Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАХАНЬНЕ ЗА ТАЛІБАМІ


Кастусь Бандарук, Прага

Студэнт пятага курсу мэдыцыны Наджыб – шыкоўна апрануты, з оксфардзкім акцэнтам – носіць з сабой здымак сяброўкі. Ён закаханы. Наджыб мае ключы ад трох пустых сталічных кватэраў, і ён ня толькі сустракаецца са сваёй дзяўчынай, але й прымае там такіх жа маладых людзей са сваімі сяброўкамі.

Нельга сказаць, што адхіленьне талібаў ад улады выклікала сэксуальную рэвалюцыю ў Афганістане. Амаль усе афганцы бяруць шлюб у выніку сямейнага дагавору, а ў многіх плямёнах могуць пакараць сьмерцю маладую, якая ў шлюбную ноч не была цнатлівай.

Затое ў вялікіх гарадох, такіх як Кабул, пасьля гадоў рэпрэсіяў людзі з палёгкай успрынялі подых свабоды. Талібы ўвялі жорсткія правілы ў галіне сэксу, і для некаторых гэта было невыносна. Лекары і псыхолягі з псыхіятрычнага шпіталю ў Кабуле лічаць, што разьбітае сэрца нэгатыўна ўплывала на здароў’е 40% іхных пацыентаў. “Каханьне неабходнае, як кісларод і вада для жыцьця”, – кажа доктар Агад Авара.

Талібы ўжывалі шэраг спосабаў дзеля ўтаймаваньня любоўных жарсьцяў. Апранутыя ў чорныя турбаны спэцыяльныя паліцыянты зь Міністэрства ўкараненьня цноты і барацьбы са злом праводзілі вулічныя рэйды. Яны лавілі пары, якія не даводзіліся адно аднаму супругамі ці сваякамі. Нават тых, хто вёў надта разьняволеную размову, яны арыштоўвалі й саджалі ў турму. Абвінавачаных у чужаложніцтве або ў прастытуцыі публічна калечылі або прысуджвалі да сьмерці.

Аднак афганцы абыходзілі ўсе забароны. 25-гадовы студэнт мэдыцыны Джавід пазнаёміўся са сваёй сяброўкай Нуры тры гады таму ў краме, выпадкова наступіўшы ёй на нагу. Маладыя моцна баяліся, але вырашылі хлусіць, што яны брат і сястра.

Іншы студэнт, 22-гадовы Латыф кажа, што ён набіраў выпадковыя тэлефонныя нумары, спрабуючы трапіць на жанчыну. Калі суразмоўцай аказвалася дзяўчына, якая падтрымлівала размову, гэта азначала, што яна ня супраць бліжэй пазнаёміцца з мужчынам. Гэткім чынам Латыф дамовіўся і таемна сустрэўся з жонкай таксыста, калі той працаваў.

Жанчыны часта знаходзілі сабе палюбоўнікаў у часе пакупак на базары. Паводле лекаркі Сімы Ўсмані, не зважаючы на паранджу, жанчына мела магчымасьць падаць мужчыне адпаведны сыгнал сваёй паходкай, туфлямі або пахам парфумы.

Нават пры талібах у Кабуле квітнела прастытуцыя. Гэткім чынам тысячы бедных удоваў спрабавалі зарабіць на жыцьцё. 42-гадовая Ома пачала распуснае жыцьцё, калі ў 1990-я гады муджагіды забілі ейнага мужа. Калі талібы арыштавалі ейнага другога мужа, яна пачала жыць са зводніцтва. Яна знаходзіла кліентам адпаведных жанчын, якія дзяліліся зь ёю сваімі сьціплымі прыбыткамі. Ома кажа, што зараз прастытуткі займаюцца сваёй справай больш адкрыта – дарэчы, як і закаханыя.

Для многіх афганцаў свабода прыйшла запозна. У мінулым месяцы тысячы афганскіх студэнтаў пачалі здаваць уступныя экзамэны ў Кабульскі ўнівэрсытэт. Сярод іх была 27-гадовая Назія. Некалі яна была закаханая ў свайго калегу Наіда. Калі талібы забаранілі дзяўчатам вучыцца, яна ніколі болей не сустрэла свайго каханага. “Талібы разьдзялілі нас… Не было нікога прыгажэйшага за яго. Я хачу сустрэць яго і сказаць, што я кахаю яго”, – кажа Назія.

На мінулым тыдні тысячы кабульцаў, сярод іх і жанчыны ў паранджах, выйшлі на вуліцы, каб адзначыць Новы Год – Наўруз. Выглядала, што гэтыя некалькі дзён любоў ажно лунала ў паветры.
XS
SM
MD
LG