Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН АБВЕСЬЦІЎ СКЛАД НОВАГА ЎРАДУ


Юры Дракахруст, Прага

Склад новага ўраду Расеі быў абвешчаны за 5 дзён да выбараў. Учорашнім рашэньнем Пуцін прадэманстраваў сваю ўпэўненасьць у перамозе. Паводле Канстытуцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ранейшы ўрад у любым выпадку сыходзіць у адстаўку. Аднак Уладзімер Пуцін патлумачыў, што калі ён будзе пераабраны 14 сакавіка, перапрызначэньне ўраду будзе мець чыста тэхнічны характар і ніякіх зьменаў у параўнаньні з учорашнім днём у складзе ўраду не адбудзецца.

Адпраўляючы ў адстаўку Міхаіла Касьянава прэзыдэнт Расеі заявіў, што хоча складам новага ўраду паказаць расейцам прыярытэты сваёй палітыкі на будучыню.

Найбольш гучнай зьменай ў складзе ўраду сталася адстаўка Ігара Іванова. Кіраўніком расейскага МЗС прызначаны Сяргей Лаўроў – вэтэран расейскай дыпляматычнай службы, які апошнія 10 гадоў быў прадстаўніком Расеі ў ААН.

Прафэсіяналізм і міжнародны аўтарытэт Лаўрова не выклікаюць сумневаў, аднак паводле экспэртаў гэтая замена не азначае зьменаў у зьнешняй палітыцы Масквы. Гаворыць дырэктар расейскага інстытуту палітычных дасьледваньняў Сяргей Маркаў.

(Маркаў: ) “Зьмена расейскіх міністраў замежных справаў не прывядзе да зьмены расейскай зьнешняй палітыкі. Адзін кар’ерны дыплямат – Ігар Іваноў заменены іншым кар’ерным дыпляматам – Сяргеем Лаўровым. Гэта азначае, што зьнешняя палітыка Расеі застаецца палітыкай прэзыдэнта, які выпрацоўвае яе ў сваім штабе, разам са сваімі бліжэйшымі дарадцамі. Сяргей Лаўроў ня мае нейкай ўласнай палітычнай лініі. Ён дыпляматычны тэхнакрат”.

Бадай, больш значнымі сталі зьмены самай структуры расейскага ўраду. Колькасьць міністэрстваў зьменшылася амаль удвая – з 30 да 17, Міністэрства ядзернай энэргетыкі сталася часткай міністэрства абароны, міністэрства друку ўлілася ў міністэрства культуры.

“Відавочна праглядаецца спроба прабіць гэтую бюракратычную сьцяну,” – гэтак ацэньвае зьмест ўрадавай рэформы супрацоўнік расейскага інстытуту палітычных ацэнак Аляксандар Канавалаў.

Кіраўніком апарату ўраду стаў былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітры Козак – давераная асоба Ўладзімера Пуціна з часоў працы ў Санкт-Пецярбургу. Паводле назіральнікаў гэтае прызначэньне сьведчыць пра намер ўсталяваць жорсткі кантроль над ўрадам з боку адміністрацыі прэзыдэнта.

У новым складзе ўраду захавалі пасады чыноўнікі, якія маюць рэпутацыю прыхільнікаў лібэральных рэформаў: Віктар Хрыстэнка, Герман Грэф, Аляксей Кудрын.

Скарачэньне апарату ўраду адбілася і на колькасьці першых віцэ-прэм’ераў – іх было 6, цяпер – толькі адзін. Гэтую пасаду заняў Аляксандар Жукаў – эканаміст зь лібэральнымі поглядамі, адзін з кіраўнікоў партыі “Едіная Россія”, які да гэтага часу быў першым віцэ-сьпікэрам Дзярждумы.

Дарэчы, падчас нядаўняга газавага канфлікту зь Беларусьсю менавіта Жукаў надзвычай рэзка выступаў з асуджэньнем палітыкі Менску. Выступаючы па РТР, ён назваў заявы Аляксандра Лукашэнкі “палітычным бязьмежжам і спэкуляцыяй”, падкрэсьліў, што ў той час, як “Расея рушыць у бок рынкавай эканомікі, Беларусь – у бок камандна-адміністрацыйнай”. Цяпер гэты палітык стаў другой асобай у расейскім урадзе.
XS
SM
MD
LG