Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. КАШТУНІЦА СУПРАЦЬ ЭКАНАМІЧНАГА ЦІСКУ НА ЮГАСЛАВІЮ Ў ПЫТАНЬНІ ВЫДАЧЫ МІЛОШАВІЧА


Алена Радкевіч, Прага


У часе свайго першага візыту ў Вашынгтон Каштуніца зазначыў, што югаслаўская дэмакратыя яшчэ вельмі неакрэплая, а эканоміка мае патрэбу ў дапамозе. Амэрыканскі жа бок зьвязвае фінансавую дапамогу Бялграду з экстрадыцыяй Мілошавіча.

Прэзыдэнт Югаславіі заклікаў ЗША не ўзалежніваць эканамічную дапамогу Бялграду зь яго супрацоўніцтвам з трыбуналам ваенных злачынцаў. Каштуніца падкрэсьліў, што гэта магло б падарваць і без таго пакуль крохкую дэмакратыю ў ягонай краіне.

Паводле Белага Дому, Слабадан Мілошавіч і іншыя падазраваныя ў ваенных злачынствах павінны быць перададзеныя Гаагскаму трыбуналу, калі Бялград хоча працягу міжнароднай эканамічнай дапамогі. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл пасьля гутаркі з Каштуніцам, у прыватнасьці, паведаміў журналістам:

(Паўэл: ) “Я адзначыў, што канфэрэнцыя краінаў-донараў і наш у ёй удзел абумоўленыя гэтым, і я вельмі хачу ўбачыць што Югаславія зробіць у бліжэйшыя тыдні”.

Пасьля сустрэчы з Колінам Паўэлам Каштуніца заявіў, што Югаслаўскі ўрад рыхтуе закон аб супрацоўніцтве з Гаагскім трыбуналам.

(Каштуніца: ) “Гэты закон павінен быць прыняты – і як мага хутчэй. Гэта падмурак нашага супрацоўніцтва. Паколькі мы размаўлялі не пра асабістыя справы: ёсьць нешта больш важнае за асабістыя справы – гэта прававая дзяржава і законнасьць,”–

сказаў прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца. Ён прадказвае, што
югаслаўскі парлямэнт ухваліць такі закон.

Тым ня менш, гаворачы пра ўвязваньне эканамічнай дапамогі з палітычнымі захадамі югаслаўскага кіраўніцтва, Каштуніца ўказаў і на схаваную тут небясьпеку.

(Каштуніца: ) “Мы не хацелі б увязваць палітычныя ўмовы з фінансавай дапамогай – амэрыканскай ці міжнароднай – з-за патэнцыйнай небясьпекі такога кшталту абумоўленасьцяў. Такія ўмовы маглі б стаць зручнымі для выкарыстаньня экстрэмістамі, а, значыць, яны контрпрадуктыўныя”.

З заявы Каштуніцы не вынікала, мае ён на ўвазе альбанскіх альбо сэрбскіх экстрэмістаў – ці абодва бакі разам. Этнічныя альбанцы, якія складаюць 90% насельніцтва Косава, выступаюць за незалежнасьць краю. Большасьць сэрбаў трымаецца за правінцыю, якая знаходзіцца цяпер пад часовай адміністрацыяй ААН і ваенным пратэктаратам НАТА. Яны супраць выдачы Мілошавіча міжнароднаму суду. Сам Каштуніца імкнецца захаваць тое, што засталося ад некалі вялікай Югаславіі. На ягоную думку, далейшае расчляненьне краіны дэстабілізуе сытуацыю на Балканах.

У мінулым месяцы – пасьля затрыманьня Мілошавіча – ЗША пагадзіліся працягваць эканамічную дапамогу Югаславіі. Амэрыканская частка складзе 50 мільёнаў даляраў. Аднак, 1 кастрычніка пачынаецца новы фінансавы год, і ЗША павінны вызначыць узровень сваёй далейшай падтрымкі, калі яны зьбяруцца падтрымліваць Югаславію і на працягу наступнага фінансавага году.

XS
SM
MD
LG