Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯЎЖО Ў ІТАЛІІ ВЯРТАЮЦЦА “ЧЫРВОНЫЯ БРЫГАДЫ”?


Віталь Цыганкоў, Прага

Пяціканцовая зорка, знак італьянскай тэрарыстычнай групоўкі, вядомай як “Чырвоныя брыгады”, была сьпехам намаляваная на доме эканамічнага дарадцы ўраду Італіі Марка Б’яджы, якога забілі ў аўторак каля сваёй кватэры ў цэнтры Балоньі.

51-гадовы Б’яджы быў застрэлены двума невядомымі, якія пад’ехалі да дому на матацыкле. Міністар унутраных справаў Італіі Клаўдыё Скаёла заявіў у сераду, што ў паліцыі ёсьць усе падставы меркаваць, што адказнасьць за гэтае забойства нясе вядомая тэрарыстычная арганізацыя “Чырвоныя брыгады”.

Новае пакаленьне тэрарыстаў узяла сабе гэтае імя вядомай лявацкай групоўкі, што дзейнічала ў 1970-80-я. Першая група пад назвай “Чырвоныя брыгады” была сфармаваная ў 1973 годзе і ажыцьцявіла шэраг выбухаў і палітычных забойстваў, у выніку якіх загінулі дзясяткі палітычных дзеячоў. Безумоўна, самым гучным тэрактам “Брыгадаў” стала выкраданьне й забойства прэм’ер-міністра Італіі Альда Мора ў 1978 годзе.

Як сьцьвярджаюць сьледчыя, няма сумневаў, што Б’яджы быў забіты за тое, што распрацоўваў новае заканадаўства аб працы, якое давала б наймальнікам большыя правы звальняць супрацоўнікаў. Прафсаюзы і левыя партыі рашуча пратэставалі супраць любых зьменаў у існым заканадаўстве, якое фактычна гарантуе работнікам пажыцьцёвую працу. На думку левых, прапановы Б’яджы непазьбежна прывялі б да самавольства з боку кіраўніцтва кампаніяў і арганізацыяў.

Правацэнтрысцкі ўрад Бэрлюсконі паабяцаў правесьці рэформу працоўных дачыненьняў і зрабіць італьянскую эканоміку больш канкурэнтаздольнай. Менавіта гэтае абяцаньне забясьпечыла Бэрлюсконі падтрымку малога бізнэсу на выбарах.

Цяпер італьянцы асьцерагаюцца, што забойства Б’яджы можа азначаць адраджэньне ўнутранага тэрарызму. У сераду па ўсёй краіне тысячы людзей з розных партыяў правялі дэманстрацыі супраць палітычнага гвалту, але таксама і супраць жорсткасьці й разьюшанасьці палітычных спрэчак вакол новага працоўнага заканадаўства.

Міністар эўрапейскіх справаў Рока Бутыглёне заявіў, што Б’яджы забілі людзі, якія хочуць грамадзянскай вайны. Днямі ў італьянскім парлямэнце быў абнародаваны даклад спэцслужбаў, які папярэджвае пра магчымасьць далейшых тэрарыстычных атакаў у адказ на кансэрватыўную палітыку правага ўраду Бэрлюсконі. У дакладзе сказана, што аб’ектамі тэрактаў могуць стаць “палітыкі, прафсаюзныя дзеячы альбо бізнэсоўцы – тыя, хто найбольш зьвязаныя з эканамічнай, сацыяльнай і працоўнай рэформай, асабліва тыя, хто адыграе ключавую ролю ў якасьці экспэртаў альбо кансультантаў”.

Міністар унутраных справаў Італіі Клаўдыё Скаёла паведаміў, што два забойцы Б’яджы, верагодна, выкарысталі тую самую зброю, якой у 1999 годзе быў забіты іншыя ўрадавы дарадца, Масыма Д’антона. Ён таксама працаваў над рэформай працоўнага заканадаўства.

Тым ня менш, прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі заявіў, што ягоны ўрад працягне настойваць на правядзеньні працоўнай рэформы і выказаў спадзяваньне, што прафсаюзы вернуцца за стол перамоваў у імя Марка Б’яджы. Прафсаюзы, аднак, заяўляюць, што будуць па-ранейшаму процістаяць зьменам у працоўным заканадаўстве.

Прафсаюзы вырашылі не адмяняць заплянаваную на суботу ў Рыме антыўрадавую дэманстрацыю, але цяпер яна пройдзе пад лёзунгамі барацьбы супраць тэрору.
XS
SM
MD
LG