Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ ПАГРОЗА НАСТУПУ ТАЛІБАЎ НА КРАІНЫ ЦЭНТРАЛЬНАЙ АЗІІ?


Юры Дракахруст, Прага

Арыель Коэн адзначае, што Расея нарошчвае сваю ваенную прысутнасьць у рэгіёне. Ён зьвяртае ўвагу на заяву міністра абароны Расеі Іванова пра тое, што групы расейскіх генэралаў працуюць у Ташкенце і Душанбэ, аналізуючы сытуацыю ня толькі ў Афганістане , але і ў рэгіёне ў цэлым.

У публікацыі у Eurasia View адзначаецца таксама паведамленьне пра тое, што ў 201-ю расейскую дывізію, што дыслякаваная ў Таджыкістане, прыбывае папаўненьне – 2000 кантрактнікаў з Расеі. Кантрактнікаў, – адзначае аўтар артыкулу, – лягчэй выкарыстоўваць за межамі ня толькі Расеі, але і Таджыкістану. Арыель Коэн спасылаецца таксама на сэнсацыйнае паведамленьне расейскага ваеннага аналітыка Паўла Фінгельгаўэра, што Расея ўжо фактычна ўдзельнічае ў вайне ў Афганістане – паводле зьветак Фінгэльгаўэра, у танках Паўночнага альянсу, што вядзе баі з талібамі, сядзяць расейскія экіпажы. Арыель Коэн адзначае, што расейская 201 дывізія – даволі моцная сіла, якая можа стрымаць атаку талібаў, калі яны вырашаць уварвацца на таджыцкую тэрыторыю.

У той жа час ва Ўзбэкістан перакідваюцца амэрыканскія войскі. Там ужо знаходзяцца 1000 жаўнераў з 10-й горнай дывізіі ЗША, узбэцкі ваенны аэрадром у Ханабадзе рыхтаецца да прыёму баявых самалетаў і гелікоптэраў.

Паводле артыкулу у Eurasia View, кіраўніцтва Цэнтральна-азіяцкіх краінаў адчувае страх, што афганскія талібы могуць пачаць баявыя дзеяньні супраць іх дзяржаваў. Прычым гэта не абавязкова будзе франтальная атака – ня менш небясьпечна і прасочваньне тэрарыстаў праз мяжу разам з патокам уцекачоў. Сваю ацэнку верагоднасьці наступу талібаў на поўнач прапануе супрацоўнік таджыцкай службы нашага радыё Салім Аюзбот.

(Аюбзот: ) “Напад талібаў на Ўзбэкістан ці Таджыкістан у цяперашні момант шмат экспэртаў лічаць абсалютна немагчымым. Зараз у талібаў хапае справаў унутры Афганістану. Пакуль не чакаецца і вялікай хвалі ўцекачоў. Бамбаваньні пакуль адбываюцца ў асноўным па поўдні і ў центры Афганістану, і тамтэйшае насельніцтва спрабуе знайсьці прытулак у Пакістане і ў Іране. Разам з тым, нельга выключаць правакацыйныя дзеяньні талібаў на мяжы, асабліва на мяжы з Узбэкістанам. Гэтая мяжа слаба ахоўваецца, там няма моцных войскаў. Што тычыцца таджыцкай мяжы, тут малаверагодныя нават правакацыйныя дзеяньні. Асноўная частка гэтай мяжы з боку Афгангістану кантралюецца Паўночным альянсам. Чым нападаць на Таджыкістан, талібам зараз куды важнай трымаць пад кантролем шашу, па якой з Таджыкістану ідзе дапамога Паўночнаму альянсу”.

Гэта быў супрацоўнік таджыцкай службы нашага радыё Салім Аюзбот.


Аднак калі зараз пагрозы няма, гэта ня значыць, што яна ня ўзьнікне пазьней. У артыкуле ў Eurasia View Арыель Коэн цытуе словы блізкага да Крамля палітоляга Глеба Паўлоўскага, які адзначае, што пасьля паразы ад амэрыканцаў у Афганістане талібам і прыхільнікам бін Лядэна не застанецца нічога іншага, як рушыць на поўнач, у Сярэднюю Азію.

Прадухіліць гэты сцэнар ёсьць агульнаю мэтаю Масквы і Вашынгтону.
Падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі у “Ізвестіях” Глеб Паўлоўскі на пытаньне, чаму Расея пусьціла амэрыканцаў у Цэнтральную Азію, адказаў: “Лепш амэрыканцы ва Узбэкістане, чым талібы ў Казані”.
Разам з тым паміж Вашынгтонам і Масквою захоўваюцца пэўныя супярэчнасьці, у тым ліку, і наконт цяперашняй вайны ў Афганістане. Паводле меркаваньня Арыеляч Коэна, Расея занепакоеная тым, што ЗША пакуль не прынялі рашэньня пра падтрымку Паўночнага альянсу.

Аналітык Heritage Foundation адзначае тры прычыны стрыманага стаўленьня Вашынгтону да альянсу. Па-першае альянс даволі слабы як ваенная сіла. Па-другое, заплямлены карупцыяй і гандлем наркотыкамі. Па-трэцяе, ягоны касьцяк складаюць узьбэкі і таджыкі, а большасьць насельніцтва Афганістану складаюць пуштуны.

Вялікія перасьцярогі Масквы выклікае новая гэапалітычная сытуацыя, якая склалася ў Цэнтральнай Азіі пасьля зьяўленьнем там амэрыканскіх войскаў. Гаворыць супрацоўнік таджыцкай службы нашага Радыё Салім Аюзбот.

(Аюбзот: ) “Са зьяўленьнем ў рэгіёне амэрыканскіх ваенных сытуацыя ў рэгіёне зьмянілася. Некаторыя экспэрты па Цэнтральнай Азіі называюць яе гэапалітычнай рэвалюцыяй. Узбэкістан ніколі не хаваў, што хацеў бы мець больш шчыльныя стасункі з Захадам, чым з Расеяй. Іншая сытуацыя ў Таджыкістане, дзе прысутнічае расейская 201-я дывізія і расейскія памежнікі. І хаця 80% асабовага складу гэтых злучэньняў – таджыкі, расейскія толькі афіцэры, але шчыльныя адносіны паміж Масквою і Душанбэ захоўваюцца. Аднак, пачынаючы з 1991 году, з абвешчаньнем незалежнасьці Таджыкістану ЗША былі і застаюцца галоўным донарам Таджыкістану, галоўны паток гуманітарнай дапамогі, эканамічнага садзеяньня быў менавіта з Амэрыкі. І зараз ЗША гавораць, што не пакінуць у бядзе тых, што дапамагаюць ім. Расейская ваенная прысутнасьць вельмі карысная ў дадзенай сытуацыі, але, як адзначае шэраг экспэртаў, Расея вяла ў рэгіёне сваю гульню – яна ўвесь час падтрымлівала напружанасьць, канфліктнасьць. Зараз у таджыцкім парлямэнце некаторыя дэпутаты гавораць пра тое, што Расея – ненадзейны саюзьнік. Яна неаднаразова пакідала сваіх саюзьнікаў. Ужо выказваюцца думкі, а ці ня лепш нам, як узбэкам, больш трымацца Захаду. Там можна атрымаць і больш сучасныя тэхналёгіі, і больш надзейных саюзьнікаў. Яшчэ паўгады таму такія словы ў таджыцкім парлямэнце не гучалі. І невядома, што будзе праз паўгада-год”.

Гаварыў супрацоўнік таджыцкай службы нашага радыё Салім Аюзбот.

XS
SM
MD
LG