Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Мяцёлка”. Аранжыроўка і выкананьне — група “Крыві”. Альбом “Людзям”, “Ковчег”, 1999



Банальна, аднак нічога вечнага на гэтым сьвеце няма. І часта здараецца так: толькі ты пачынаеш прывыкаць да творчасьці нейкага калектыву, чакаць ягоных новых запісаў, як прыходзіць паведамленьне, што калектыву гэтага ўжо няма.

Перш чым разьвіць заяўленую тэму, кароценька нагадаю вам, што мы слухалі на гэтым тыдні. Уладзімер Угольнік у п’есе “Сумую безь цябе” прымушаў нас губляцца ў здагадках, па кім жа ён сумуе найбольш: па працы ці па музыцы, Кася Камоцкая песьняй “Аліцыя” нагадвала, што лета зусім не найбольш працяглая пара году. Ансамбль “Рэнэсанс” выканаў амэрыканска-грузінскую п’есу “Sweet Georgia Brown”, на што “Песьняры” адгукнуліся песьняй “Зорка” на верш Ларысы Геніюш. Удзельнікі конкурсу маладых выканаўцаў “Славянскага базару” барысаўскі дуэт “Аляксандра і Канстанцін” выканалі песьню “Арэхава чаша” з мэтай скарыць сэрцы ўдзельнікаў журы, а група “Уліс” сьцерла архіўны пыл зь песьні “Калі імпэрыя зьнікне”.

Адно, мабыць, з найбольшых расчараваньняў гэтага году — распад групы “Крыві”, які, мяркуючы па ўсім, зрабіўся-такі фактам. Канечне ж, можна было чакаць, што гэтыя музыканты здолеюць зрабіць яшчэ шмат новых запісаў, аднак творчыя памкненьні ды што там хаваць — асабістыя амбіцыі пацягнулі іх у розныя бакі.

Праўду кажучы, айчынныя і замежныя слухачы шмат што страцілі, а пра тое, што ж яны набылі, казаць сёньня, прабачце, пакуль заўчасна.

Адна з найлепшых песень з рэпэртуару “Крыві” — “Мяцёлка”. Запісаная яна была падчас канцэрту ў Менску, аранжыроўка музыкантаў групы. Канечне, шкада, што групы больш няма, аднак, сапраўды, што рабіць, калі, цытуючы тую песьню, “пастыл — астыл”? Будзем здаровыя — пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG