Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Агу, вясна” ў выкананьні групы “Юр’я”. Альбом “Весначуха”, “Aria Records”, 2000



У мяне такое адчуваньне, што гукаць птушак на самым пачатку вясны ў наш час — справа проста безнадзейная. Поўнае ўражаньне, што абсалютная большасьць птушак у вырай не адлятае проста з прынцыпу. Ім і тут добра, асабліва калі кожны дзень гучыць новая “Мэлёдыя дня”. Мае вам шанаваньні!

А як яно было раней, калі люты быў сапраўдным лютым, калі ад марозу трашчалі дрэвы, і такой марознай ноччу на вуліцы нават міліцыянэра не сустрэць было. Пачыналася вясна, выходзілі на ўлоньне прыроды хлопцы ды дзяўчаты і гукалі вясну разам зь яе вестунамі — птушкамі.

Цяпер — усё наадварот: у лютым над горадам можна ўбачыць такія зграі галак ды варон, што неба ўтрая цямнейшым здаецца. І вясну цяперака гукаюць па-новаму. Я разумею, што падобныя экспэрымэнты з фальклёрам далёка ня ўсе ўспрымаюць спакойна. Гэта калі лічыць той фальклёр назаўсёды скамянелай зьявай. Што ж, нехта любіць наведваць музэй, дзе экспазыцыя была адкрытая яшчэ за польскім часам.

Юрка Выдронак, варта прызнаць, — чалавек, здольны зазірнуць у заўтра. Ці даўно музыку групы “Палац” называлі зьдзекам над народнымі каштоўнасьцямі? Сёньня сёй-той скажа тое ж пра музыку групы “Юр’я” і яе сьмелы варыянт вядомай вясьнянкі. Выдронак сапраўды сьмела зьмяшаў, здавалася б, неспалучальнае, і здаваць сябе ў музэй у якасьці экспанату не зьбіраецца. Запіс 2000 году. Агу, вясна! Пачуемся і заўтра?

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG