Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Перш чым надыдзе вясна” Чэслава Немена на верш Яраслава Івашкевіча ў выкананьні Валерыя Скаражонка. Альбом “Ляўрэаты Ўсесаюзнага конкурсу польскай песьні “Віцебск-88”, “Мелодия”, 1988



Колькі разоў даводзілася чытаць, што, маўляў, шматлікія песенныя конкурсы , хоць і адкрываюць новыя імёны, аднак не дапамагаюць маладым музыкантам зрабіць кар’еру. Рабіць кар’еру маладым не ўваходзіць у пляны “Мэлёдыі дня”, аднак даваць эфір маладым праграма абавязаная. Вітаю вас!

Сёньня мы будзем слухаць выканаўцу ня тое каб зусім маладога, а ўжо вопытнага, хоць у 1988 годзе, калі ў Віцебску адбыўся першы Ўсесаюзны фэстываль польскай песьні, гарадчука Валерыя Скаражонка практычна ніхто ня ведаў. Але той конкурс прынёс яму ня толькі другую прэмію, але й трывалы пляцдарм для пачатку прафэсійнай музычнай кар’еры.

Цяжка казаць, наколькі Валеры як артыст зрабіў сам сябе, але не заўважаць яго пасьля ўпэўненага выступу ў Віцебску было ўжо проста немагчыма. Сёньня Валеры Скаражонак, неверагодны аптыміст, знаўца безьлічы дасьціпных жартаў — саліст ансамбля “Песьняры”. Вось і лічыце самі, ці ўдала склаўся лёс колішняга ляўрэата конкурсу папулярнай песьні.

Самы час згадаць, як Валеры сьпяваў 12 гадоў таму. Песьня аўтарства нашага земляка Чэслава Немена на верш знакамітага Яраслава Івашкевіча “Перш чым надыдзе вясна”. Выдатнае, сапраўды прыгожае сьпяваньне Валерыя Скаражонка пад акампанэмэнт Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі, канцэртны запіс 1988 году. Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG