Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЗІРАЕЦЦА ЎСЁ БОЛЬШ ПРЫКМЕТАЎ ЗБЛІЖЭНЬНЯ МАСКВЫ І ВАШЫНГТОНУ


Мікола Іваноў, Прага

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў вельмі шырокае супрацоўніцтва з ЗША ў антытэрарыстычнай кампаніі. Са свайго боку прэзыдэнт ЗША Джордж Буш зрабіў шэраг важных саступак Расеі. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне Андру Тальлі падрыхтаваў на гэтую тэму аналітычны матэрыял

Новы ўзровень супрацоўніцтва паміж Расеяй і ЗША крытычна вывучаюць некаторыя міжнародныя аналітыкі. Адны зь іх задаюць пытаньне: ці сапраўды дапамога Масквы мае вартасьць. Іншыя пытаюцца: што можа Пуцін запатрабаваць ад Захаду у адказ на сваю дапамогу?

Адразу пасьля 11 верасьня Пуцін даў дазвол выкарыстоўваць паветраную прастору Расеі для гуманітарных і грузавых палётаў, зьвязаных з афганскай вайной. Ён таксама згадзіўся на амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у Сярэдняй Азіі, у рэгіене, які Масква даўно разглядае ў якасьці сфэры сваіх уплываў.

ЗША са свайго боку зрабілі дзьве важныя саступкі Расеі. Па-першае, яны менш крытычна пачалі ставіцца да расейскай кампаніі ў Чачэніі. І па-другое, яны адтэрмінавалі правядзеньне выпрабаваньняў нацыянальнай антыракетнай сыстэмы абароны, супроць якой выступае Расея. У аўторак міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд паведаміў, што ЗША адкладаюць правядзеньне выпрабаваньняў, каб не парушаць дагавор паміж ЗША і Савецкім Саюзам з 1972 году аб супроцьракетнай абароне.

(Рамсфэльд: ) “Мы ўжо гаварылі, што не зьбіраемся парушаць дагавор аб супроцьракетнай абароне, які па-ранейшаму дзейнічае. Апошнімі днямі, каб не было сумневу ў нашай шчырасьці, мы вырашылі добраахвотна затрымаць выкананьне выпрабаваньняў нашай праграмы стварэньня антыракетнай абароны”.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што найбольш важнай дапамогай, якую Масква можа аказаць Вашынгтону, - гэта разьведвальная інфармацыя з рэгіёну, у якім Расея так доўга дамінавала. Мурыель Аткін, прафэсар гісторыі Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне, лічыць, што цэннасць расейскай разьведвальнай інфармацыі перабольшваецца.

На думку Аткінс, расейцы прадузята ставяцца да працэсу здабываньня інфармацыі з мусульманскага сьвету, і яны ня ў стане аб’ектыўна ацаніць яе. Аткінс гаворыць:

(Аткінс: ) “Іхныя адносіны да ісьлямскай палітыкі, і да ісьляму і ісьлямскай палітыкі ў прыватнасьці, вельмі блізкія да расісцкіх. Такім чынам, гэтыя людзі глядзяць на справы праз фільтар сваіх вялізных забабонаў”.

Аткінс таксама ставіць пытаньне: наколькі шчырая можа быць Расея ў тым, каб дзяліцца інфармацыяй са сваім былым старым ворагам – ЗША?

(Аткінс: ) “Ідэя аб тым, што расейская выведка зьбіраецца перадаць ЗША шмат важнай інфармацыі, прадугледжвае, што расейская выведка: а) разумее, што адбываецца ў гэтым рэгіёне сьвету;
б) у дадзены момант зьбіраецца перадаць ЗША дакладнае разуменьне таго, што адбываееца там. І я мяркую, што няма ўпэўненасьці, што яна зробіць так”.

Аткінс не падзяляе погляду, што Пуцін разумее неабходнасьць далучэньня ягонай краіны да Захаду, дзеля таго, каб палепшыць сытуацыю ў краіне. Акрамя таго супроць яго выступаюць расейскія палітыкі, генэралы і шпіёны, рэлікты халоднай вайны. Яна лічыць, што і сам Пуцін, былы афіцэр КГБ, рэлікт гэтай вайны. І наіўна спадзявацца, што ён пачне шчыра супрацоўнічаць з Захадам, асабліва з ЗША.

Другі аналітык, Тэд Карпэнтар, з Інстытуту Като ў Вашынгтоне, лічыць, што саступкі Расеі могуць мець небясьпечны характар.

Карпэнтар гаворыць, што Буш выразна зьмяніў амэрыканскую палітыку крытычных адносінаў да вайны ў Чачэніі. Цяпер Буш гаворыць, што ён прызнае наяўнасьць некаторых тэрарыстычных элемэнтаў у чачэнскім руху супраціву.

Карпэнтар сьмяецца над тым, што прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшар не аднойчы заяўляў, што амэрыканская палітыка ў дачыненьні да Чачэніі пасьлядоўная.

(Фляйшар: ) “Мы яшчэ пабачым, што амэрыканская палітыка ў справе сувязі Чачэніі з тэрарыстамі будзе больш жорсткай. Іншымі словамі, мы зьяўляемся сьведкамі ўсяго толькі першага этапу яе зьмены. Гэта яшчэ не канец зьменаў”.

Крапэнтар лічыць, што зьмена амэрыканскай палітыкі ў адносінах да Чачэніі, - гэта не адзіная саступка, якую зьбіраецца запатрабаваць Пуцін за сваю падтрымку антытэрарыстычнай апэрацыі ў Афганістане.


XS
SM
MD
LG