Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ГАДЫ АПЭРАЦЫІ НАТО Ў ЮГАСЛАВІІ


Юры Дракахруст, Прага

НАТО пачаў бомбавыя ўдары па Югаславіі, каб прымусіць Бялград спыніць этнічныя чысткі ў Косаве, населеным пераважна альбанцамі. Тагачасны генэральны сакратар НАТО Гаў’ер Саляна заявіў тады, што Паўночнаатлянтычны альянс быў вымушаны ўжыць сілу, бо ўсе спробы дасягнуць урэгуляваньня палітычнымі сродкамі пацярпелі няўдачу з прычыны ўпартасьці югаслаўскіх уладаў. Саляна казаў:

(Саляна: ) “НАТО не ваюе супраць Югаславіі. У нас няма канфлікту з народам Югаславіі, які занадта доўга быў ізаляваны ў Эўропе з прычыны палітыкі яе ўраду. Наша мэта – прадухіліць чалавечыя пакуты, рэпрэсіі й гвалт супраць цывільнага насельніцтва Косава”.

Адной з падставаў пачатку апэрацыі НАТО стала бойня, учыненая 15 студзеня 1999 году ў косаўскай весцы Рачак, ахвярамі якой сталі 45 альбанцаў. Мэр Рачака Фаік Лімані, які ў гэты дзень страціў трох сыноў, казаў тады:

(Лімані: ) “НАТО абараніў нас. Бяз НАТО мы ўсе былі б зьнішчаныя. Жыцьці маіх сыноў – гэта тая цана, якую мы заплацілі за свабоду. Толькі свабода надае сэнс таму, што мы перажылі”.

Апэрацыя НАТО напачатку ўзмацніла рэпрэсіі югаслаўскіх уладаў супраць альбанскага насельніцтва Косава – каля 800 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы і шукаць паратунку ў Македоніі, Альбаніі й Чарнагорыі.

У траўні 1999 году тагачасны галоўны пракурор міжнароднага трыбуналу Луіза Арбур высунула супраць прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча і чатырох яго найбліжэйшых паплечнікаў абвінавачаньне ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

НАТОўская апэрацыя, падчас якой загінулі некалькі соцень грамадзянаў Югаславіі, працягвалася 78 дзён. У чэрвені Бялград пайшоў на саступкі, пры дапамозе расейскіх пасярэднікаў прыняўшы ўмовы міжнароднай супольнасьці. Вайна скончылася. Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю №1244, якая прадугледжвала прысутнасьць сілаў НАТО ў Косаве і перадачу гэтага сэрбскага краю пад кіраваньне міжнароднай адміністрацыі.

Аднак праблемы на гэтым ня скончыліся. Разам зь вяртаньнем ў Косава ўцекачоў-альбанцаў край пакінулі каля 200 тысяч сэрбаў, якія баяліся помсты альбанцаў. Першыя паўгода пасьля прыходу НАТОўскіх міратворцаў у Косава у міжэтнічных канфліктах загінула каля 400 чалавек: сэрбаў, альбанцаў і цыганоў. Міжнародныя міратворцы рабілі ўсё магчымае, каб прадухіліць гэтыя канфлікты, і цяпер іх інтэнсіўнасьць істотна зьнізілася.

Войска вызваленьня Косава – альбанская мілітарызаваная арганізацыя была распушчаная, але сябры гэтай арганізацыі ўзялі ўдзел у двух узброеных канфліктах: у даліне Прэшава на поўдні Сэрбіі і ў Македоніі.

Мясцовыя і парлямэнцкія выбары, што прайшлі ў Косаве пад міжнародным кантролем, прынесьлі перамогу памяркоўнай альбанскай Дэмакратычнай Лізе Косава на чале з Ібрагімам Руговам, партыя былога лідэра Войска вызваленьня Косава Хашыма Тачы атрымала паразу. Косаўскія сэрбы байкатавалі мясцовыя выбары, але ўдзельнічалі ў парлямэнцкіх выбарах і ўвайшлі ва ўрад.

Усе косаўскія альбанскія палітыкі дамагаюцца абвяшчэньня незалежнасьці краю. Аднак і ранейшыя кіраўнікі косаўскай адміністрацыі ААН, і цяперашні – Міхаэль Штайнэр прытрымліваюцца думкі, што гэта калі й адбудзецца, то няхутка. Для гэтага ўсе жыхары краю – і альбанцы, і сэрбы мусяць навучыцца жыць у міры і паразуменьні.

У палітыцы часам выбар даводзіцца рабіць паміж дрэнным і яшчэ горшым. Апэрацыя НАТО 1999 году прадухіліла генацыд альбанскага насельніцтва. Аднак разам з тым міжнародная супольнасьць узяла на сябе адказнасьць прадухіліць дыскрымінацыю косаўскіх сэрбаў з боку ўчорашніх ахвяраў-альбанцаў. Свабоды, пра якую казаў мэр Рачаку Фаік Лімані, нельга дасягнуць коштам несвабоды іншых.
XS
SM
MD
LG