Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ ЗАЯВАЎ РЭПРЭСАВАНЫХ АБ РЭАБІЛІТАЦЫІ Ў РАСЕІ НЕ ЗЬМЯНШАЕЦЦА


Сяргей Навумчык, Прага


Як мяркуе вашынгтонскі аналітык Радыё Свабода Пол Гобл, цяперашняя, трэцяя па ліку (калі браць пад увагу хрушчоўскія і гарбачоўскія) хваля рэабілітацыі вызначаецца надзвычайным дыяпазонам.

Так, прадстаўнік пракуратуры Расейскай Фэдэрацыі Аляксей Паўлаў заявіў, што міністэрства на працягу апошніх дзесяці гадоў разгледзела тры з паловай мільёны просьбаў аб рэабілітацыі пацярпелых у часы палітычных рэпрэсіяў альбо іхніх нашчадкаў. Пракуратура задаволіла амаль два мільёны зваротаў. Акрамя таго, пацярпелым была выдадзеная некаторая кампэнсацыя.

Колькасьць заяваў, адзначае Пол Гобл, рэпрэзэнтуе кожнага саракавога грамадзяніна Расеі. Калі ўлічыць пры гэтым колькасьць тых , хто быў рэабілітаваны ў часы Хрушчова і Гарбачова, дык можна сказаць, што амаль кожную сям’я зазнала тую ці іншую форму палітычных рэпрэсіяў.

Аляксей Паўлаў паведаміў, што колькасьць зваротаў прымусіла пракуратуру стварыць адмысловыя структуры ў Маскве і ў рэгіёнах, каб вывучаць справы рэпрэсаваных.

Паводле ягоных словаў, летась было разгледжана каля 5 000 справаў дэпартаваных у часы Сталіна чачэнцаў; рэабілітаваныя былі толькі 300 чалавек.

Паводле інфармацыі іншага прадстаўніка расейскіх уладаў, 48 адсоткаў заяваў тычацца гэтак званых “кулакоў”, якія былі пазбаўленыя зямлі і рэпрэсаваныя ў часы калектывізацыі ў канцы 20-х-пачатку 30-х гадоў.

37 адсоткаў заяваў аб рэабілітацыі паступіла ад тых, хто падвяргаўся перасьледу з прычыны сваёй нацыянальнасьці. Сярод іх ня толькі тыя прадстаўнікі адзінаццаці нацыянальнасьцяў, якія былі дэпартаваныя Сталіным адразу пасьля другой усясьветнай вайны, але й прадстаўнікі яшчэ 48 нацыянальных групаў, якія, дапускаюць прадстаўнікі міністэрства ўнутраных справаў Расеі, маглі быць, як яны выказваюцца, “часткова рэпрэсаваныя”.

Афіцыйныя прадстаўнікі Расеі не паведамляюць нічога пра астатнія 15 адсоткаў заяваў, аднак можна меркаваць, што гэта – тыя, хто быў пасаджаны з прычыны рэлігійных перакананьняў, альбо лічыўся “шпіёнам”, альбо быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці.

Пол Гобл адзначае, што колькасьць звавротаў па рэабілітацыю праз паўвека пасьля таго, як адбываліся рэпрэсіі, яшчэ раз абвяргае меркаваньні тых, хто схільны мінімізаваць злачынствы савецкай сыстэмы і можа быць урокам тым ў цяперашняй Расеі, хто выказвае настальгію па камуністычных часах.

Пол Гобл лічыць, што працэс рэабілітацыі ўздымае шэраг пытаньняў. У прыватнасьці, сам факт рэабілітацыі тым, хто не пацярпеў, можа ўяўляцца дастатковым; для саміх жа ахвяраў ці іх сем’яў нават матэрыяльныя выплаты могуць уяўляцца мізэрнай кампэнсацыяй за пакуты. Акрамя таго, рэабілітаваныя могуць паставіць пытаньне – чаму гэта здарылася і хто вінаваты. Адказы на такія пытаньні могуць мець выбуховы характар.
XS
SM
MD
LG