Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОНАЛЬДУ РЭЙГАНУ - 90 ГОД. РОЛЯ 40-ГА ПРЭЗЫДЭНТА ЗША Ў ГІСТОРЫІ


Юры Дракахруст, Прага


Рэйгана называюць чалавекам, які перамог у “халоднай вайне”, далакопам камунізму. Ягоны лёс – важкі аргумэнт у вечнай спрэчцы пра ролю асобы ў гісторыі.

У 80-м годзе, калі ён быў абраны прэзыдэнтам ЗША, заходні сьвет здаваў адну пазыцыю за другой: чырвоны колер распаўзаўся па мапе сьвету хутка і няўхільна. Ангола, Эфіопія, Аўганістан, здавалася – далей паўсюль. Намеры найбольш радыкальных абаронцаў Захаду не сягалі далей стрымліваньня гэтага распаўсюджваньня, больш гнуткія прадстаўнікі заходняга істэблішмэнту амаль адкрыта кіраваліся формулаю “Лепш быць чырвоным, чым мертвым”. Міжнародная слабасьць свабоднага сьвету была адлюстраваньнем яго ўнутранай слабасьці – рэцэпты дзяржаўнага кіраваньня эканомікаю і грамадзкім жыцьцём цярпелі відавочны крах.

І гэта зьмяніў адзін чалавек – Рональд Рэйган, зь яго воляю і апостальскаю вераю ў моц свабоды і старога добрага капіталізму.
Ён здолеў удыхнуць надзею ў дэмаралізаваную Амэрыку і свабодны сьвет, кіруючыся падзабытымі традыцыйнымі амэрыканскімі прынцыпамі: “Каб дасягнуць працьвітаньня, трэба плённа працаваць”, “спадзявацца трэба не на ўрад, а на сябе”, “галоўная мэта ўраду – не перашкаджаць людзям будаваць іх уласнуюю будучыню”, ці гаворачы словамі самога 40-га прэзыдэнта ЗША:

(Рэйган: ) “Урад ня ёсьць рашэньнем нашых праблемаў. Ён сам зьяўляецца праблемаю”.

Дзякуючы палітыцы Рэйгана, Амэрыка здолела пераадолець маральны і эканамічны крызыс, карані беспрэцэдэнтнага працьвітаньня Амэрыкі ў 90-я гады – там, у гадох праўленьня 40-га прэзыдэнта.

Вера ў непераможнасьць свабоды была падмуркам і яго замежнай палітыкі. “Камунізм мусіць быць ня спынены, не абмежаваны, а зьнішчаны,” – абвесьціў ён.

Прамова Рэйгана ў брытанскім парлямэнце ў 1982 годзе стала аб’яўленьнем “крыжовага паходу” супраць камунізму, супраць “імпэрыі зла”, як ён назваў Савецкі Саюз. Рэйган тады сказаў:

(Рэйган: ) “Тое, што я прапаноўваю – гэта плян на працяглы тэрмін. Гэта – марш свабоды і дэмакратыі, які пакіне марксізм-ленінізм на папялішчы гісторыі, там, дзе знаходзяцца іншыя тыраніі, якія падаўлялі свабоду і права чалавека на самавыражэньне”.

Рэйган пачаў прэсынг каміністычнай сыстэмы “па ўсім полі” – падтрымка ангольскага і аўганскага супраціву, польскай “Салідарнасьці”, зрыў угоды на пастаўкі ў СССР нямецкіх трубаў для газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа”, размяшчэньне ў Нямеччыне ракетаў сярэдняй дальнасьці, і нарэшце – “зорныя войны” – праграма стварэньня супрацьракетнага шчыта.

І калос, які дзесяцігодзьдзямі наводзіў жах на ўвесь сьвет, захістаўся , пачаў адступаць, і нарэшце рухнуў.

Падчас праўленьня Рэйгана яго гіранічна называлі “каўбоем”, смяяліся, калі ён блытаў даты і краіны, дэманстраваў даволі павярхоўныя веды гісторыі таго ж Савецкага Саюзу. Дагэтуль ідуць спрэчкі, ці здолеў бы рэйганаўскі напор зваліць камунізм, калі той быў на пад’ёме.

Справядліва гаворыцца таксама, што камунізм нарэшце разваліўся пад ўзьдзеяньнем унутраных прычынаў. Усё так, але менавіта Рональд Рэйган усьвядоміў глыбынную слабасьць гэтай сыстэмы і зрабіў усё для яе зьнішчэньня.

“Што было б, калі б было,” – хай гэтыя праблемы абмяркоўваюць інтэлектуалы, якім Рэйган сапраўды ня быў. Ён быў чалавекам волі і прынцыпаў, і таму перамог, таму амэрыканцы ставяць яго на адзін узровень з Вашынгтонам і Лінкальнам.

На працягу апошніх гадоў экс-прэзыдэнт Рональд Рэйган хварэе на хваробу Альцгэймера –ён страціў памяць. Гэта – сваеасаблівы сымбаль. Ён зрабіў ўсё, што мог, а памятаць мусяць астатнія: памятаць, што свабода перамагае, а месца тыраніяў – на папялішчы гісторыі.


XS
SM
MD
LG