Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Зараніцы”. Музыка Дз.Даўгалёва, словы Ў.Пецюкевіча. Выкананьне — Іна Афанасьева і Валеры Дайнека. Дэма-альбом, 2002



Калі задацца пытаньнем, што вызначае посьпех той ці іншай песьні, можна пачуць самыя розныя адказы. Настолькі часам супрацьлеглыя, што пачынаеш думаць: а ці магчыма наагул адказаць на гэтае пытаньне? Гэта “Мэлёдыя дня”, якая і не прэтэндуе на вычарпальныя адказы.

Дзьмітры Даўгалёў — зь ліку тых беларускіх кампазытараў, якіх можна назваць людзьмі ўвогуле непрыкметнымі. Вучань Яўгена Глебава, ён піша ня так шмат, аднак практычна кожная ягоная песьня — гэта калі ня стрэл у дзясятку, дык, прынамсі, твор, які запамінаецца. Відаць, спрыяе таму і той факт, што ў Дзьмітрыя ёсьць пастаянны суаўтар — паэт Уладзімер Пецюкевіч.

Даўгалёў не імкнецца за модай, можна сказаць, ён працуе якраз у клясычным напрамку эстраднай песьні, калі на першы плян выходзіць мэлёдыя. Чым-чым, а мэлядычнасьцю песьні Дзьмітрыя Даўгалёва вызначаюцца па-сапраўднаму.

Песьня “Зараніцы” была напісаная яшчэ ў 1995 годзе і, як здагадваюся, загадзя была разьлічаная на выкананьне менавіта дуэтам — Іна Афанасьева і Валеры Дайнека. Такая вяснова-летняя песьня, якраз на гэтыя дні, калі поры году сустракаюцца. Простая, можа, нават даволі стандартная аранжыроўка тым ня менш напаўняе песьню нейкай лёгкасьцю, празрыстасьцю.

Ня буду сьцьвярджаць, што гэтая менавіта песьня — з найлепшых у Дзьмітрыя Даўгалёва. Гэта проста такая песьня, за якую аўтару чырванець не давядзецца. “Зараніцы” ў выкананьні Іны Афанасьевай і Валерыя Дайнекі, з надзеяй на цёплае лета.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG