Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпірычуэл “Deep River”. Музыка і словы народныя. Капэля хлопчыкаў Рэспубліканскага музычнага ліцэю. Альбом “Капэля хлопчыкаў”, “Ковчег”, 1996



Той, хто наракае, што праграма “Мэлёдыя дня” збольшага знаёміць з творамі музыкі папулярнай, мусіць усё ж адштурхвацца да таго, што мэлёдыя кожнага дня не залежыць ад якога жанру ці стылю. Гэта проста мэлёдыя чарговага дня, непадуладная нейкім абмежаваньням. Проста добрая, спадзяюся, мэлёдыя.

Сёньня нядзеля, а таму варта нагадаць, што ж мы слухалі ў папярэднія шэсьць дзён. Мікалай Скорыкаў дастаў гармонік і ў дуэце зь Язэпам выканаў палымяны айчынны шлягер, група “Мроя” прапанавала задаволіцца глытком віна ды лустай хлеба. Джаз-бэнд Леаніда Гурвіча па-свойму выканаў эвэргрын “Мэкі-мэсэр” Курта Вайля з “Трохграшовай опэры”, ансамбль “Песьняры” адрасаваў “Маналёг сабакі” ўсім гаспадарам-сабакарам, а жаночы ВІА “Чараўніцы” паспрабаваў зачараваць слухачоў з дапамогай паху чабаровага.

Завяршае тыдзень мэлёдыя дастаткова нетыповая. Гэта старадаўні спірычуэл “Deep River”, адно што прагучыць ён у выкананьні не якога пратэстанцкага, як можна было чакаць, хору, а ў выкананьні капэлі хлопчыкаў Рэспубліканскага музычнага ліцэю пад кіраўніцтвам Ўладзімера Глушакова.

Спірычуэл — вакальны жанр зьнешне просты, аднак мае ўласныя сакрэты, заснаваныя найперш на непасрэднасьці, шчырасьці выкананьня. Гэта такая ж абавязковая школа для вакалістаў, як, скажам, і царкоўныя расьпевы. І добра, што вакалісты-пачаткоўцы ў Менску такую школу праходзяць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG