Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГААСКІ ТРЫБУНАЛ ПАКАРАЎ БАСЬНІЙСКАГА ПАЛІЦЫЯНТА ТОДАРАВІЧА 10 ГАДАМІ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ


Валерыя Красоўская, Прага

Суд заяўляе, што Тодаравіч, які быў год таму абвінавачаны ў злачынствах супроць чалавецтва, ў 1992 годзе злоўжываў сваёй уладай шэфа паліцыі.

У мінулым сьнежні ў сваёй заяве да суду Тодаравіч прызнаў сваю віну толькі па адным пункце абвінавачаньня – ў перасьледзе па палітычных, расавых ды рэлігійных матывах. Гэты перасьлед звычайна азначаўся як “этнічныя чысткі”. Але ж абвінавачаньне налічвала 26 пунктаў, сярод якіх забойствы, катаваньні ды сэксуальныя дамаганьні.

Узамен за зьняцьцё гэтых пунктаў Тодаравіч даў сьведчаньні супроць іншых чатырох абвінавачаных, якія праходзяць па той самай справе. Трыбунал заявіў, што “колькасьць ды якасьць інфармацыі”, якую даў Тодаравіч, была каштоўная для абвінавачаньня і мела ўплыў на рашэньні, якія ён вынес.

Суд паведаміў, што спадар Тодаровіч атрымаў бы больш жорсткае пакараньне, калі б не прызнаў сябе вінаватым ды не выразіў свайго раскаяньня. Тры месяцы таму Тодаровіч зьвярнуўся з прозьбай да суда даць яму шанец залячыць тыя “этнічныя раны”, якія ён нанёс сваей радзіме.

Улічваючы прызнаньне віны, абвінавачаньне дамагалася 12-гадовага пакараньня для Тодаравічв, бо меншы тэрмін быў бы несуадносным зь цяжкасьцю злачынстваў. Абарона Тодаравіча запрасіла пяць гадоў – мінімальны тэрмін, прадугледжаны ў дадзеным выпадку.

Тодаравіч быў абвінавачаны ў тым, што браў удзел ў катаваньнях, зьбіцьці, сэксуальных дамаганьнях мусульманаў ды харватаў. Абвінавачваньне мае пункт, у якім сьцьвярджаецца, што ён зьбіў аднаго мужчыну да сьмерці.

У сваёй заяве Тодаравіч таксама згадзіўся адмовіцца ад абвінавачаньняў НАТА ў ягоным незаконным затрыманьні. Ён рабіў заявы раней, што ў верасьні 1998-га году ў Сэрбіі ён быў выкрадзены сэкрэтнай групай, якая перадала яго басьнійскім міратворчым сілам.

Выканаўца на бамбуковай мэблевай фабрыцы, спадар Тодаравіч быў прызначаны шэфам паліцыі гораду Босаньскі Сомаць у красавіку 1992-га году, хутка пасьля таго, як басьнійскія сэрбы захапілі ўладу над рэгіёнам стратэгічнай значнасьці.

З 17 тысяч харватаў і мусульманаў, што жылі на тэрыторыі Босаньскага Сомацю і складалі прыкладна палову ўсяго насельніцтва вобласьці, менш за трыста засталося пад канец вайны ў 1995 годзе.

Спадар Тодаравіч – толькі трэці падазраваны ў ваенных злачынствах, які прызнаў сваю віну з тае пары, як у 1993-м быў створаны трыбунал з мэтай пакараньня злачынцаў з былой Югаславіі.



XS
SM
MD
LG