельмі хуткая асыміляцыя разам са зьнікненьнем дзяржавы. Праўда, заходнія суседзі хацелі б мець на сваіх межах нейкі буфэр у бок Расеі. Але Беларусь нацыянальна адроджаная – усім нязручная і мулкая, яна ад кожнага забірае часьцінку гісторыі і блытае нацыянальныя міты. Аніяк не падзелім грунвальдзкую славу; не асэнсуем ролю казацтва або Аршанскае бітвы; дрэнна ўжываюцца Стэфан Баторы й Сьцяпан Батура, Кастусь Каліноўскі і Костас Калінаўскас, Міндоўг і Міндаўгас. Так што ніхто ня будзе пратэставаць супраць яшчэ аднаго, так бы мовіць "волевыяўленьня народа", бо вінаваты ня столькі Лукашэнка на троне, колькі лукашызм у кожным з нас".

Выснову з гэтых развагаў Алесь Мікуліч робіць несуцяшальную: "Толькі, магчыма, цераз стагодзьдзе ці пазьней, калі Расея ўсё ж цывілізуецца па-эўрапейску, нашыя нашчадкі абудзяцца ад сну, у якім цяпер знаходзяцца, і пачнуць нешта адраджаць (мо, так, як гэта робяць ірляндцы). Але дзяржаўнасьці нам ужо ня мець".

Алесь Мікуліч мала напісаў пра сябе – згадаў толькі, што "жыцьцё, лічы, пражытае, шмат бачана, чута, вынашана ў душы й выпакутавана, а таму хочацца гэтым падзяліцца". Па інтанацыі адчуваецца, што аўтару нялёгка даліся гэтыя горкія развагі, што яны балючыя і для яго асабіста.

І сумневы, і расчараваньні гэтыя ўласьцівыя многім з тых, хто задаваў сабе такія пытаньні і спрабаваў на іх сумленна адказаць. Пэсымістычны сцэнар, апісаны спадаром Мікулічам – гэта, хутчэй, апісаньне ягонае ўласнай боязі, уласнага страху за тое, што можа адбыцца, і што перакрэсьліць многія жыцьцёвыя ідэалы.

Ён і сам пра гэта піша ў канцы ліста: "Калі ўсё ж здарыцца немагчымае, калі памыляцца дакладныя навукі ды аматары разважаць так як я – калі Беларусь усё ж ацалее і адродзіцца, дык: я буду ўдзячны Богу, лёсу і тым рупліўцам, якія насуперак відавочнаму працягваюць змагацца".

Міхал Сантаровіч зь Дзяржынску Менскае вобласьці адгукнуўся на перадачу, у якой ішла размова пра вынікі апошняга перапісу жыхарства. Перапіс, у прыватнасьці, выявіў, што 37 адсоткаў жыхароў Беларусі дома карыстаюцца беларускай моваю. Спадар Сантаровіч ня згодны зь Лявонам Баршчэўскім, які лічыць гэтую лічбу сьведчаньнем таго, што беларусы нягледзячы ні на што захавалі сваю мову. Міхал мяркуе інакш:

"Нават у хатніх умовах беларускай моваю карыстаецца абмежаваная колькасьць людзей. Ня будзеш жа называць беларускай моваю гэтак званую "трасянку", якая паўсюдна гучыць у вёсцы ды сярод простых месьцічаў родам адтуль жа, якія яшчэ не забыліся сваіх каранёў. Але, па-першае, насельніцтва вёскі значна меншае за гарадзкое; па-другое, гэтую мову нельга аднесьці да якойсьці мовы. Лічба ж 37 адсоткаў атрымалася зь іншае нагоды. Жыхарства, пэўна, хацела б размаўляць на беларускай мове, выказвае такое жаданьне. Але ад жаданьня да практычнага ўжываньня шлях вялікі, у нашым выпадку – непераадольны. Так што лічбы яшчэ нічога зь сябе не ўяўляюць без разуменьня сутнасьці пытаньня", – лічыць Міхал Сантаровіч зь Дзяржынску.

Уяўляюць, спадар Сантаровіч, і вельмі пра многае сьведчаць. Сапраўды, няслушна было б сьцьвярджаць, што гэтыя 37 адсоткаў жыхарства размаўляюць на літаратурнай беларускай мове. Але паедзьце куды-небудзь у Расею – у валагодзкую вёску ці кубанскую станіцу. Вы мяркуеце, што там гучыць літаратурная расейская мова? А мясцовыя жыхары, якія зь цяжкасьцю разумеюць маскоўскіх тэледыктараў, упэўненыя, што гавораць па-расейску.

Нават калі гэтыя 37 адсоткаў людзей толькі атаясамліваюць сваю мову зь беларускай, або толькі гатовыя загаварыць па-беларуску – гэта ўсё адно перамога. Бо ў мове ад жаданьня да ўжываньня шлях не такі вялікі, а якраз жаданьне – самы галоўны й вырашальны чыньнік.

Алесь Кухто зь Віцебску даслаў нам публікацыю з газэты "Віцьбічы" ад 28 сьнежня, якая вельмі яго ўразіла. Зусім нядаўна ў Віцебску, як і ў іншых вабласных цэнтрах, адкрыты вялікі Лядовы палац, узьвядзеньне якога кантраляваў асабіста Лукашэнка. Але дзеці простых гараджанаў як не маглі гуляць у хакей без палацу, так ня могуць і цяпер. Хлопчыку, які захоча займацца спортам у Лядовым палацы, трэба заплаціць за гадзіну заняткаў 250 тысячаў рублёў. А з Новага году адміністрацыя зьбіраецца падвысіць кошты. "Ці змогуць нашыя дзеці там быць, і каму быў патрэбен гэты Лядовы палац, калі ў нас не хапае сродкаў на лекі ды на шмат яшчэ іншае, без чаго нельга абысьціся?" – пытаецца Алесь Кухто.

Аляксандар Лукашэнка сам любіць паганяць шайбу па лёдзе і раўніва сочыць за посьпехамі й няўдачамі беларускіх хакеістаў. Гэтае ягонае захапленьне выглядала б зусім прыстойна і нават сымпатычна, калі б мела разумныя межы…

Дзясятак Лядовых палацаў, якія пабудаваныя ці будуюцца ў розных куткох краіны, абыйдзецца Беларусі прыблізна ў 150-200 мільёнаў даляраў. Гэтакай раскошы ня могуць дазволіць сабе нават непараўнальна багацейшыя за Беларусь краіны – напрыклад, Польшча ці Вугоршчына.

Праблема ня толькі ў тым, каб пабудаваць лядовую арэну, але і ў тым, каб яе ўтрымліваць. Гэтая дарагая цацка не разьлічаная ані на сьціплыя гарадзкія бюджэты, ані на небагатых беларускіх дзяцей. І ў гэтым – асаблівая амаральнасьць усёй авантуры з будаўніцтвам палацаў у сёньняшняй Беларусі.

На мінулым тыдні нам у Менскае бюро напісалі таксама Леакадзія Бушмавіч зь вёскі Анжадава Ашмянскага раёну Гарадзенскае вобласьці; Леанід Муранчык зь Берасьця; Дзьмітры Любецкі і Мікола Вешторт зь Менску, Ян Эмоцын з Глуску Магілёўскае вобласьці. Дзякуй усім. Пішыце нам на ранейшую адрэсу: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Вы слухалі перадачу "Паштовая скрынка-111".

Вашыя лісты чытаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG