Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКУ ЗНОЎ ЗАПРАСІЛІ Ў КІТАЙ


Валер Каліноўскі, Менск


Адрозна ад іншых афіцыйных сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі, якія часам зацягваюцца на некалькі гадзінаў, перамовы зь Цзян Цзэмінем прайшлі выключна ў межах графіку. Будынак, дзе адбываліся перамовы, і прылеглыя да яго тэрыторыі былі ачэпленыя ахоўнікамі ў цывільным.

Тым ня менш, актывістам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі "Зубар" удалося правесьці сваю акцыю пратэсту пад лёзунгамі "Свабоду Тыбэту!" Дзесяць актывістаў "Зубра" трымалі транспаранты на ангельскай і расейскай мовах і партрэты Далай-Ламы.

Яны выйшлі на Кастрычніцкую плошчу насупраць рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, калі Цзян Цзэмінь накіроўваўся на сустрэчу з Уладзімерам Ярмошыным, але прастаялі толькі тры хвіліны. Людзі ў цывільным хутка пазабіралі ў іх партрэты Далай-Ламы і транспаранты, затрымалі іх і пацягнулі ў аўтобус. Затрыманых даставілі ў Цэнтральны РАУС Менску.

Падчас афіцыйных перамоваў былі падпісаныя толькі дакумэнты пра перадачу Беларусі бязвыплатнай дапамогі памерам 10 мільёнаў юаняў. Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што бакі дамовіліся пра рэалізацыю трох сумесных праектаў, але якіх — не назваў.

Напярэдадні міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў заявіў па БТ, што гэты візыт Цзян Цзэміня сьведчыць пра ягоны давер да Аляксандра Лукашэнкі:

(Хвастоў: ) "Гэта элемэнт палітычнага дверу — мы расцэньваем гэта так, даверу да Аляксандра Лукашэнкі, даверу да ўраду Беларусі".

Пра падтрымку з кітайскага боку гаварыў і Аляксандар Лукашэнка, які падзякаваў Цзян Цзэміню за ягонае абяцаньне "падтрымкі беларускага народу пры любых умовах", пра што кітайскі лідэр сказаў на афіцыйнай вячэры 18 ліпеня. Тым ня менш, у МЗС абвяргаюць, што візыт быў прымеркаваны да перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што Беларусь застаецца на баку Расеі й Кітая, якія супраць скасаваньня дамовы па Супрацьракетнай абароне 1972 году. Падтрымаў беларускі бок кітайскую пазыцыю і ў тайваньскай праблеме.

Пасьля перамоваў Аляксандар Лукашэнка шмат словаў прысьвяціў "мудраму кітайскаму народу", "гіганцкай" паводле памераў і патэнцыялу, "найстаражытнейшай краіне", "аснове цывілізацыі ўсясьветнага разьвіцьця". Ён падкрэсьліваў, што ў Беларусі і ў Кітая адзіныя падыходы па ўсіх міжнародных праблемах, адзіныя погляды і адзіныя прынцыпы.

Цзян Цзэмінь, у адрозьненьне ад Аляксандра Лукашэнкі, быў нешматслоўны:

(Цзян Цзэмінь: ) "Я вельмі рады магчымасьці сустрэцца зь сябрамі. Візыт пакінуў у мяне глыбокія ўражаньні, мы ўпэўненыя ў цудоўных пэрспэктывах двухбаковых адносінаў".

Цзян Цзэмінь запрасіў Аляксандра Лукашэнку яшчэ раз наведаць КНР — нягледзячы на тое, што невядома, хто праз два месяцы будзе прэзыдэнтам Беларусі.


XS
SM
MD
LG