Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ТРАПІЛА Ў ДАКЛАД ДЗЯРЖЭПАРТАМЭНТУ ЗША Ў СПРАВЕ ГАНДЛЮ ЛЮДЗЬМІ Ў СЬВЕЦЕ


Мікола Іваноў, Прага

Сярод краінаў, урады якіх амаль не змагаюцца супраць незаконнага гандлю людзьмі, згадваецца і Беларусь.

23 краіны ня робяць “дастатковых высілкаў”, каб спыніць злачынную практыку гандлю людзьмі. Сярод іх і Беларусь. З постсавецкіх краінаў у гэтай групе згадваюцца таксама Расея і Казахстан.

У кастрычніку летась Кангрэс ЗША прыняў закон, які прадугледжвае ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць краінаў, урады якіх ня робяць “дастатковых высілкаў”, каб абараніць сваіх грамадзянаў супраць гандляроў жывым таварам альбо слаба перашкаджаюць крымінальнікам выкарыстоўваць іх краіны ў якасьці транзытнай тэрыторыі. У сувязі з прыняцьцём гэтага закону якраз і зьявілася згаданая вышэй справаздача.

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў сувязі з апублікаваньнем справаздачы, дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што ствараецца спэцыяльная працоўная група, каб займацца гэтым пытаньнем:

(Паўэл: ) “Працоўная група будзе карыстацца гэтым дакладам, а таксама іншымі сродкамі (уключна з артыкуламі Закону аб абароне ахвяраў незаконнага гандлю і гвалту). Яна выкарыстае гэтыя сродкі для наступнай мэты: што яшчэ можна зрабіць, каб абараніць безабаронных людзей, пакараць гандляроў, дапамагчы ахвярам і перашкодзіць далейшай транспартыроўцы.

Разам зь дзяржаўным сакратаром Колінам Паўэлам у прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне ўдзел прымалі: Паўла Дабранскі, намесьніца дзяржсакратара ў глябальных праблемах, Рэнд Біірс, памочнік дзяржсакратара у галіне барацьбы з наркотыкамі і юрыдычных пытаньнях, Марго Саліван, якая выконвае абавязкі намесьніка дзяржаўнага сакратара ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і працы.

Рэнд Біірс заявіў у прыватнасьці:

(Біірс: ) “Гэты даклад накіраваны на тое, каб спрыяць падвышэньню сьвядомасьці ў сьвеце і мабілізаваць народы, каб ажыцьцявіць дыялёг з мэтай вырашэньня гэтай праблемы. Мы не імкнуліся да таго, каб нехта паказваў пальцам на іншага. Гэта толькі пачатак дыялёгу”.

Паўла Дабранскі адзначыла, што санкцыі супраць краінаў, пазначаных у першай групе (туды аднесеная і Беларусь), ня будуць уведзеныя раней за 2003 год.

(Дабранскі: ) “Даклад – гэта не дыскусія, якая краіна найбольш спрыяе незаконнаму гандлю людзьмі, альбо дзе гэты гандаль найбольш распаўсюджаны. Гэта – агляд таго, што паасобныя ўрады робяць у галіне змаганьня з гэтай праблемай”.

Марго Саліван у сваім выступленьні схарэктарызавала сытуацыю ахвяраў гандляроў жывым таварам:

(Саліван: ) “Людзі, якія зьяўляюцца ахвярамі гандляроў, гэта звычайна асобы ў найгоршай эканамічнай і жыцьцёвай сытуацыі. Звычайна яны хочуць пакінуць краіну. Яны шукаюць лепшай долі. І дзякуючы свайму моцнаму жаданьню пакінуць краіну яны трапляюць у сеці беспрынцыповых асобаў, якія ўцягваюць іх ў гандаль людзьмі надзвычай шырокага маштабу. Мы маем дачыненьне з праблемай, калі людзі пакутуюць, іх кідаюць у няволю, іх прымушаюць, практычна, іх пазбаўляюць уласнай свабоды”.

У справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША таксама гаворыцца, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца пераважна для транспартыроўкі жанчынаў у публічныя дамы Нямеччыны і Польшчы.

Беларускія ўлады скарумпаваныя і не адпавядаюць мінімальным стандартам сумленнасьці ў галіне змаганьня з гандлярамі жывым таварам, – адзначаецца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.



XS
SM
MD
LG