Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “I’m Not Forgiving You”, музыка Алега “Джагера” Мінакова, словы Аляксея Казлоўскага. Група “Рублёвая зона”. Альбом “Put Your Money... Now!”. “Dar Veter Records”, 1996.



Часам яны вяртаюцца. Яны — гэта зоркі мінулага. Ці — зорачкі, хто як думае. І часьцей за ўсё пасьля такога канцэрту-вяртаньня думаеш: лепш бы яны, зоркі, засталіся ў мінулым. Лепш слухаць тое, што было і што вярнуць вельмі складана.

На апошняй цырымоніі “Рок-каранацыі” адным зь сюрпрызаў з боку арганізатараў зрабілася нечаканая рэанімацыя групы “Рублёвая зона”, якая была каранаваная другой каронай у гісторыі гэтай штогадовай імпрэзы. Аднак вось ужо некалькі гадоў як лідэр групы Алег “Джагер” Мінакоў зьехаў за мяжу, і здавалася, што “Рублёвая зона” канчаткова перайшла ў разрад паданьняў беларускай рок-музыкі, як і тэма аб’яднаньня грашовых сыстэмаў.

Ажно не: два былыя музыканты групы здолелі наноў сабраць калектыў, адважыўшыся на месца шоўмэна Джагера запрасіць дзяўчыну, прычым, ня з рокавым, а папсовым досьведам. Аднак Вольга Хіміч, удзельніца аднаго з конкурсаў “Славянскага базару”, дарэчы, удзельніца няўдалая, годна замяніла аднаго зь першых рок-эмігрантаў Беларусі.

Новых запісаў новай “Рублёвай зоны” пакуль няма, вось чаму мы будзем слухаць запіс 1996 году, прыгожую фірмовую баляду “I’m Not Forgiving You” Алега Мінакова на словы Аляксея Казлоўскага. Ня ведаю, ці прабачыць Джагер тую замену ў складзе каманды. Ня ведаю, ці прабачаць Джагеру той ад’езд ягоныя калегі. Але з пазыцыі сёньняшняга дня “Рок-карону” “Рублёвая зона” атрымала тады невыпадкова. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG