На пачатку артыкулу Ізабэль Лясэр цытуе словы Сэтара Джабара, аднаго з кіраўнікоў асацыяцыі вязьняў былога рэжыму. “Куды падзелася Францыя, што абараняла свабоду? – гаворыць Джабар. – Вы ледзь не сарвалі амэрыканскае ваеннае ўмяшальніцтва”.
Журналіст “Фігаро” адзначае і абурэньне іракцаў, зьвязанае з адсутнасьцю бясьпекі, адключэньнем электрычнасьці, чэргамі на запраўках і прамаруджваньнем з фармаваньнем новага ўраду. Аднак гэта, паводле “Фігаро”, не ператвараецца ў антыамэрыканскія настроі.
“Мы выходзім з танэлю, нашыя вочы яшчэ не прызвычаіліся да сьвятла. Амэрыканцы з бляскам выйгралі вайну, зараз ім трэба выйграць мір і дапамагчы нам узяць свой лёс у свае рукі”, – сказаў журналісту каталіцкі сьвятар Томас Юсуф.
Пасьля падзеньня рэжыму ў артыстычнай кавярні ў Багдадзе поўна людзей, мастакі, паэты, акторы абмяркоўваюць будучыню краіны. “Няма сьвятла, працягваюцца рабаўніцтвы, – гаворыць паэт Насэр Хасан. – Аднак галоўнае – мы вызваліся ад Садама. Упершыню ў нас ёсьць будучыня”. Абодва дзядзькі Хасана, камуністы, былі расстраляныя пры Хусэйне.
Францускай журналістцы даводзіцца чуць ад гэтага багдадца горкія словы: “Дзе былі арганізатары антываенных дэманстрацыяў у Эўропе, калі Садам саджаў нас у турмы і забіваў? Эўрапейскія пацыфісты асьлеплі ад антыамэрыканізму. Але ў выніку вайны загінула значна менш людзей, чым ад рэпрэсіяў партыі Баас. Эўрапейскія журналісты хочуць, каб мы казалі ім, як ненавідзім амэрыканцаў і не хацелі вайны. Але гэта няпраўда”, – казаў Насэр Хасан.
Паводле назіраньняў карэспандэнткі “Фігаро”, у Багдадзе ізноў адчыняюцца школы і ўнівэрсытэты, пашыраецца вулічны гандаль, на кожным рагу прадаюцца тэлевізійныя антэны. Іракцы адкрываюць для сябе мір.
Сьвятар Томас Юсуф гаворыць, што пры Садаме нават шасьцігадовае дзіця ведала, што ёсьць дзьве мовы: адна – мова дзяржаўнага тэлебачаньня, іншая – якой бацька, прыйшоўшы з працы, праклінае мінулы дзень. “Народ, які так доўга жыў у двух сьветах, няпроста загнаць у пастку”, – мяркуе Юсуф.
Людзі з досьведам жыцьця пад дыктатурай пазбаўленыя наіўнасьці. “Зразумела, амэрыканцы кіруюцца сваімі інтарэсамі. Але цяпер іх інтарэсы супадаюць з інтарэсамі іракцаў, – падкрэсьлівае паэт Насэр Хасан і дадае: Калі яны пачнуць замяняць дыктатуры дэмакратыямі, гэта будзе добра”.
Наступным суразмоўцам журналісткі зь “Фігаро” стаў Аднан Міншэд, сябра кампартыі, якая зараз, пасьля доўгіх гадоў дыктатуры, упершыню выйшла з падпольля. Мішнэд адзначае, што камуністы былі супраць амэрыканскай апэрацыі да яе пачатку. “Але зараз гэтая пазыцыя стала нерэалістычнай”, – дадае камуніст. Ён гаворыць, што быў шакаваны сяброўствам паміж расейскім камуністам Генадзем Зюганавым і Садамам Хусэйнам. Цяпер Аднан Мішнэд упэўнены, што вайна была неабходная для ўсталяваньня ў Іраку дэмакратыі. Ён спадзяецца, што амэрыканцы застануцца ў краіне дастаткова доўга, каб у Іраку ўсталявалася стабільнасьць.