Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 Жніўня 1999


Віталь Тарас

26 Жніўня 1999

Аўтар і вядучы Віталь Тарас

Ёсьць у рэдакцыйнай пошце лісты – пры тым, што кожны ліст ад слухачоў для нас чаканы – асабліва каштоўныя. Каштоўнасьць іхная ня ў тым, што яны неяк па-майстэрску, адмыслова напісаныя. Але ў тым, што думкі й высновы ў лісьце заснаваныя на асабістых уражаньнях, уласным жыцьцёвым досьведу.

Менавіта такі ліст неспадзявана прыйшоў да нас з Аўстрыі. Ягоны аўтар, які падпісаўся як Яраслаў Атлас-Маскалевіч, паведамляе, што яму 66 гадоў, што родам ён зь Вілейшчыны і што працаваў шмат гадоў на рачным флоце, даслужыўся да капітана.

Нядаўна яму давялося прыехаць у Беларусь зь Вены, дзе зараз жыве наш слухач, дзеля афармленьня новага пашпарту. Зьмены, што адбыліся за два гады ягонай адсутнасьці, яго глыбока ўразілі. Асабліва яго ўразіла, што брат, якому 73 гады, выглядае зусім старым. "Усё жыцьцё, – піша наш слухач, – брат працаваў на вёсцы. Пэнсія ў яго маленькая. Я ніколі ня бачыў, каб брат плакаў, але пры размове са мною ён ня стрымаўся.

Дайшло да таго, што каб апрацаваць свае соткі, яму давялося ўпрэгчыся самому замест каня, бо нават каня цяжка атрымаць у калгасе, ня кажучы пра трактар. Заробак трактарыста – 3 даляры на месяц. На нагах – нейкія гумовыя боты, як пасьля вайны.

На Віцебшчыне бачыў на свае вочы, як два мужыкі ўпрэгліся ў плуг, а жанчына – за плугам. Яны акучвалі бульбу.

Канечне, у горадзе гэтага ня бачна, – піша далей наш слухач, – а вёска стогне. Галоўнае няшчасьце ў тым, што на вёсцы няма аніякай інфармацыі, акрамя як зь дзяржаўнага радыё, ці з тэлевізара – ды й тыя ёсьць не ў ва ўсіх. Таму шмат людзей думае, што Лукашэнку перашкаджаюць розныя дэмакраты й нават амэрыканскі імпэрыялізм.

Калі выбіралі Лукашэнку, я спрабаваў пераканаць людзей не галасаваць за яго, казаў, што ён давядзе людзей да жабрацтва й нават да вайны. Дык мяне ледзь не пабілі. Цяпер многія зь іх зразумелі. Але ня ўсе. У гэтым бяда майго народу".

Аўтар ліста зь Вены ня хоча верыць прагнозам, быццам беларуская мова, беларусы як нацыя могуць зьнікнуць. Ён, дарэчы, напісаў свой ліст па-расейску й перапрашае за гэта, гаворыць, што большую частку жыцьця жыў у Расеі. І вось зараз, калі яму ўжо далёка за 60, пачаў пісаць вершы на матчынай мове. Адную страфу зь верша я дазволю сабе працытаваць: "калісьці была наша вёска багатай
на гоман дзяцей і на сьпевы дзяўчат
Цяпер жа пусьцеюць там хата за хатай,
дзе скора ня будзе бабуль і дзяўчат". Свае вершы наш слухач падпісвае псэўданімам, як дарэчы й сам ліст. Заканчваецца ён так: "Маю двух сыноў. Адзін жыве ў Падмаскоўі, другі ў Віцебску. За яго хвалююся, бо ўнук паступіў у інстытут, як бы яму не пашкодзілі…" Гэтым, відаць, і тлумачыцца псэўданім. Хаця сваю венскую адрэсу слухач ўсё ж такі нам пакінуў.

Псэўданімы, на жаль, рэч для нас звыклая, яшчэ за савецкім часам. Толькі зараз за гэтай зьяваю зноў бачыцца ня столькі звычка, колькі звычайны страх.

Так, адзін з нашых слухачоў даслаў, можна сказаць, цэлы артыкул пад назовам "Райхстаг па-беларуску". Ягоны аўтар лічыць, што пасьля справы дзяржаўнага функцынэра Мікалуцкага, што быў забіты ў Магілеве, якая скончылася практычна нічым, можна чакаць новай. Ня выключана, піша ён, што на новым працэсе, зарганізаваным зь яшчэ большым палітычным размахам, будуць фігураваць замежнывя выведкі, амбасадары й гэтак далей.

Тым, хто фабрыкуе падобныя справы, аўтар раіць узгадаць лёс Лідзіі Цімашук, якую ў зьвязку з сумна вядомай справаю лекараў узнагародзілі ордэнам Леніна – за выкрываньне ворагаў народу. Але адразу пасьля сьмерці Сталіна, паводле якога была сфабрыкаваная гэтая справа, дактароў выпусьцілі на волю, а ордэн у Цімашук забралі.

Справу Мікалуцкага слухач параўнове з падпалам Райхстагу й забойствам Кірава.

Часьцей нашых слухачоў цікавяць, аднак, ня столькі палітычныя рэтраспэкцыі, колькі паўсядзённыя праблемы. Аляксандр Шпаковіч з Ваўкавыска, інвалід першае групы, трэці год ня можа аформіць мытныя дакумэнты на машыну, якую яму прывезьлі з Польшчы паводле даверанасьці. Ня можа, паколькі няма дзе ўзяць 600 даляраў на адпаведную працэдуру.

Згодна зь беларускімі законамі, інваліды маюць пэўныя льготы. Таму спадар Шпаковіч вырашыў імі й пакрыстацца ды зьвярнуўся з адпаведнай просьбай да Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля гэтага дакумэнты інваліда разглядалі: мытны камітэт, Мінінстэрства фінансаў, міністэрства сацыяльнае абароны, Савет міністраў і Савет бясьпекі. І ў выніку просьба вярнулася зноў у прэзыдэнцкую адміністрацыю.

Спадар Шпаковіч просіць дапамагчы. Мы можам толькі шчыра паспачуваць гору нашага слухача. Але сродкі масавае інфармацыі ня могуць вырашаць пытаньні, якімі мусяць займацца зусім іншыя інстытуцыі. Просьба аб дапамозе да прэсы – вынік адчаю. А з другога боку – стэрэатып, які склаўся ў часы ўяўнае ўсемагутнасьці савецкае прэсы.

Мы вымушаныя расчараваць і спадара Алеся Яцкевіча зь Віцебску, які даслаў нам тэкст сваёй музыкі на верш Янкі Купалы. На вялікі жаль, мы ня маем магчымасьці даць ацэнку музычнага твору на падставе дасланае партытуры. Але ж мы ўдзячныя нашаму слухачу за давер да нашай радыёстанцыі.

Часам праз Радыё Свабода слухачы зьвяртаюцца да іншых арганізацыяў. Так спадар Расьціслаў Дуброўскі зь вёскі Бераставіца Гарадзенскае вобласьці хацеў бы сустрэцца, наколькі можна зразумець, з кіраўніком праваабарончага цэнтру "Вясна-96" спадаром Алесем Бяляцкім. Тым, хто хацеў бы скантактавацца з гэтым цэнтрам, паведамляем адрэсу ў Менску: вуліца Кісялёва, 11, кватэра 19. Тэлефон у Менску: 236-61-94.

Спадар Шайко з Рэчыцы Гомельскае вобласьці піша, што ён рэгулярна слухае беларускую службу Радыё Свабода, каб даведацца праўдзівую інфармацыю. Газэты, піша наш слухач, ён не купляе і просіць паведаміць расклад выхаду радыёперадачаў у эфір. Хацелася б параіць нашым слухачам выпісваць незалежныя газэты, шмат зь якіх даюць абвесткі пра выхад у эфір Радыё Свабода. А газэта "Наша Ніва" кожны панядзелак друкуе ўвесь расклад перадачаў.

Тым ня менш, нагадайма, што першая вечаровая перадача Радыё Свабода выходзіць у эфір з 18:00 да 19:30 менскага часу на кароткіх хвалях у частотах 7295 кГц, 9610 кГц, 11725 кГц, 15565 кГц. Другі, абноўлены выпуск, выходзіць з 22:00 да 23:30 на частотах 6105, 9535 , 9750 і 11865 кГц. Ранішняя перадача выходзіць з 6:00 да 7:00 менскага часу на частотах 6065, 7295, 9635, 9750 Кгц. Акрамя таго, усе перадачы беларускае службы Радыё Свабода можна слухаць на сярэдняй хвалі 521 мэтр, частата – 576 кГц.

Мы пачалі агляд зь ліста, які прыйшоў да нас з Аўстрыі. А скончыць я хачу цытатаю зь ліста, які прыйшоў ва ўкраінскую рэдакцыю Радыё Свабода. Лёсам беларускай мовы, беларушчыны, што прыемна адзначыць, заклапочаныя ня толькі беларусы… Радыёслухач Олег Кімаша з Кіеву, у сваім лісьце, паміж іншым, выказвае шкадаваньне наконт цяперашняга стану Беларусі, але разам з тым і ўпэненасьць, што беларусы "вылязуць з гэтага балота, мову сваю ацэняць ды вернуцца да сваіх крыніцаў".

Свае лісты дасылайце нам на адрэсу: Radio LIBERTY, box 3
Vinohradska 1, 110 00, Praha 1, Czech Republic або на адрэсу: "Свабода", п/с 111, 220005, Менск-5, БЕЛАРУСЬ


Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG