Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЎКРАІНЕ АПУБЛІКАВАНЫ НОВЫ ЗАПІС РАЗМОВАЎ ПРЭЗЫДЭНТА КУЧМЫ


Сяргей Навумчык, Прага.


Газэта New York Times нагадвае, што абнародваньне ўжо першых фрагмэнтаў запісаў, якія былі зробленыя супрацоўнікам прэзыдэнцкай аховы Міколам Мельнічэнкам, выклікала ва Ўкраіне палітычны крызыс. Прапрэзыдэнцкая кааліцыя ў парлямэнце парушылася, апазыцыя аб’ядналася ў шырокую кааліцыю і патрабуе адстаўкі прэзыдэнта пад лёзунгам “Украіна – без Кучмы”.

І, нарэшце, днямі ўсплылі чарговыя запісы, якія ставяць пад сумнеў легітымнасьць і законнасьць абраньня Кучмы на пасаду прэзыдэнта. Выбары, якія прайшлі ў 1999 годзе, і раней крытыкаваліся за тое, што адбываліся ва ўмовах перасьледу сродкаў масавай і нфармацыі і адміністрацыйнага ціску на выбаршчыкаў. Аднак, 2 сьнежня 1999 году амэрыканскі амбасадар ва Ўкраіне Стывер Піфэр заявіў, што нягледзячы на пэўныя недасканаласьці выбарчай кампаніі, яна ў цэлым ўяўляла дэмакратычную працэдуру, і вынік галасаваньня адлюстроўвае жаданьні выбаршчыкаў.

Як і раней абнародаваныя запісы, новая стужка выяўляе прэзыдэнта Кучму як кіраўніка, што імкнецца выкарыстоўваць усімі магчымымі спосабамі сілавыя структуры, каб пакараць апанэнтаў, запалохаць незалежных журналістаў і ў некаторых выпадках пагражае сваім палітычным супернікам турмой.

У прыватнасьці, New York Times цытуе размову Кучмы з кіраўніком падатковай адміністрацыі Міколам Азаравым, у часе якой прэзыдэнт раіць, каб кожны падатковы інспэктар прыйшоў да кіраўніка калгасу і сказаў “Дарагі сябра, Вы разумееце, што мы маем нагэтулькі шмат на Вас кампрамату, што Вы можаце апынуцца ў турме хоць заўтра”. Кучма, піша далей газэта, патрабаваў папярэдзіць, што кіраўнікі тых раёнаў, якія не дадуць дастаткова галасоў ня ягоную карысьць, пасьля выбараў не застануцца на сваіх пасадах.

Сканадал ва Ўкраіне камэнтуецца і ў іншых вядучых заходніх сродках масавай інфармацыі. Так, часопіс The Economist заўважае, што Леанід Кучма “сутыкнуўся з крытыкай з боку заходніх палітыкаў, якія звычайна падтрымлівалі яго як бастыён супраць расейскай гегемоніі на тэрыторыі колішняга Савецкага Саюзу. Камісія ў справах міжнароднай паілітыкі Эўрапейскага Зьвязу на чале з Хаўерам Салянам і Эўрапэйская Камісія на чале з Крысам Патэнам выступіла з крытыкай Кучмы і ягонай каманды, але пры гэтым падтрымалі украінскія рэформы і курс на інтэграцыю з Эўропай”.

Аўстралійская The Sydney Morning Herald заўважае, што “ў той час, як лідары заходніх дзяржаваў трымаюцца цяпер далей ад спадара Кучмы, прэзыдэнт Расеі Пуцін … падпісаў зь ім шэраг пагадненьняў і прадэманстраваў, што не зважае на парушэньні законнасьці. Выглядае, што Расея дамаглася свайго: Кучма і Пуцін пагадзіліся ізноў аб’яднаць энэргасыстэмы абодвух краінаў, а таксама дамовіліся ў справе праграмы грамадзянскага самалётабудаваньня”.

Дадамо, што акрамя дамовы ў галіне самалётабудаваньня, візыт Пуціна ў Украіну меў і яшчэ адну мэту – аднаўленьне супрацоўніцтва ў сфэры будаўніцтва ракетаў. Зрэшты, тэрмін “супрацоўніцтва” не сузім пасуе: ў часы існаваньня Савецкага Саюза ракетная вытворчасьць зьяўлялася часткаю ваенна-прамысловага комплексу . Выглядае, што цяперашні кіеўскі скандал на руку тым, хто імкнецца гэты комплекс рэанімаваць
XS
SM
MD
LG