Ня дзеля прыгожага слоўца. Менавіта гэтым прынцыпам кіруюцца тыя выканаўцы, якія паважаюць сябе ў музычным мастацтве і адначасова — публіку. Разам з тым можна назваць мноства такіх выканаўцаў, якія выходзяць на сцэну адно толькі пакрасавацца.
Менскі аўтар і выканаўца ўласных песень Алег Атаманаў шмат чым адрозьніваецца ад калегаў па цэху бардаўскае творчасьці. Па-першае, ён мае яркі, пастаўлены голас і вопыт выступленьняў нават на акадэмічнай сцэне. Па-другое, ён ня надта часта ўдзельнічае ў зборных канцэртах аўтарскай песьні, мяркуючы, відаць, за лепшае выступаць сола, каб цалкам валодаць аўдыторыяй.
Па-трэцяе, мэлёдыі ягоных песень нетрывіяльныя, а вершы — надзвычай індывідуальныя і своеасаблівыя. Напэўна, у іх адбіваецца і творчая філязофія выканаўцы: варта згадаць, што на вокладцы альбому “Слова — ня госьць” Алег Атаманаў называе сябе “Сьпяваючым у крузе радасьці Баянам Усяе Русі”. Што ж, кожны выканаўца мае права прапагандаваць некалі абраны імідж.
Хоць, шчыра кажучы, нешта ад сапраўднага Баяна ў Алегу Атаманаве сапраўды ёсьць. І гэта можна адчуць, слухаючы ягоныя прасьветленыя, запамінальныя песьні.
Як, напрыклад, гэтую, што называецца “Трымайся, мой братка”. Песьня, вельмі характэрная для Алега Атаманава, для якога ўжытае ў песьні слова — сапраўды ня госьць, не ўпрыгожваньне, а надзейны сябра. І гэтае трывалае сяброўства працягваецца ў іх ужо шмат гадоў. І такому сяброўству можна адно шчыра пазайздросьціць.
Зьміцер Падбярэскі