Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТУРЭЧЧЫНА ЗЬБІРАЕЦЦА ПАСЛАЦЬ СВАЕ ВОЙСКІ Ў ІРАК


Юры Дракахруст, Прага

Учора пасьля пяцігадзіннага пасяджэньня ўрад Турэччыны прыняў рашэньне задаволіць просьбу Злучаных Штатаў і накіраваць у Ірак войскі. Чакаецца, што заўтра гэтую прапанову разгледзіць турэцкі парлямант.

Прадстаўнікі ўрадавай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця маюць устойліваю большасьць у парляманце, але і сярод іх шмат хто выступае супраць накіраваньня войскаў у Ірак, перасьцерагаючыся, што там яны стануць ахвярамі нападаў.

Апазыцыйная Народная рэспубліканская партыя абвінавачвае ўрад у здрадзе нацыянальным інтарэсам, апазыцыя прыгадвае, што ў мінулым месяцы ЗША прапанавалі Турэччыне дапамогу ў памеры амаль 9 мільярдаў даляраў у абмен на дапамогу ў справе стабілізацыі ў Іраку.

Турэцкі ўрад імкнецца палепшыць стасункі з Вашынгтонам, якія істотна пагоршыліся напярэдадні вайны ў Іраку. Тады турэцкі парлямант адмовіўся даць дазвол на разгортваньне войскаў кааліцыі ў Турэччыне. У выніку амэрыкана-брытанская кааліцыя была вымушаная весьці наступ толькі з поўдня Іраку.

Как забясьпечыць падтрымку сваёй прапановы, урад Турэччыны жорстка абмяжоўвае меркаваны тэрмін знаходжаньня турэцкіх войскаў у Іраку. Гаворыць міністар юстыцыі Турцыі Кэміл Чычэк

(Чычэк: ) “Турэцкія салдаты застануцца там на працягу году, такі тэрмін іх знаходжаньня мы прапаноўваем парляманту. Мы не застанемся там назаўжды. Хацелася бы спадзявацца, што мір і спакой будуць усталяваныя ў Іраку як мага хутчэй і гэта дазволіць нам сысьці нават раней.”

Паводле папярэдняй інфармацыі Турэччына можа накіраваць у Ірак да 12 тысячаў салдатаў, турэцкі кантынгэнт станецца трэцім па памеры сярод усіх сілаў кааліцыі ў Іраку (пасьля 130 тысячаў амэрыканскіх і 20 тысячаў брытанскіх вайскоўцаў).

Шэраг усходнеэўрапейскіх краінаў ужо накіравалі ў Ірак свае войскі, але гэтыя кантынгэнты занадта малалікія, каб істотна паўплываць на сытуацыю ў пытаньні бясьпекі. Да таго ж дзярждэпартамэнт ЗША нядаўна прызнаў, што больш не спадзяецца на тое, каб прыцягнуць да апэрацыяў у Іраку войскі з Індыі і Пакістану. Дэлі і Ісламабад гатовыя накірваць у Ірак свае сілы толькі паводле мандату ААН.

У абмен на згоду Турэччыны ўзяць удзел у апэрацыях у Іраку Вашынгтон пагадзіўся пачаць дзеяньні супраць Курдзкай рабочай партыі, курдзкай групоўкі, якая ў свой час змагалася з турэцкімі ўладамі, напрыканцы 1990-х гадоў большасьць яе байцоў перасунуліся у курдзкія раёны Іраку. ЗША лічаць Курдзкую рабочую партыю тэрарыстычнай арганізацыяй.

Дарэчы, супраць прысутнасьці турэцкіх войскаў у Іраке выступаюць тыя курдзкія арганізацыі, якія супрацоўнічаюць зь сіламі кааліцыі. Турэцкі ўрад заяўляе, што зьбіраецца накіраваць войскі ў Ірак ня толькі дзеля таго, каб палепшыць адносіны з Вашынгтонам, але ў першаю чаргу зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Турцыі. Турэцкі міністар юстыцыі Кэміл Чычэк, прынамсі, заявіў.

(Чычэк: ) “Праблема Іраку тычыцца ўсіх краінаў. Але нас яна тычыцца ў найбольшай ступені, бо любое разьціцьцё падзеяў – станоўчае ці адмоўнае, адаб’ецца на Турэччыне хутчэй і мацней, чым на любой іншай краіне. Мір, спакой і стабільнасьць у Іраку станоўча паўплывае на нашую сытуацыю. І наадварот, хаос і забурэньні ў Іраку будуць мець нэгатыўны ўплыў на Турэччыну, пачынаючы з нашай індустрыі турызму.”
XS
SM
MD
LG