Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Прыкрыкнула шэра вуціца”, словы народныя, музыка Аляксандры Кірсанавай і Канстанціна Драпезы. Дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Альбом “За ліхімі за марозамі”, аўтарскае выданьне, 2001 г.



З добрым падыходам і кот гарчыцу есьць. Гэтыя словы, здавалася б, ніякага дачыненьня да музыкі ня маюць. Аднак калі ўнікнуць у іх сэнс уважліва, можна здагадацца: разумная доля творчае рызыкі напэўна прынясе плён.

На гэтым тыдні, нагадаю, Алеся разам з вакальна-інструмэнтальнымі “Сябрамі” дзялілася сакрэтамі, чым прывабіць ваяводу ў лебядзе, Уладзімер Угольнік ды Тацяна Капянкова раілі на гэты выпадак “Апалае лісьце”, а група “Юр’я” гукала вясну нетрадыцыйным, нават экспэрымэнтальным чынам. Аляксандр Растопчын прапанаваў уласную вэрсію “Матчынага вальса”, ансамбль “Рэнэсанс” прызнаўся, што ад яго нельга чакаць больш анічога, акрамя каханьня, а група “Уліс” сьпявала пра краіну, пакрытую доўгай белай хмарай.

Сёньня ж мы паслухаем песьню “Прыкрыкнула шэрая вуціца” дуэту “Аляксандра і Канстанцін” на народны верш, якая і ўяўляе сабой тую самую разумную творчую рызыку, калі перанос народнай стылістыкі ў крыху іншыя музычныя абшары дае нечаканы і пераканаўчы эфэкт. Запіс 2001 году. Цяпер можна сьмела казаць, што на айчыннай сцэне зьявіўся самабытны калектыў з уласным, адразу пазнавальным почыркам. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG