Тэхнічныя праблемы прыёму нашых праграмаў Аўтар і вядучы Сяргей Шупа У лістах нашых слухачоў ёсьць адна сталая тэма, ад якой дарэчы залежыць ці будуць у нас слухачы наагул. Я маю на ўвазе тэхнічныя праблемы прыёму нашых праграмаў. Заўвагі і нараканьні наконт ня вельмі добрай чутнасьці Беларускай Свабоды мы чуем ледзь ня кожны дзень. Сёньня я пастараюся адказаць на Вашыя пытаньні і запрапанаваць некаторыя парады, якія, спадзяюся, дапамогуць Вам лепей нас чуць. Найперш - агульны нарыс праблемы. Чаму нас ня вельмі добра чуць у эфіры? Калі не зважаць на, так сказаўшы, натуральныя праблемы - атмасфэрныя ўмовы, індуыстрыяльныя перашкоды, недасканаласьць прыймальнай тэхнікі - дык найперш варта зазначыць вось што. Сёньня тэхналягічны прагрэс, зьяўленьне агульнадаступнага сатэлітарнага радыё й тэлэвізіі трохі зьмянілі характар міжнароднага вяшчаньня. Штораз болей радыёстанцыяў маюць магчымасьць перасылаць адкуль заўгодна якасны сыгнал, які можа быць дзе заўгодна лякальна рэтрансьляваны. Таму, прыкладам, розныя нацыянальныя рэдакцыі Радыё Свабода штораз болей адмаўляюцца ад традыцыйнага перадаваньня на кароткіх хвалях, бо маюць магчымасьць, напрыклад, уключаць свае перадачы ў праграмную сетку нацыянальных або прыватных радыёкампаніяў у канкрэтнай краіне. Так працуюць амаль усе службы нашага радыё - іх перадачы можна чуць, скажам, у Літве, Эстоніі, Украіне на мясцовых радыёканалах сярэдніх і ультракароткіх хваляў. Гэта дае магчымасьць скараціць выдаткі на кароткахвалёвае вяшчаньне. Пад гэтае скарачэньне, падпадаюць, на жаль, і беларускія перадачы, з той розьніцай, што ў Беларусі мясцовая рэтрансьляцыя сёньня немагчымая. Дарэмна беларускія ўлады пераконваюць сьвет у свабодзе слова, што пануе ў нашай краіне - маўляў, апазыцыйныя газэты можна свабодна купіць нават у кіёску адміністрацыі прэзыдэнта. Улады цудоўна разумеюць, што малатыражны апазыцыйны друк - ім не супернік. Затое ўсе спробы дамовіцца з уладамі аб рэтрансьляцыі ў краіне беларускіх праграмаў Радыё Свабода - на сярэдніх або ультракароткіх хвалях - асуджаныя на няўдачу. Бо гэта азначала б сапраўдны пралом інфармацыйнай блякады. Так што пакуль даводзіцца шукаць нас у бурлівых вірах кароткахвалёвага эфіру. Што б тут можна было параіць? Я адразу папрашу прабачэньня ў людзей добра абазнаных у праблемах дальняга прыёму. Мае парады адрасаваныя звычайнаму слухачу. Улічваючы эканамічную недаступнасьць заходніх прафэсійных ці паўпрафэсійных прыймачоў, найлепшымі ў нашых умовах надалей застаюцца старыя Акіяны, ВЭФы і адобныя ім прыймачы з расьцягнутымі дыяпазонамі кароткіх хваляў (25, 31, 41 і 49 мэтраў). Лепшыя, вядома, тыя, што могуць сілкавацца ад электрасеткі - ня трэба траціцца на батарэйкі. Вось жа, найперш трэба добра азнаёміцца з раскладам і частотамі нашых праграмаў - і паспрабаваць злавіць наш сыгнал на ўсіх частотах. (Падрабязны расклад я прадыктую праз хвіліну, можаце падрыхтаваць чым і на чым пісаць). Рэч у тым, што ў розны час на розных частотах якасьць прыёму розная - трэба для кожнай праграмы выбраць адну-дзьве лепшыя частаты і запомніць іх. Вядома, на якасьць прыёму кепска ўплывае блізкасьць уключаных электрапрыбораў, а ў вялікім горадзе - прамысловыя прадпрыемствы ці, прыкладам, тралейбусныя ля лініі. Таму часам мае сэнс паспрабаваць перанесьці прыймач у іншы пакой - наагул пашукаць месца ў доме, дзе чутнасьць найлепшая. А вось наш расклад. Для тых, у каго шкала прыймача расьпісаная ў мэтрах, падаю таксама даўжыню хвалі ў мэтрах: ПЕРШАЯ ВЕЧАРОВАЯ ПЕРАДАЧА 18.00-19.30 паводле менскага часу 6000 кгц (50.00 м)
6170 кгц (48.62 м)
7155 кгц (41.93 м)
9615 кгц (31.20 м) ДРУГАЯ (АБНОЎЛЕНАЯ) ВЕЧАРОВАЯ ПЕРАДАЧА 22.00-23.30 паводле менскага часу 6010 кгц (49.92 м)
6025 кгц (49.79 м)
6170 кгц (48.62 м)
7155 кгц (41.93 м) РАНІШНЯЯ ПЕРАДАЧА (ПАЎТОР ПЕРШАЙ ГАДЗІНЫ ДРУГОЙ ВЕЧАРОВАЙ ПЕРАДАЧЫ) 6.00-7.00 паводле менскага часу 5995 кгц (50.04 м)
7275 кгц (41.24 м)
7295 кгц (41.12 м)
9750 кгц (30.77 м) Цяпер пра тое, як слухаць нас на сярэдніх хвалях. Ад сярэдзіны сьнежня - ужо амаль два месяцы - нашыя праграмы рэтрансьлюцца на сярэдняй хвалі 521 мэтар (частата 576 кілягерц) празь перадатчык, разьмешчаны ў Рызе. На жаль, дзеля недастатковай магутнасьці і далёкасьці перадатчыка, чутнасьць на гэтай хвалі пакуль далёкая ад ідэалу. Аднак, па-першае, гэта наагул першая гэткая спроба, а па-другое - усё ж такі шмат дзе ў Беларусі нас можна слухаць на гэтай сярэдняй хвалі, пра што сьведчаць лісты нашых слухачоў з розных куткоў Беларусі. Што можна параіць тым, хто хоча слухаць нас на сярэдніх хвалях? Найперш трэба зазначыць, што перадаваньне на сярэдніх хвалях можа забясьпечыць значна большае кола слухачоў - усё ж сярэднія хвалі маюць практычна ўсе пабытовыя прыймачы. Па-першае - як нас знайсьці на сярэдніх хвалях чалавеку, які не абазнаны ў тэхнічных дэталях і тэрміналёгіі? Практыка паказала, што найлепш чутна нашая другая вечаровая праграма. Значыць, а 10 гадзіне вечара пераключыце свой прыймач на дыяпазон сярэдніх хваляў. Пры гэтым не забывайцеся, што ўключаны тэлевізар, кампутар, або, прыкладам фэн для сушэньня валасоў, значна зьменшыць вашыя шанцы на добры прыём. Цяпер паспрабуйце знайсьці радыёстанцыю Маяк на хвалі 546 мэтраў (частата 549 кілягерцэў) - знайсьці яе лёгка - яна мае вельмі моцны сыгнал, бо рэтрансьлюецца ў Беларусі. Дык вось, калі цяпер асьцярожна круціць настройку ў бок да сярэдзіны дыяпазону, дык трэцяя станцыя ад Маяка мусіць быць нашая. Яе можна лёгка пазнаць па беларускай мове. Як толькі вы яе злавілі - паспрабуйце павольна паварочваць прыймач вакол вэртыкальнай восі - як компас - пакуль не намацаеце найлепшую чутнасьць. Гэтую апэрацыю варта паўтарыць у розных пакоях. Вось і ўсё. Добрага вам прыёму. На заканчэньне я хацеў падзякаваць усім, хто падзяліўся з намі сваімі ўражаньнямі ад якасьці прыёму нашых перадачаў. Каштоўную тэхнічную інфармацыю, якую я выкарыстаў пры падрыхтоўцы перадачы, даслалі нам Зьміцер Канапацкі (в. Дзятлавічы Лунінецкага раёну), Віктар Пузанаў (Масква), Аляксанда (Магілеў), Уладзімер Крук (Менск), Анатоль Анціпаровіч (Кобрын), Раман Салаўян (Віцебск), Аляксандар Васілевіч Ціханаў (Глуск), В. Акуліч (Мазыр), Іван Савіч (в. Багданаўка, Луніненцкага р-ну), Аляксандар Высоцкі (Мядзел) ды іншыя, прабачце, калі не згадаў вашыя імёны. Шмат хто з вас просіць пацьвердзіць рапарты аб прыёме нашых перадачаў адмысловай карткай-пацьверджаньнем QSL. На жаль, нашае радыё ўжо даўно перастала дасылаць радыёаматарам карткі QSL, але беларуская рэдакцыя пастанавіла падрыхтаваць свае адмысловыя карткі і неўзабаве яны будуць высланыя ўсім, хто аб іх прасіў. Нагадаем, што карткай QSL пацьвярджаецца рапарт аб пб прыёме, у якім трэба пазначыць дату й час прыёму праграмы, частату або даўжыню хвалі, інфармацыю пра якасьць прыёму (тыя, хто ведае - г.зв. SINPO кодам, хто ня ведае - у адвольнай форме). Каб забясьпечыць дакладнасьць інфармацыі - падайце кароткі зьмест слуханай вамі праграмы.