Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО АДБЫВАЕЦЦА Ў АМЭРЫЦЫ СЁНЬНЯ?


Радыё Свабода.

(Навумчык: ) “Перад удзельнікамі Асамблеі выступіў мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, які заявіў, што ААН павінна заклікаць да адказнасьці любую краіну, якая непасрэдна альбо ўскосна падтрымлівае тэрарызм”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, як быў ацэнены выступ мэра?”

(Навумчык: ) “Вельмі станоўча. Дарэчы, гэта – першы выступ мэра Нью-Ёрку на сэсіі ААН за апошнія пяцьдзесят гадоў. Я цяпер зраблю параўнаньне, якое слухачам Свабоды падасца парадаксальным. Але яно слушнае. У мэра Віцебску ці Баранавічаў значна больш шанцаў выступіць у ААН, чым у мэра Нью-Ёрку. Дзесяцігодзьдзі паміж мэрыяй Нью-Ёрку і супрацоўнікамі ААН ідзе халодная вайна – супрацоўнікі паркуюць свае аўтамабілі там, дзе гэта забаронена, нью-ёрская паліцыя іх, адпаведна, штрафуе, а супрацоўнікі штраф ня плоцяць, бо валодаюць дыпляматычнай недатыкальнасьцю. Канфлікт зайшоў нагэтулькі далёка, што ўжо некалькі разоў прапаноўвалі перанесьці ААН з Нью-Ёрку ў які іншы горад. Праўда, далей словаў не ішло – і дыпляматы не жадалі пакідаць “сталіцу сьвету”, і самому гораду знаходжаньне тысячаў высокааплатных чынроўнікаў выгодна. Тым ня менш, канфлікт існуе, нью-ёрскіх мэраў у ААН ня любяць, мякка кажучы, але вось цяпер Джуліяні прымалі вельмі цёпла, яго некалькі разоў спынялі воплескамі”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, ты ў Нью-Ёрку ўжо некалькі дзён, а ці быў ты на месцы трагедыі?

(Навумчык: ) “Не, Алена, пакуль што ня быў, трапіць туды проста немагчыма. Варта нагадаць, што гэтая зона разглядаецца і як месца злачынства, на якой побач з расчысткай ідзе і сьледзтва. Для таго, каб прайсьці туды, патрэбны адмысловы дзвол. Учора зону наведалі некалькі дзясяткаў кангрэсмэнаў, а журналістаў туды не пускаюць. Тое, што паказваюць па тэлеканалах, – засьнята зь верталётаў. Нарэшце, днямі ФБР забараніла трансьляцыю кадраў тэрарыстычнай атакі – тых самых кадраў, якія ў першыя дні не зыходзілі з экранаў. І тлумачыцца гэта таксама патрэбамі сьледзтва. Упершыню за дзесяцігодзьдзі прэсу не пускаюць у нейкае месца ў Нью-Ёрку. Але нават тыя, хто жыве ў кварталах паблізу ад былога Гандлёвага Цэнтру, каб прайсьці ў свае дамы, вымушаныя паказваць паліцыі мінімум два пасьведчаньні асобы з фотаздымкамі. Гэта вельмі нязвыкла для Амэрыкі, дзе большасьць абыходзіцца толькі правамі аўтамабільнага кіроўцы, а шмат хто нават ня ведае, як выглядае пашпарт – пашпарт патрэбны толькі для выезду за мяжу”.

(Ціхановіч: ) “Чым адметны сёньняшні дзень?”

(Навумчык: ) “Сёньня чакаецца вельмі істотная эканамічная падзея – будзе скарочаная на чвэрць альбо нават на палову адсоткі ўліковая стаўка кароткатэрміновага крэдыту. Гэта робіць Фэдэральны Рэзэрвовы Банк у дачыненьні да звычайных банкаў, але каб не абцяжарваць слухачоў эканамічнымі тэрмінамі, скажу, што ў выніку памеры выплатаў па крэдытах на набыцьцё дамоў ці аўтамабіляў зьменшацца прыблізна на траціну”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, і якім чынам гэта можа паўплываць на запавольваньне спаду эканомікі? Бо ў апошнія тыдні такі спад відавочны”.

(Навумчык: ) “Так, Алена, ён нават значна большы, чым чакалася ў першыя дні пасьля тэрарыстычнай атакі. Тады меркавалі, што банкруцтва закране страхавыя кампаніі і авіяцыйную вытворчасьць. Пазьней да іх далучылі турыстычны бізнэс. А цяпер назіраецца так званы “эфэкт даміно”. Што тычыцца непасрэдна затратаў на ліквідацыю наступстваў тэрарыстычных актаў у Нью-Ёрку – дык адна толькі разборка рэшткаў Уорлд трэйд цэнтру ацэньваецца у сем мільярдаў даляраў. Гэта – прыблізна у два разы больш, чым увесь гадавы бюджэт Беларусі (я, натуральна, маю на ўвазе афіцыйны бюджэт). Але калі ўлічыць магутнасьць амэрыканскай эканомікі, калі ўзяць пад увагу тое, што толькі бюджэт аднаго Нью-Ёрку роўны бюджэту Расеі – дык нават гэтая лічба з дзевяцьцю нулямі сама па сабе не выглядае катастрафічнай для эканомікі нават Нью-Ёрку, не кажучы пра ўсю Амэрыку. Але справа ў тым, што сыгмэнты эканомікі ўзаемаспалучаныя, і крызіс адной сфэры выклікае адмоўныя наступствы ў іншых сфэрах. І часам фармальныя паказчыкі даюць толькі павярхоўныя ўяўленьні пра рэальныя працэсы. Да прыкладу, у апошнія тыдні зьнізіліся кошты на бэнзын – цяпер літар бензіну ў Нью-Ёрку каштуе 40 цэнтаў, месяц таму каштаваў сорак пяць. Здавалася б, вельмі станоўчы факт. Але гэта – вынік у тым ліку і зьніжэньня попыту на аўтамабілі. Неверагодна, але ў першыя два тыдні пасьля трагедыі у Нью-Ёрку не было прададзена НІВОДНАГА аўтамабіля! Калі тэндэнцыя захаваецца, дык можна ўявіць, што чакае сфэру аўтамабілебудаваньня і аўтасэрвісу, у якой у ЗША занятыя дзясяткі мільёнаў людзей.

New York Times наагул адзначае, што практычна ва ўсіх сэктарах амэрыканскай эканомікі аб’ёмы продажу скараціліся. Выключэньне – продаж зброі (попыт на яе ўзьняўся напалову). Такое скарачэньне адмоўна ўплываве і на праекты доўгатэрміновых інвестыцыяў.

Дык вось, меркаванае зьніжэньне ўліковай стаўкі якраз і мае на мэце стымуляваць набыцьцё аўтамабіляў, дамоў і ў выніку пазьбегнуць эканамічнай дыпрэсіі.


XS
SM
MD
LG