Ну што ж, вясна, што б там ні было, паціху ўступае ў правы. Неўзабаве на дрэвах распусьціцца лісьце, і пасьля гэтага настане той час, калі спатканьні будуць прызначаць не ў падземных пераходах, а на веснавым улоньні. Чаго “Мэлёдыя дня” жадае ўсім, незалежна ад узросту, як мага хутчэй. Вітаю вас!
Паэт-лірык. Да гэтага вызначэньня нас прывучылі яшчэ са школы. Лірыкам можа быць і мастак, калі ён замілавана выпісвае краявіды роднай прыроды. Лірыкам можа быць актор, калі ён усё жыцьцё выконвае ролі герояў-палюбоўнікаў. Лірыкам, зрэшты, можа быць і хірург, калі ён ведае на памяць вершы Багдановіча і карыстаецца імі як нечым накшталт наркозу. А ці можа быць лірыкам музыкант, які выконвае рок?
Пытаньне, я разумею, складанае. Тым ня менш, лірычных яскравых мэлёдый у гісторыі як сусьветнага, так і беларускага року хапае. Прычым, як правіла, найбольш удалыя зь іх доўгі час не губляюць папулярнасьці. Сёньня мы зазірнем у недалёкую гісторыю айчыннай рок-музыкі і паслухаем адну з такіх песень. Гэта славутая “Стэфка” з рэпертуару групы “Крама” з выразнай, блюзавага адценьня мэлёдыяй, запамінальным тэкстам. Музыка і словы Ігара Варашкевіча, Івана Маркава і Сяргея Кныша. Што й казаць, шлягер на гады! Што найбольш істотнае, дык гэта тое, што менавіта гэтая песьня будзе дарэчы, калі на дрэвах распусьціцца веснавое лісьце. Засталося чакаць усяго нічога.
Зьміцер Падбярэскі