Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫ ЯКІХ УМОВАХ ЗША МОГУЦЬ ПЕРАМАГЧЫ?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Сваю думку выклаў у артыкуле “Плян палітычнай барацьбы ЗША супраць тэрарызму”, зьмешчаным у газэце Wall Street Journal і вядомы палітоляг, былы дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Зьбігнеў Бжэзіньскі.

Зьбігнеў Бжэзіньскі лічыць, што Амэрыка зможа перамагчы, толькі калі будзе эфэктыўна дзейнічаць адначасна на ваенным і палітычным франтох. Трэба лічыцца з дзьвюма рэаліямі. Тэрарызм – гэта палітычная барацьба. Сьвядома і без разбору забіваючы бязьвінных людзей, ён мае на мэце падрыў волі праціўніка. Контртэрарызм таксама павінен уключаць у сябе палітычную барацьбу. Яна мае быць скіраванай на палітычную ізаляцыю тэрарыстаў з тым, каб пасьля зьнішчыць іх фізычна. Не рэлігія як такая, але палітычныя матывы, якія могуць падсілкоўвацца рэлігіяй, ляжаць у аснове тэрарызму.

Якой, на думку Бжэзіньскага, мае быць рэакцыя ЗША ў адказ? У самым шырокім кантэксьце ЗША, – лічыць вядомы палітоляг – павінны сфармуляваць сваю доўгатэрміновую, сярэднетэрміновую і імгненную рэакцыі на напад. Доўгатэрміновая рэакцыя павінна быць накіраваная на стварэньне міжнароднай кааліцыі з мэтай падвышэньня ўнутранай бясьпекі, а таксама падрыву палітычнай падтрымкі справы тэрарыстаў. Сярэднетэрміновая рэакцыя мае быць накіраванай на ўрады, якія церпяць у сябе ці тайна падтрымліваюць тэрарызам, і ў той жа час на зьнішчэньне сетак тэрарыстаў, што дзейнічаюць на Блізкім і Сярэднім Усходзе, ва Ўсходняй Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. Імгненная рэакцыя павінна ўключаць наўпроставыя ваенныя акцыі супраць вядомых аб’ектаў тэрарыстаў і іхных лідэраў у Афганістане і на Блізкім і Сярэднім Усходзе, а таксама супраць рэжыму талібаў.

Якім мае ці можа быць імгненны ўдар? Удар мае быць сьмелым і рашучым, каб усе зразумелі, што Амэрыка мае сілы весьці барацьбу супраць тэрарызму. А таксама, каб вораг заплаціў за ўсё дарагую цану. На думку былога дарадцы прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Бжэзіньскага, рэакцыя ў адказ не павінна быць занадта пэрсаніфікаванай. Мерывам посьпеху ня мусіць быць забойства ці палон бін Ладэна. Хутчэй варта было б лічыць пасьпяховай апэрацыю, вынікам якой стаў бы балючы ўдар па вышэйшым кіраўніцтве тэрарыстаў і іх ключавых аб’ектах, частка якіх знаходзіцца ў Афганістане. Сярод іншага ў пляне імгненнай вайны, паводле Бжэзінськага, – выкарыстаньне ня толькі крылатых ракетаў, але і сілаў адмысловага прызначэньня, актывізацыя ўнутранай афганскай апазыцыі рэжыму Талібану. І, натуральна, каб ужо на першых этапах вайны ключавыя партнэры Амэрыкі ўзялі ўдзел у апэрацыях. Гэта дазволіла б прадэманстраваць, што барацьба з тэрарызмам ёсьць справай інтэрнацыянальнай.

XS
SM
MD
LG