Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група “Палац” і DJ Рэй Хвісевіч. Песьня “Каліначка”



Безумоўна, у кожнага ўзросту — уласная музыка. Я, напрыклад, не люблю сучасных дыскатэк з-за таго, што музыка там ня тое што пустая гучыць, а проста не для майго веку. Што, аднак, не азначае, быццам прыкладная музыка, музыка для адпачынку, ня можа несьці ў сабе пэўную сэнсавую і нават, як ні страшна тое прагучыць, — ідэалягічную нагрузку. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Ідэалёгія ў дыскатэцы? — запытаецеся вы. Даражэнькія, а чаму не? Чаму ў той жа Францыі дзяржава абмежавала гучаньне ў эфіры замежных, галоўным чынам амэрыканскага паходжаньня, песень? Чаму да 40% замежнага рэпэртуару абмежаванае мэню францускіх кінатэатраў? Ды таму, што французы думаюць пра ўласную нацыянальную будучыню.

Чаму ў нашых дыскатэках гучыць выключна расейска- ды ангельскамоўны рэпэртуар? А таму, што беларусам не да будучыні: яны думаюць, як ім выжыць ня заўтра, а сёньня.

Музыканты групы “Палац” рызыкнулі пераканаць несьвядомых, што й пад народную музыку можна добра бавіцца, калі зрабіць тую музыку якасна і модна. Песьня “Каліначка”, калі не памыляюся, трапіла на зборны кампакт-дыск міжнароднага фэстывалю фальклёру ў нямецкім Рудольштадце 1994 году, дзе выступіў “Палац”. Празь сем гадоў песьня нарадзілася наноў. “Каліначка”, група “Палац” і ды-джэй Рэй Хвісевіч. Гэта зараз. А мы пачуемся заўтра!
XS
SM
MD
LG