Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Пад зоркаю Пагоні” Зьмітра Яўтуховіча на верш Лявона Пранчака. Аляксей Шадзько. Альбом “Пад зоркаю Пагоні”, “Ковчег”.



Сёньня, праз колькі хвілінаў, у канцэртнай зале “Менск” пачнецца чарговая цырымонія “Рок-каранацыя”. Нягледзячы на адчайную крытыку з боку прэсы, пастаянныя арганізатары імпрэзы — выдавецкая фірма “Ковчег” ды “Кляс-клюб” робяць надзвычай патрэбную справу. Ды ёсьць, на маю думку, выканаўца, які вось ужо каторы год цалкам незаслужана застаецца без галоўнай узнагароды. Вітаю вас!

Нагадаю тое, што мы слухалі на працягу гэтага тыдня. Ансамбль народнай музыкі “Сьвята” гарэзьліва падміргваў нам песьняй “Мае вочы чорныя”, а камэрны хор пад кіраўніцтвам Ігара Мацюхова, цяперашняга жыхара Пецярбургу, нагадаў нам сьмелы варыянт дзяржаўнага гімна “Жыве Беларусь!” Васіля Раінчыка ды Лявона Пранчака.

Зьміцер Вайцюшкевіч пераўвасобіўся ў няшчаснага Казла, з думкай, тым ня менш, пра “Рок-карону”, Аляксандар Саладуха ўбачыў у лютаўскіх дажджах “Каралеву зімы”, а група “Камэрата” паказала, як трэба пісаць народную музыку. Песьняй “Эх, змагаліся мы” “Мэлёдыя дня” адзначыла 23 лютага невядома якое сьвята.

А на заканчэньне тыдня — яўны гіт дзесяцігадовае даўніны, песьня “Пад зоркаю Пагоні” Зьмітра Яўтуховіча на верш Лявона Пранчака ў выкананьні Аляксея Шадзько. Менавіта пра яго я і казаў напачатку.

Быў час, калі Аляксей працаваў салістам Гарадзенскай філярмоніі, дзе сьпяваць уласныя песьні яму, відаць, не дазвалялі. Таму сьпяваў ён песьні чужыя. Дарэчы, неблагія.

Гэтая песьня — наогул дзіўная. Запамінаецца адразу і назаўсёды. Што да тэксту... Канечне, любіць пад дубам ці то пад ліпаю — прыемна, затое пад зоркаю Пагоні — куды больш патрыятычна. Адчуваецца, ведаеце, адказнасьць за лёс краіны.

Ня ведаю, ці атрымае сёлета Аляксей Шадзько якую карону, але ў гісторыю беларускай папулярнай музыкі ўласнае імя ён, безумоўна, упісаў. Да сустрэчы ў панядзелак!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG