Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ МАЕ ЎРАЖАНЬНЕ, ШТО ВІЗУ ЦЯПЕРАШНЯМУ КІРАЎНІКУ ЕЙНАЕ ГРУПЫ Ў МЕНСКУ НЕ ПРАЦЯГНУЦЬ


Юры Сьвірко, Менск

Напярэдадні сёньняшняй сустрэчы зь беларускім міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым дэлегацыя адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф заявіла, што галоўным пытаньнем цяперашняга візыту ў Менск ёсьць разьвязаньне праблемы з кіраўніком групы АБСЭ ў Беларусі.

Пасьля сустрэчы беларускае МЗС зноў заявіла, што мандат гэтай групы мусіць быць перагледжаны. Аднак дэпутатка парлямэнту Латвіі Хэлена Дэмакава, якая разам з Утай Цапф сустракалася зь міністрам Хвастовым, распавяла:

(Дэмакава: ) “Ён пра мандат нават не казаў. Ён казаў: навошта гэта закранаць, гэтае пытаньне няважнае. І, вядома, непрыязь вялікую выказаў да гэтай групы”.

Спадарыня Дэмакава атрымала ад сустрэчы зь Міхаілам Хвастовым ўражаньне, што Эндру Карпэнтэр, які цяпер ачольвае групу АБСЭ ў Менску й віза якога скончыцца 1 чэрвеня, новай візы не атрымае. Думку Хэлены Дэмакавай падзяляе й прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ Луіш Кабасу.

(Кабасу: ) “Гэта й нашае ўражаньне таксама”.

Аднак на пытаньне пра новую візу для спадара Карпэнтэра кіраўнік беларускае дыпляматыі ніякага адказу ня даў, зазначае спадарыня Дэмакава.

(Дэмакава: ) “Па сутнасьці, не было адказу. Толькі вось — што да Беларусі нейкія падвойныя стандарты ўжываюцца. І чаму, напрыклад, да Туркмэністану няма й гэтак далей. І чаму закрылі гэтыя місіі АБСЭ ў Латвіі ды Эстоніі. І ўвесь час — старая песьня”.

Нагадаю, што міністар Хвастоў нядаўна вярнуўся з Туркмэністану, дзе разам з Аляксандрам Лукашэнкам шмат казаў пра сяброўства з Туркмэнбашы. Аднак туркмэнскіх прадстаўнікоў на сёньняшняй сустрэчы не было, а вось парлямэнтарка з Латвіі была вымушаная наўпрост слухаць крытыку на адрас сваёй краіны, дзе, паводле Міхаіла Хвастова, шмат праблем. Хэлена Дэмакава была гэтым моцна абражаная:

(Дэмакава: ) “Ён увогуле такі тып, вельмі такі недыпляматычны. Ён амаль увесь час адзін гаварыў і ўвесь час Уту Цапф перабіваў”.

Спадарыні Дэмакавай я задаў пытаньне, чым яна можа патлумачыць такія паводзіны беларускага міністра.

(Дэмакава: ) “Ну, я думаю, што гэта ягоная палітыка. Ягоная палітыка — дасягнуць міжнароднага, то бок эўрапейскага прызнаньня Беларусі. Гэта ягоная мэта. Ягоная мэта — не дэмакратызацыя Беларусі”.

А партугальскі дыплямат, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі Луіш Кабасу сказаў пра сёньняшнія заявы міністра Хвастова наступнае:

(Кабасу: ) “Мяч не на нашым полі. Мяч на беларускім баку. Таму нам трэба пачакаць і пабачыць тое, што яны зробяць, а потым рэагаваць на тое, што яны зробяць”.

Спадар Кабасу даў зразумець, што АБСЭ не дазволіць выкінуць Эндру Карпэнтэра зь Беларусі гэтак сама, як ягонага папярэдніка Мішэля Рывалье:

(Кабасу: ) “Калі віза ня будзе працягнутая, калі з Карпэнтэрам адбудзецца тое самае, што з Рывалье, нам трэба будзе зрабіць пэўныя дзеяньні”.

А вось галоўная выснова пасьля менскага візыту сяброўкі рабочае групы ПА АБСЭ Хэлены Дэмакавай:

(Дэмакава: ) “У мяне ўсё ўражаньне такое, што нічога не палепшылася зь мінулага разу. Добра, Клімава выпусьцілі зь вязьніцы. Але што да гэтых канкрэтных чатырох крытэраў і гэтак далей — нібыта вельмі шмат добрай волі на словах, але на фактах нічога ня зроблена. Толькі зьявіліся яшчэ праблемы з гэтай місіяй АБСЭ”.

Зрэшты, эўрапейскія дыпляматы мяркуюць, што праблема з групай АБСЭ ў Менску дазволіць кансалідаваць міжнароднае стаўленьне да Беларусі. Гаворыць Луіш Кабасу, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ:

(Кабасу: ) “Але тое, што мы сапраўды хочам рабіць як дзейны старшыня, — гэта прыцягнуць усе міжнародныя арганізацыі, якія маюць справу зь Беларусьсю й маюць інтарэс да Беларусі, — гэта ня толькі Эўрапейскі Зьвяз, але й Рада Эўропы ды іншыя, — а таксама тыя краіны-сябры АБСЭ, якія не ўваходзяць у гэтыя арганізацыі. Тое, што мы спрабуем рабіць, — гэта атрымаць скаардынаваны падыход”.
XS
SM
MD
LG