Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група “Flat” і песьня “Street Boogie” з аднайменнага альбому



Калі вам карціць выйграць новую кватэру, просім пазваніць на Беларускае тэлебачаньне Анатолю Ярмоленку або Алесі і сказаць, хто з двух кампазытараў — Ханок ці Лучанок — напісаў палянэз Агіньскага. Бо цяжка й здагаць, калі гэта дзяржаўнае тэлебачаньне трымала насельніцтва ўсёй краіны за дурняў. “Мэлёдыя дня” з прывітаньнем да разумных!

Нагадаю вам, што на працягу гэтага тыдня “Мэлёдыя дня” спачувала Зоі Гарынай, якая жыве ў чаканьні, выкрыла “Шпіёнскі сындром” Паўля Лісэ, пабывала ў “Падарожжы” разам з групай “Сузор’е”. Група “Крама” нагадала нам, каб мы ведалі, што гэта наш блюз, аркестар “Капрыз” Гарадзенскага ўнівэрсытэту паднёс “Гарбату на дваіх”, а гарадчук Віктар Шалкевіч з зайздрасьцю пазіраў на тое дзейства зь местачковае карчмы.

А цяпер вярнуся да кватэры. Ня ведаю, хто змусіў двух дарослых людзей зрабіцца рупарам несумленнай рэклямнай гульні. Чым брудзіцца ва ўсім тым, варта было б якую песьню жыцьцярадасную напісаць. Як тое зрабіла некалі менская група “Флэт”, выдаўшы альбом з красамоўнай назваю “Стрыт бугі”. Здавалася б, кожнаму “Флэту” — па кватэры! Ажно не: гэтым і на вуліцы добра.

Група “Флэт”, якая тонка працуе ў стылістыцы біг-біту, віншуе прагных да халяўных кватэраў беларускіх эйнштэйнаў песьняй “Стрыт бугі”. А заўтра ўсё пачынаецца з пачатку.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG