Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER ALLGEMEINE”: “САЛЯНА ПАЦЯРПЕЎ ПАРАЗУ Ў ЛУКАШЭНКАВАЙ ПРЫЁМНАЙ”


Ул. інф.

Як піша "Frankfurter Allgemeine", праўдападобна, што аўтарытарны прэзыдэнт Лукашэнка выбраў правільны шлях у справе разбурэньня і без таго хісткага моста паміж Беларусьсю і Захадам. Размова ідзе пра дачыненьні Менску з такімі структурамі, як Эўразьвяз, Рада Эўропы і АБСЭ.

Як заявіў беларускі лідэр у сваім нядаўнім пасланьні да парлямэнту, "стасункі з гэтымі інстытутамі трэба перагледзець". Гэтыя стасункі, дарэчы, і без таго больш чым напружаныя: з самага пачатку году місія АБСЭ ў Менску працуе без кіраўніка. Паводле "Frankfurter Allgemeine", пасьля сканчэньня тэрміну працы былога кіраўніка місіі Віка беларускі бок, настойваючы на зьмене мандату групы, імкнецца трымаць саму місію нібыта на ланцугу. У аўторак беларускі лідэр пайшоў яшчэ далей, заявіўшы: "Настаў час, каб місія увогуле сыходзіла".

Відавочна, Лукашэнка імкнецца вытрымліваць сваю жорсткую лінію як супраць Захаду, так і супраць апазыцыі, чыіх сябраў ён называе не інакш як аплочанымі агентамі Заходняй Эўропы і ЗША. Напрыканцы мінулага тыдня беларускі лідэр кінуў каля 500 міліцыянтаў асобага фармаваньня на падаўленьне 350 апазыцыянераў, удзельнікаў акцыі "Так жыць нельга!" Сотня маніфэстантаў была дастаўленая ў пастарунак, дзясяткі пакараныя штрафамі ці пазбаўленьнем волі на 15 сутак. Удзельнікі дэманстранцыі выстаўлялі ўсяго толькі сацыяльныя патрабаваньні: напрыклад, патрабавалі падвысіць пэнсіі і стыпэндыі.

Назваўшы ўдзельнікаў гэтай акцыі "адмарозкамі", Лукашэнка заявіў, што ўсё рабілася дзеля таго, каб дыскрэдытаваць яго напярэдадні сустрэчы Пуціна і Буша ў траўні ў Маскве. Карэспандэнта расейскага НТВ, які аб'ектыўна асьвятляў дэманстрацыю з усімі затрыманьнямі, Лукашэнка папярэдзіў: "Калі ён так будзе рабіць далей, ён у Беларусі працаваць ня будзе!"

У штаб-кватэры АБСЭ ў Вене пакуль што не гатовыя гаварыць пра тое, як надалей будуць дзейнічаць у дачыненьні да афіцыйнага Менску. Тыдзень таму выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ у Менску Рывалье вымушаны быў пакінуць Менск, бо беларускія ўлады не працягнулі яму візу. Місія АБСЭ ўжо даўно стала для Лукашэнкі бяльмом на воку. Пераемнік Віка, нямецкі дыплямат Эбэргард Гайкен, на працягу некалькіх месяцаў так і ня быў акрэдытаваны Менскам у якасьці кіраўніка місіі АБСЭ. Калі АБСЭ прызначала яго адмысловым пасланьнікам, Менск рашуча запратэставаў. Цяпер Гайкен, які, адрозна ад Віка, мае рэпутацыю больш гнуткага чалавека, вядзе ў Вене перамовы зь беларускім бокам, каб нейкім чынам ліквідаваць перашкоды на сваім шляху.

Тое, што праца амбасадара АБСЭ ня можа рабіцца ў былым фармаце, Менск падкрэсьлівае пастаянна. Як піша "Frankfurter Allgemeine", беларускі бок у любым выпадку шукае шляхі, каб пазбавіць місію яе самастойнасьці.

Пасьля фактычнай высылкі зь Менску Рывалье, Сталая Рада АБСЭ вырашыла прасіць у ЭЗ, каб ён стаў пасярэднікам у гэтай складанай сытуацыі. Міжнародны пасланьнік ЭЗ Саляна патэлефанаваў на мінулым тыдні Лукашэнку. Аднак беларускі лідэр даў загад сваім сакратарам, каб тыя перадалі Саляну, што ў гэтым выпадку трэба зьвяртацца да адпаведнага міністра, — піша "Frankfurter Allgemeine".
XS
SM
MD
LG