Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Канцэртная мазурка”. Музыка Міхала Ельскага. Выкананьне — Леў Гарэлік (скрыпка), Ларыса Максімава (фартэпіяна). Альбом “Музыка Ельскіх”, “Поліфакт–Беларуская капэля”, 1996



Давайце паразважаем: папулярная музыка — гэта прадукт толькі ХХ стагодзьдзя? Ці нешта такое, што можна назваць музыкай папулярнай, існавала і раней? На маю думку — так, нягледзячы нават на тое, што многія творы, пад якія танчылі ў даўнія часы, сёньня гучаць выключна як творы канцэртныя. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Яшчэ гадоў з дваццаць таму ў беларускім музыказнаўстве дый у ідэалёгіі наогул існавала вучэньне, быццам прафэсійная музыка ў нашай краіне — гэта здабытак выключна кастрычніцкага перавароту 1917 году. Аднак у апошнія гады чэсныя дасьледчыкі мінулага раскапалі ў архівах столькі цікавай музыкі, што цяпер можна сьмела казаць: задоўга да таго кастрычніка творчасьць беларускіх кампазытараў цалкам знаходзілася ў рэчышчы творчасьці іх эўрапейскіх калегаў.

Міхал Ельскі — менавіта з такіх творцаў, хоць цалкам прафэсійным аўтарам музыкі яго назваць, магчыма, і нельга. Проста як чалавек грунтоўна адукаваны, ён добра ведаў музыку і здольны быў пісаць выразныя творы, зрэшты, як і іншыя прадстаўнікі гэтага вядомага роду.

“Канцэртная мазурка” паходзіць з альбому, выдадзенага летась. Альбом той зьмяшчае творы Міхала, Караля і Аляксандра Ельскіх — музыку, якая вярнулася ў побыт дзякуючы клопатам найперш “Беларускай капэлі”.

Канечне, у той час мазуркі не былі выключна канцэртнымі формамі, часта гучалі на балях падчас танцаў. Аднак час зьмяняецца, і сёньня нам неяк нязвыкла называць мазуркі адным з жанраў папулярнай музыкі ХІХ стагодзьдзя. Тым ня менш, яно гэтак, відаць, і ёсьць.

“Канцэртная мазурка” Міхала Ельскага з дыскатэкі беларускага мінулага.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG