Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Растопчын і інструмэнтальная кампазыцыя “Lazy Sun”.



Можна скончыць тры вышэйшыя навучальныя ўстановы, заняць потым адказную пасаду і быць няздольным самастойна зрабіць анічога. Можна скончыць тэхнічны ўнівэрсытэт, адразу ж пасьля выпускнога забыцца на існаваньне дыплёму, заняцца нечым цалкам іншым і неўзабаве зрабіцца зоркаю. Чаго? Ну дык хоць бы праграмы “Мэлёдыя дня”. Прывітаньне!

На мінулым тыдні я паабяцаў вам пазнаёміць з сольнымі запісамі былога мянчука Аляксандра Растопчына, бадай, найбольш таленавітага і здольнага сярод беларускіх гітарыстаў за ўсе гады існаваньня рок-музыкі ў краіне.

Сёньня ён жыве ў Нью-Ёрку і, як амаль ніхто з эмігрантаў-музыкантаў, жыве менавіта за кошт заняткаў музыкай. Дарэчы, Аляксандар — выпускнік менскага Радыётэхнічнага інстытуту, а ў музыцы — практычна самавучка.

У 1997 годзе ён прывёз сольныя запісы, усяго 10 надзвычай розных п’ес, на маю думку — гатовы да выданьня альбому матэрыял. Аднак Алекс астудзіў мяне і растлумачыў, што растыражаваць альбом — не праблема. Праблема — прадаць, бо рэкляма каштуе куды шмат.

А музыку ён напісаў сапраўды арыгінальную і дзівосную. З часам я буду знаёміць вас з гэтымі запісамі, а сёньня пазнаёмлю з інструмэнтальным творам пад назваю “Lazy Sun” — “Лянівае сонца”. Не скажу, што назва твору адпавядае пары году, ды рэч ня ў тым. Рэч у музыканце, які зрабіў сябе сам. Аляксандар Растопчын з п’есай “Лянівае сонца” ў праграме “Мэлёдыя дня”. Запіс 1996 году, Нью-Ёрк.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG