Але ж праўду людзі кажуць: лепш бывае прамаўчаць, чым казаць тое, што прыйдзе на розум. Гэтай тэме прысьвечаныя безьліч прымавак і розных крылатых выразаў. Аднак уявіць сабе праграму “Мэлёдыя дня” маўклівай немагчыма.
Вакальная група “Камэрата” выдала ў мінулым годзе спэцыфічны альбом, які амаль цалкам складаецца з арыгінальных аранжыровак джазавых стандартаў, твораў, якія ў аматараў джазу, што называецца, на слыху. Альбом лішні раз пацьвердзіў ня толькі высокі выканальніцкі ўзровень калектыву, які я некалі назваў проста валютным запасам краіны, але й здольнасьці музыкантаў калектыву як аранжыроўшчыкаў.
Вядомая мэлёдыя “Whisper Not” Бэні Голсана — яскравае таму сьведчаньне. Аранжыроўка Аляксандра Доўнара і ювэлірнае выкананьне групы “Камэрата”. І годзе ўжо шаптацца па завугольлях! Час прамаўляць на поўны голас!
Зьміцер Падбярэскі