Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІН З ГЕНЭРАЛАЎ ПАЎНОЧНАГА АЛЬЯНСУ ПРАГНАЗУЕ НЕПАРАЗУМЕНЬНІ ПАМІЖ ЗША І АФГАНІСТАНАМ


Ігар Карней, Менск

Учора ўпершыню з пачатку антытэрарыстычных дзеяньняў на тэрыторыі Афганістану зьявілася магчымасьць тэлефоннай сувязі паміж Беларусьсю і асобнымі раёнамі Кабулу. Сёньня мы выйшлі на сувязь з адным зь кіраўнікоў Паўночнага Альянсу генэралам Агаі Анварам. На жаль, сувязь па мабільным тэлефоне аказалася ня надта ўстойлівай, таму гутарка не атрымалася цалкам вычарпальнай. Найперш я пацікавіўся, якія захады прымае вайсковае камандваньне Альянсу ў справе вяртаньня людзей да мірнага ладу жыцьця.

(Генэрал Анвар: ) "Зараз мы наўмысна не падцягваем да Кабулу вялікія сілы. Неабходна, каб людзі паступова прызвычайваліся да мірнага ладу. Тыя войскі, якія тут ёсьць — гэта своеасаблівыя спэцатрады для падтрымкі парадку. На жаль, шмат выпадкаў марадзёрства, крадзяжоў. Людзі ня маюць самага элементарнага, таму йдуць на скрайнія меры".

Нягледзячы на тое, што прынамсі ў Кабуле ўжо ёсьць прыкметы цывільнага жыцьця — адноўленая падача электраэнэргіі, адбудоўваецца аэрапорт "Баграм", дазваляецца глядзець кіно і слухаць музыку, мужчынам — галіцца, а жанчынам — зьяўляцца ў людных мейсцах без паранджы, — пэрспэктыва разьвіцьця падобнага сцэнару надалей цалкам неакрэсьленая. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што толькі зараз у Афганістане пачынаецца сапраўдная барацьба за ўладу. І муджагеды, і талібы, і прадстаўнікі розных этнічных групаў адзіныя ў сваім перакананьні, што ніхто не павінен замінаць самім афганцам будаваць ісьлямскую дзяржаву. Генэрал Паўночнага Альянсу Агаі Анвар працягвае:

(Генэрал Анвар: ) "Ня справа ваенных займацца вялікай палітыкай. Але наша задача — захаваць стабільную сытуацыю на пэрыяд стварэньня "лаяджаргі", альбо кааліцыйнага ўраду. Дзеля гэтага ў Кабуле будуць пастаянна знаходзіцца міністар унутраных справаў Юнус Кануні і намесьнік міністра абароны Бер'яні. Я ня ведаю, якія захады надалей можа ўчыніць прэзыдэнт Рабані, але цалкам магчыма, што ў справе далейшага лёсу краіны нешта будзе вырашана ўжо цягам наступнага тыдня, калі ў Боне адбудуцца перамовы Бурханудзіна Рабані і Захір-Шаха".

Генэрал Анвар распавёў, што сёньня ў Афганістане шырока абмяркоўваецца інфармацыя, што трапіла з Пакістану, паводле якой Рабані (дарэчы, тэрмін знаходжаньня ва ўладзе якога скончыўся яшчэ ў 95-ым годзе) назваў папярэднюю сустрэчу з каралём Захір-Шахам простай фармальнасьцю, бо, як ён выказаўся, у адной жанчыны ня можа быць двух мужоў. Такім чынам Рабані дае зразумець, што на афганскай зямлі можа ўладарыць толькі нехта адзін.

Між іншым Агаі Анвар мае мноства папрокаў паводле няўзгодненасьці ў дзеяньнях антыталібскай кааліцыі.

(Генэрал Анвар: ) "Зараз у раёне Кундуза знаходзіцца ў атачэньні болей за 10 тысячаў талібаў. Праз губэрнатара Кундуза яны патрабуюць альбо калідору для выхаду, альбо гатовыя здацца ў палон сілам ААН. Але ў часе перамоўнага працэсу авіяцыя ЗША пряцягвае бамбаваць гэты раён; ёсьць ужо сотні загіблых. Разам з тым Паўночны Альянс супраць прысутнасьці кантынгэнту ААН на тэрыторыі Афганістану. У выніку праблема ня вырашаецца, бо што рабіць з такой колькасьцю палонных — таксама ніхто ня ведае".

Кіраўніцтва ЗША ды шэрагу краінаў НАТО адназначна заяўляюць, што на пераходны пэрыяд у Афганістане абавязкова мусяць знаходзіцца міратворчыя сілы. Але мой суразмоўца генэрал Анвар падкрэсьлівае, што нават удзельнікі антыталібскага супраціву ня выключаюць, што любыя вайсковыя падразьдзяленьні на тэрыторыі Афганістану могуць паўтарыць колішні лёс савецкіх войскаў.


XS
SM
MD
LG