Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОБЭЛЕЎСКАЯ ПРЭМІЯ – ДАСЬЛЕДНІКАМ МЭТАДАЎ ЛЯЧЭНЬНЯ РАКА


Мікола Іваноў, Прага

Леланд Гартвэл з ЗША, Цім Гант і Пол Нэес з Вялікабрытаніі атрымалі Нобэлеўскую ўзнагароду за свае дасьледваньні на працягу апошніх 30 гадоў, якія раскрываюць мэханізм таго, што адбываецца ў клетках арганізму чалавека, калі іх атакуе рак і яны безкантрольна распаўсюджваюцца.

Сёлетняя Нобэлеўская ўзнагарода складае прыблізна 1 мільёнаў даляраў, які навукоўцы падзеляць паміж сабой.

У пастанове Швэдзкай Каралеўскай Акадэміі навук гаворыцца, што вынікі іх дасьледваньняў могуць адкрыць новыя магчымасьці лячэньня ракавых захворваньняў.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Лёнданскім каралеўскім фондзе даследваньня раку, дзе працуюць абодва брытанскія ляўрэаты, Поль Нэес заявіў: “Адкрыцьці ў галіне даследваньня раку не адбываюцца штодня, але дзякуючы доўгатэрміновым дасьледваньням і доўгатэрміноваму фінансаваньню, які забяспечыў Каралеўскі фонд, мы цяпер маем лепшае ўяўленьне аб тым, як разьвіваецца рак. Гэтыя веды дазволяць вызначыць будучую стратэгію яго прадухіленьня і лячэньня”.

Мільярды клетак чалавечага арганізму павінныя расьці і дзяліцца дзеля таго, каб замяняць старыя зьнішчаныя клеткі. Калі чалавек здаровы, гэты працэс стабільны і пад кантролем. У выпадку ж раку хворыя клеткі пачынаюць бескантрольна расьці і распаўсюджвацца.

Сёлетнія ляўрэаты нобэлеўскай узнагароды зрабілі прарыў у разуменьні таго, як клеткі кантралююць сваё дзяленьне. Гэта ўнікальнае дасягненьне, якое тлумачыць: чаму некаторыя клеткі выходзяць з-пад кантролю і выклікаюць сьмяротныя захворваньні.

61-гадовы амэрыканскі прафэсар Леланд Гартвэл атрымаў Нобэлеўскую ўзнагароду за адкрыцьцё больш за 100 генаў, адказных за рэгуляцыю клеткавага цыклю. У пастанове Швэдзкай акадэміі навук таксама гаворыцца, што прафэсар Гартвэл таксама ўвеў у навуковы абарот паняцьце “прапускнога пункту”, які вызначае абставіны, калі дзяленьне клетак спыняецца ў сувязі з пашкоджаньнем генэтычнага коду.

На падставе вынікаў дасьледваньняў Гартвэла другі сёлетні нобэлеўскі ляўрэат, 52-гадовы ангельскі навуковец Нэес, адкрыў іншы ген, які рэгулюе розныя фазы клеткавага цыклю.

Трэці ляўрэат, 58-гадовы ангелец Гант, на пачатку
80-х гадоў адкрыў першую “цыклічную” малекулу, пратэінавае рэчыва, якое ствараецца і разбураецца ў працэсе клеткавага цыклю. Гэта ключавы кантрольны мэханізм у працэсе рэпрадукцыі клетак.

“Гэтыя адкрыцьці ў галіне клеткавага цыклю, - гаворыцца ў пастанове Швэдзкай акадэміі навук, -
могуць быць выкарыстаныя дзеля дыягностыкі ракавых пухлінаў. У будучыні гэтая адкрыцьці могуць спрычыніцца да стварэньня новых прынцыпаў лячэньня ракавых захворваньняў”.

Тры сёлетнія ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны і фізыялёгіі атрымаюць свае ўзнагароды ад караля Швэцыі Карла Густава разам з ляўрэатамі ў іншых галінах навукі 10 ьснежня ў гадавіну сьмерці швэдзкага навукоўца і вынаходніка Альфрэда Нобэля, які памёр у 1898 годзе.
XS
SM
MD
LG