Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Сьпявай разам з намі”, музыка, тэкст і выкананьне групы “Мясцовы час”. Альбом “Халі-галі”, “Мясцовы час”, 1999.



Часам літаральна ў кожнага з нас падчас замежных вандровак паўстае праблема вызначыць мясцовы час адносна таго, што значыцца на нашых гадзіньніках. Аднак нашыя гадзіньнікі заўсёды паказваюць, што праграма “Мэлёдыя дня” гучыць у эфіры ў дакладна вызначаны час. Наш, мясцовы. Прывітаньне!

У галіне музыкі, незалежна ад стыляў ды напрамкаў, сталіца вызначае калі ня ўсё, дык, прынамсі, вельмі многае. Менавіта тут, у сталіцы, і робяцца галоўныя справы. Вось чаму не пазайздросьціш тым музыкантам, якім лёсам наканавана жыць па-за сталіцай. Ім, бадай, складаней удвая, нават выбрацца на канцэрт у сталіцу — і тое праблема.

Полацкая група “Мясцовы час” дзёрзка ўварвалася ў шэрагі беларускай рок-эліты, выконваючы музыку не зусім арыгінальную, затое надзвычай энэргічную, экспрэсіўную. Гэта быў своеасаблівы адпаведнік “AC/DC”, адно што ў беларускамоўным выяўленьні, калі высокі, моцны голас лідэра групы Алеся Кузьміна прабіваў, здавалася б, усе перашкоды на шляху групы. Апрача, відаць, адной: аддаленасьці ад цэнтру музычнага жыцьця.

Праўда, у 1999 годзе “Мясцовы час” нагадаў пра сябе надзвычай стылёвым магнітаальбомам “Халі-галі”, у якім ці не ўпершыню паўстаў вельмі зладжанай, такой смачнай па гуку ды стылі камандай.

Мяркую, што далёка ня ўсім слухачам гэты клясычны хард-рок будзе да спадобы. Аднак абмінуць яго ў праграме “Мэлёдыя дня” было б памылкай. “Сьпявай разам з намі” — так называецца песьня. Спадзяюся, што рэстрансьлятары вытрымаюць гэты полацкі гук, а мы пачуемся заўтра.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG