11 верасьня, калі мільёны людзей ва ўсім сьвеце назіралі са зьдзіўленьнем і жахам за тым, як два захопленыя тэрарыстамі самалёты ляцелі наўпрост ва Ўсясьветны гандлёвы цэнтар і яшчэ адзін у Пэнтагон, сьвет раптам стаў выглядаць цалкам інакш, піша брытанскі часопіс «Эконаміст».
На ягоную думку, падзеі 11 верасьня не былі чымсьці такім, чаго нельга было сабе ўявіць, бо нешта падобнае ўтрымлівалася ў працах акадэмічных і вайсковых колаў, прысьвечаных будучым пагрозам, -- але яны былі нечаканымі й выклікала глыбокі шок.
Гэта была дэклярацыя вайны, зробленая калі не словамі, дык дзеяньнем, і вайна сапраўды распачалася з авіяўдарамі супраць Афганістану ад 7 кастрычніка й біятэрарыстычнымі атакамі, выяўленымі ў Амэрыцы прыблізна ў той самы час.
Першая рэакцыя была слушнай: сьвет зьмяніўся. Але што наконт больш глыбокіх, ці прынамсі доўгатэрміновых, зьменаў? Найпрасьцейшы адказ на гэтае пытаньне такі: шмат залежыць ад таго, як далей будзе йсьці вайна. Праз некалькі тыдняў пасьля пачатку бамбаваньня, гэтая кампанія знаходзіцца ўсяго толькі ў сваёй раньняй стадыі.
Значна больш уражвае тое, наколькі мала ўсяго здарылася ў гэтай вайне, а не наколькі шмат. З аднаго боку, гэта добра, а зь іншага – выклікае заклапочанасьць.
Добрае палягае ў тым, што дагэтуль ня спраўдзілася надзея Усамы бін Лядэна на радыкалізацыю мільёнаў мусульманаў з прычыны вайны ў Афганістане. Патэнцыйная заклапочанасьць, якая можа быць заўчаснай або проста нябачнай у гэтай вельмі туманнай вайне, палягае ў тым, што Амэрыка яшчэ не выказала жаданьня рызыкаваць жыцьцямі сваіх жаўнераў дзеля зьвяржэньня рэжыму талібаў ці арышту бін Лядэна ды ягоных тэрарыстаў з Аль-Каіды.
Бамбаваньне аслабіла Талібан, але ні Амэрыка, ні ейныя афганскія саюзьнікі не атрымалі кантроль над значнымі часткамі краіны. Ніводная армія ня хоча сьмерці сваіх жаўнераў, але нельга выключаць наземныя баі, калі Амэрыка наважаная дасягнуць сваіх мэтаў – захапіць або забіць кіраўнікоў Аль-Каіды й зрынуць іхніх талібскіх абаронцаў. Бін Лядэн заявіў, што амэрыканская звышдзяржава насамрэч увогуле ня мае ніякай сілы, таму што ня будзе несьці страты. Пасьля атакі на іхную бацькаўшчыну, амэрыканцы могуць даказаць, што ён ня мае рацыі.
Што яшчэ зьмянілася? Падзелім гэта на тры часткі: тэндэнцыі, якія паскорыліся, пазыцыі, якія сталі больш ясныя, і рэчы, якія або зусім зьмяніліся, або зусім НЕ зьмяніліся.
Галоўнае з таго, што паскорылася, гэта рух у напрамку эканамічнай рэцэсіі ў Амэрыцы, Азіі й Заходняй Эўропе. Гэтае запавольваньне эканомікі было верагодным яшчэ да 11 верасьня, бо выбух мыльнага пузыра высокіх тэхналёгіяў хутка наносіў урон карпаратыўным інвэстыцыям і больш паступова спажывецкім тратам, асабліва ў Амэрыцы, але й ва ўсім сьвеце таксама.
Упэўненасьць ёсьць вырашальнаю, калі прыватныя асобы і кампаніі хочуць траціць свае грошы, таму тэрарыстычныя атакі, натуральна, рэзка пагоршылі становішча. Але ёсьць і сілы, што кампэнсоўваюць гэта: таньнейшая нафта, бо попыт зьмяншаецца, а вытворчасьць яе застаецца на высокім узроўні, большыя выдаткі на бясьпеку і ў будучыні на абарону, і большае жаданьне ўрадаў падвысіць попыт праз грашовую й фіскальную палітыку. Аднак гэтыя пазытыўныя сілы застаюцца слабейшымі, чым нэгатыўныя. Як доўга працягнецца рэцэсія, будзе залежаць найперш ад упэўненасьці, якая ў сваю чаргу залежыць ад вайны.
Другім асноўным паскарэньнем было сталеньне адміністрацыі Джорджа Буша ў Амэрыцы. Усім новым прэзыдэнцкім камандам патрэбны час для ўсталяваньня, і гэтая каманда, вядома ж, не была выключэньнем. Ёсьць шанцы, што да канца бягучага году адміністрацыя знойдзе нейкі балянс паміж яе аднабаковымі, перадусім амэрыканскімі, інстынктамі ды патрэбай працаваць разам зь іншымі краінамі, каб дасягнуць сваіх мэтаў. Іншымі словамі, 11 верасьня не зрабіла раптоўнай зьмены у пазыцыі адміністрацыі Буша – яно паскорыла працэс, які б усё адно адбыўся.
Зь якімі іншымі краінамі можа цяпер працаваць Амэрыка? Адказ – са шмат якімі, прынамсі калі гэта тычыцца прамой задачы ваяваць у Афганістане. Больш цяжка сказаць, якія з гэтых нечаканых альянсаў будуць кароткачасовымі, а якія могуць доўжыцца больш.
Энтузіязм, які прадэманстравала Расея пасьля падзеяў у Амэрыцы, асабліва прыкметны. Часткова гэта можна растлумачыць вузкім уласным інтарэсам у сваёй вайне з мусульманамі ў Чачні. Аднак па-за межамі гэтага – 11 верасьня праліла яркае сьвятло на шырокую паласу супольных інтарэсаў старых супернікаў у халоднай вайне.
Насамрэч нічога не зьмянілася, каб Расея сталася больш гатовай да супрацоўніцтва на Балканах, менш антаганістычнаю наконт пашырэньня НАТО й больш успрымальнай на перамовах вакол ракетнай абароны й дамовы пра супрацьракетную абарону. Гэтыя пазыцыі дагэтуль аспрэчваюцца некаторымі ўплывовамі расейцамі.
Але грунтоўная зацікаўленасьць Расеі ў працы з Захадам, а не ў канфрантацыі зь ім, і амэрыканская зацікаўленасьць у забясьпечаньні гэтай працы сталі лепш бачнымі. Папярэдне тое самае можа быць верным і наконт Ірану: месца для пэўнага супрцоўніцтва было ўжо даўно, але гэта сталася больш ясным пасьля 11 верасьня.
Нарэшце, пра рэчы, якія насамрэч зьмяніліся або насамрэч не зьмяніліся. Зьмянілася становішча ў Паўночнай Ірляндыі. Не зьмяніўся канфлікт на акупаваных тэрыторыях у Ізраілі. Хаця найбольш ясная зьмена адбылася ў дачыненьнях Пакістану з Амэрыкай, і з гэтым – у пэрспэктывах перамоваў зь Індыяй вакол Кашміру.
Яшчэ адну зьмену можна ўбачыць у новым жаданьні Японіі абысьці ейную канстытуцыю і аказаць транспартную дапамогу ў амэрыканскай ваеннай апэрацыі. Гэта можа ня мець значэньня ў гэтай кампаніі, але можа быць вельмі важным у нейкім будучым канфлікце. Гэта можа быць вельмі непрыемна для Кітаю, чые стасункі са Злучанымі Штатамі ёсьць адной з найбольшых рэчаў, якія насамрэч не зьмяніліся. Спрэчкі вакол шпіёнскіх самалётаў прайшлі, і Кітай не выклікаў праблемаў для амэрыканскай апэрацыі ў Афганістане. Але асноўная напружанасьць паміж дзьвюма дзяржавамі вакол Тайваню і зьвязанай зь ім ракетнай абароны застаецца некранутай.