Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙЦЫ ЛІЧАЦЬ ЗША БОЛЬШАЙ ПАГРОЗАЙ, ЧЫМ ІРАК


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Апытаньне называлася “Ірак і мір ва ўсім сьвеце”. У ім бралі ўдзел больш як 7,500 рэспандэнтаў усіх краінаў Эўразьвязу (прыкладна па 500 чалавек у кожнай краіне).

Сярод зададзеных ім 11 пытаньняў, што пераважна тычыліся вайны ў Іраку і яго пасьляваеннай рэканструкцыі, было і пытаньне пра краіну, якая найболей пагражае міру ў сьвеце.

У анкеце былі пазначаныя 12 суб’ектаў – ЗША, Эўразьвяз, Расея, Паўночная Карэя, Іран, Ірак, Афганістан, Ізраіль, Пакістан, Індыя, Самалі. Гэта тыя краіны, якія ці самі зьяўляюцца крыніцамі напружанасьці ці ўдзельнічаюць актыўна ў іх разьвязаньні. Мэта відавочная – кіраўніцтва Зьвязу і дыпляматы ў сваёй працы ня маюць права ня ўлічваць грамадзкую думку.

Чаму менавіта гэтыя краіны у вачох эўрапейцаў найболей небясьпечныя дзеля міру? Што тычыцца Паўночнай Карэі і Ірану, то адказ літаральна ляжыць на паверхні – апошнім часам шмат пішацца і гаворыцца пра іхныя ядзерныя праграмы.

Пагрозу міру ў Злучаных Штатах бачаць 53% апытаных. Таксама нічога дзіўнага, бо 63% эўрапейцаў лічаць, што ўварваньне ў Ірак войскаў кааліцыі на чале з ЗША, было нематываваным. Вось толькі цікавая акалічнасьць, што ў Вялікай Брытаніі – саюзьніцы ЗША – болей людзей лічаць ЗША пагрозай міру, чым у Францыі і Нямеччыне, чыі ўрады выступалі супраць гэтай вайны.

Чаму Ізраіль эўрапейцы палічылі найболей небясьпечнай дзяржавай? Мяркую, што адказ на гэтае пытаньне яшчэ будуцуь шукаць палітолягі і дыпляматы. У афіцыйнай заяве, пашыранай амбасадай Ізраілю ў Брусэлі, сказана, што ўрад краіны абураны такімі вынікамі. Але абураныя яны не паспалітымі эўрапейцамі, а тымі, хто фармуе грамадзкую думку ў краінах Эўропы і перадусім, зь гледзішча амбасады, неаб’ектыўнымі рэпартажамі зь Блізкага Ўсходу.

На думку ізраільскіх дыпляматаў, на вынікі апытаньня паўплывала тое, што менавіта ў гэты пэрыяд адбывалася абмеркаваньне пытаньня будаўніцтва гэтак званай сьцяны бясьпекі на Заходнім беразе Ярдану, што ізраільскі ўрад адмовіўся ад “мірнай дамовы”, заключанай ізраільскім і палестынскім апазыцыйнымі рухамі, а таксама крытыка Ізраілем пазыцыі Эўразьвязу на Блізкім Усходзе.

Міністар у справах Габрэйскіх абшынаў у дыяспары Натан Шчаранскі выказаўся болей рэзка. Ён сказаў, што за “палітычнай крытыкай Ізраілю” праглядаецца звычайны антысэмітызам, калі ўсе беды сьвету ўскладаюцца на габрэяў.

Кіраўнікі Эўрапейскага Зьвязу таксама ўбачылі тэндэнцыйнае стаўленьне да габрэяў і асудзілі гэта. Кіраўнік Эўракамісіі Рамана Продзі заявіў, што вынікі апытаньня не адлюстроўваюць пункт гледжаньня Эўракамісіі.

Сільвіё Бэрлюсконі, прэм’ер-міністар Італіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, сказаў кіраўніку ізраільскага ўраду Арыэлю Шарону, што вынікі апытаньня выклікалі ў яго зьдзіўленьне і абурэньне. Аднак назіральнікі выказваюць засьцярогу, што калі эўрапейскія дыпляматы не пагодзяцца з вынікамі апытаньня, то ўзьнікнуць сур’ёзныя разыходжаньні ў меркаваньнях палітыкаў і паспалітых грамадзянаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG