Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Добры вечар, дзяўчыначка!”. Музыка Ігара Лучанка, словы народныя. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Мінскі сувенір”, “Мелодия”.



Панядзелак згодна зь нейкай даўняй традыцыяй лічыцца днём цяжкім. Вось чаму падумалася: а чаму б гэты тыдзень, які зьмяшаў у сабе дні працоўныя ды сьвяточныя аж да таго, што ніхто ў іх разабрацца ўжо ня ў стане, не пачаць мэлёдыяй лёгкай, здаўна вядомай і, безумоўна, прыемнай.

Мэлёдыю сёньняшняга дня, канешне ж, людзі старэйшыя ведаюць добра. Для маладзейшых гэта таксама будзе інфармацыя небескарысная. Песьня “Добры вечар, дзяўчыначка” — гэта адзін з каронных нумароў кожнай праграмы ансамбля “Песьняры” тых яшчэ добрых, старых часоў, калі ансамбль рэгулярна выяжджаў у гастролі, а вяртаючыся зь іх, зьбіраў у Менску паўнюткія залі. Даўно тое было, сапраўды.

Ігар Лучанок, канешне ж, скарыстаў народную папеўку, апрацаваў яе, і калі гэтая мэлёдыя трапіла ў ансамбль, яна зьмянілася яшчэ больш. Для народнай беларускай песьні дакладны рыф, які ўвесь час паўтараецца духавымі інструмэнтамі, безумоўна, ня быў характэрны. Гэта ўжо была праца аранжыроўшчыка. Праўда, хто аранжыраваў песьню, — гісторыі засталося невядомым: на той час імёнаў аранжыроўшчыкаў рэдактары фірмы “Мелодия” на вокладках ня згадвалі.

Тым ня менш, песьня атрымалася ўдалая, хоць, напэўна, моцна раздражняла прыхільнікаў артадаксальнага, так бы мовіць, фальклёру. “Добры вечар, дзяўчыначка” і ансамбль “Песьняры”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG