Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Калі не хапае тэхнікі”. Музыка К.Бахолдзіна. Аранжыроўка І.Волкава. Група “Сталіца”. Дэма-запіс, 2002



Калі разумны музыкант раптам усьведамляе, што яму як выканаўцу нечага бракуе, ён адразу робіць шэраг захадаў, каб як мага хутчэй ліквідаваць хібы. Неразумнага выканаўцу тыя праблемы не хвалююць: ён зарабляе грошы, карыстаючыся невысокімі запатрабаваньнямі публікі. Але ў праграме “Мэлёдыя дня” такія, з дазволу кажучы, музыканты практычна адсутнічаюць.

І ўсё ж сапраўды геніяльную назву даў адной з уласных кампазыцыяў расейскі гітарыст Канстанцін Бахолдзін! Называецца п’еса “Калі не стае тэхнікі”. Назва п’есы, зразумела, з падтэкстам. Прычым з такім, што яна і сёньня выконваецца многімі гітарыстамі і цалкам слушна адносіцца да ліку вядомых стандартаў яшчэ савецкага джазу. Ня толькі таму, што яе тэма яскравая і выразная, але й таму, што мае ўжо салідны век, бо ўпершыню прагучала падчас маскоўскага джаз-фэстывалю ажно 1965 году!

І вось вам сюрпрыз! У годзе 2002-м гэтую п’есу запісала менская група “Сталіца”, і яшчэ як запісала! Ігар Волкаў, гітарыст і аранжавальнік, умоўна разьбіў п’есу на дзьве часткі. Першая — клясычная блюзавая структура, заснаваная на тэме, а ўласна тэма пачынае гучаць недзе толькі ў канцы другой хвіліны.

Ігар Волкаў другім пасьля Ўладзімера Ткачэнкі авалодаў у Беларусі складанай тэхнікай выкананьня на гітары, так званым тэйпінгам, калі гук здабываецца праз удар па струне, а не традыцыйным шчыпком. Яго можна будзе пачуць 16–17 лістапада на канцэртах гітарнага фэстывалю “Грыфаманія”.

Так што п’еса пад назваю “Калі не стае тэхнікі”, якую ён уключыў у рэпэртуар, таксама прагучыць з такім глыбокім падтэкстам. Чаго-чаго, а менавіта высокай тэхнікі ў Ігара Волкава, як, дарэчы, і многіх іншых беларускіх гітарыстаў, дастаткова. Пераканайцеся самі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG