Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаем сапраўдны біялягічны ўзрост


Мікола Іваноў, Прага

(эфір 01.12.01)

Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніюс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё пераўтварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць старасць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосць? Пра гэта ў адноўленай перадачы Міколы Іванова “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.


Cёньня ў нашай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” мы працягваем размову пра тое, як можна вызначыць рэальны біялягічны ўзрост чалавека.

Прыгадаем, што храналягічны ўзрост чалавека, гэтак званы пашпартны, не заўсёды, а дакладней кажучы, амаль ніколі, не адпавядае ягонаму сапраўднаму біялягічнаму ўзросту.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя “Realage” распрацавала спэцыяльны кампутаровы тэст дзеля выяўленьня рэальнага біялягічнага ўзросту чалавека, зь якім мы і пачалі вас знаёміць у дзьвюх папярэдніх перадачах сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

З 27 пытаньняў, запрапанаваных экспэртамі Realage, мы адказалі на 15. Гэта былі пытаньні датычныя асабістых дадзеных, суадносінаў паміж вагой цела і ростам, шкодных звычака шакшталт паленьня і спажываньня алькаголю, спосабу харчаваньня, генэтычнай спадчыннасьці. І вось цяпер надышла чарга адказваць на апошнюю групу пытаньняў.

Пасьля адказу на кожнае пытаньне кампутар пасьлядоўна вызначаў на экране мой біялягічны ўзрост. Ён зьніжаў мой біялягічны ўзрост за доўгае жыцьцё ў шлюбе, за нармальную вагу цела, за ўстрыманьне ад паленьня, за добрае і здаровае харчаваньне, але адразу ж дадаваў гады за маё складанае дзяцінства, за злоўжываньне часам алькаголем і за тое, што досыць часта даводзіцца працаваць і адпачываць сярод курцоў, а таксама за недастатковы сон. У выніку пад канец мінулай перадачы на рахунку майго біялягічнага ўзросту было 47 гадоў. Прыгадаю, што мой храналягічны (пашпартны) ўзрост – 53 гады.

Самая вялікая група пытаньняў, на якія мне трэба было адказваць падчас выкананьня тэсту Realage датычыць хваробаў, якія я перанёс за сваё жыцьцё.

Некаторыя хваробы не пакідаюць сталага нэгатыўнага адбітку на агульным стане здароўя, але ёсць і такія, што даюцца ў знакі. На думку экспэртаў “Realage” гэта наступныя хваробы:

- ангіна
- алькагалізм
- астма
- інфаркт і інсульт
- ракавыя захворваньні
- розныя тыпы алергіі
- эпілепсія
- глаўкома
- гэрпэс полавых органаў
- сталыя мігрэні
- цыроз пячонкі
- гепатыт (“жаўтачка”)
- запаленьне прастаты
- запаленьне мочавога пухіра
- запаленьне прамой кішкі
- язва страўніка ці кішэчніка
- хвароба Паркінсона
- запаленьне селязёнкі
- остэоартрыт

У маім выпадку мне давялося прыпомніць, што хварэў я ў дзяцінстве гепатытам, што і сёньня пабольвае пячонка. Досыць часта ў дзяцінстве хварэў на ангіну. За той год, што мінуў з таго часу, як я ўпершыню адказваў на пытаньні тэсту “Realage”, я перанёс адну новую запальную хваробу, на якую раней не хварэў.

І гэта адразу дадало да майго біялягічнага ўзросту два з паловаю гады.

Але ўжо наступная група пытаньняў крыху вярнула мне ранейшы аптымізм. Я маю неблягі пульс: 59 - 60, ціск крыві амаль у рамках нормы: 120 на 90. Узровень халестэролу ў крыві таксама ў норме, хаця і крыху павысіўся за мінулы год. Гэты паказчык у мяне на ўзроўні 200 мг на літар. Усё гэта амаль выраўнялі мае ранейшыя страты. І мой біялягічны ўзрост зьнізіўся да ўзроўню 47,5 гадоў.

Апрача пытаньяў, датычных стану здароўя, тэст Realage прапануе пытаньні на тэму ступені рызыкі, якой вы падвяргаеце сябе ў жыцьці. Гэта пытаньні датычаць вашага стажу ў якасьці кіроўцы, ці карыстаецеся вы малой, ці вялікай машынай? Як часта падарожнічаеце аўтамабілям у якасьці пасажыра?

Машынай я кірую ўжо больш за 20 гадоў. За сваё жыцьцё кіроўцы меў я 6 аварыяй. Былі і досыць цяжкія. Так, што пахваліцца тут мне было мала чым, але вось цяпер я езджу пераважна вялікай машынай Volkswagen Passat. І гэта, як лічыць Realage, пазытыўны факт, які выраўняў мае страты за даволі аварыйную язду. Мой біялягічны ўзрост застаўся на ранейшым узроўні.

Мой рэальны біялягічны ўзрост зьменшыўся прыблізна на поўгады калі кампутар улічыў, што я маю дома хатнюю жывёліну (кошку), што ахвотна прымаю ў госьці сяброў і сваякоў, а таксама за тое, што веру ў Бога, хаця і не наведваю царкву рэгулярна.

Павялічыўся ж мой біялягічны ўзрост на 1,5 гады у сувязі з тым, што за апошнія 4 гады я перажыў сьмерць двух блізкіх мне людзей, за тое, што ў працы даволі часта маю стрэсавыя сітуацыі.

Матэрыяльны дабрабыт таксама спрыяе зьніжэньню біялягічнага ўзросту. Заможныя людзі жывуць даўжэй. У тэсце “Realage” пасmля таго, як я ў адпаведнай графе падаў суму маіх гадавых заробкаў, мой рэальны біялягічны ўзрост скараціўся яшчэ на чвэрць году.

На заканчэньне тэсту – пытаньне, датычнае заняткаў спортам. Мінулым разам у сваім камэнтары на мае адказы экспэрты “Realage” пахвалілі мяне за рэгулярныя заняткі спортам, але адначасна адзначылі, што ў маім узросьце нагрузкі павінны быць менш інтэнсыўнымі і больш рэгулярнымі. Замест заняткаў фітнэсам мне прапанавалі заняткі легкім джоггінгам, тэнісам, ці плаваньнем.

Нажаль, бальшыню з гэтых парадаў здзейсьніць не ўдалася. Праўда, фінтэсам я больш не займаюся, але і з тэнісам не надта атрымалася. Горш стала ў мяне і з рэгулярнасьцю. Праца на радые “Свбода” дазваляе займацца спортам ў вольны час, які досыць часта выпадае ў неадпаведныя для заняткаў гадзіны.

У тэсце Realage значна вышэй ацэньваюцца заняткі групавым спортам (футбол, валейбол, аэробіка), чымся індывідуальныя заняткі.

Падсумуем: пасля адказаў на 27 пытаньняў тэсту “Realage” кампутар высветліў мой рэальны біялягічны ўзрост на ўзроўні 48 гадоў. Прыгадаю, што калі на пытаньні гэтага тэсту я адказваў год таму, кампутар вызначыў мой рэальны біялягічны ўзрост на ўзроўні 46,5 гадоў. Такім чынам, па пашпарту я за гэты пэрыяд састарыўся на 1 год, а мой раэльны біялягічны ўзрост павялічыўся на паўтары гады. Здарылася гэта, нягледзячы на тое, што я імкнуўся выконваць парады экспэртаў “Realage” па выніках мінулагодняга тэсту, намагаўся весьці больш здаровы стыль жыцьця.

Але, як бачым, не ўсё залежыць толькі ад самога чалавека. Новыя хваробы, новыя праблемы не дазволілі мне падтрымліваць стан здароў’я на ранейшым узроўні.

Ёсць нагода: над чым прызадумацца.

На заканчэньне прыгадаем, што вызначыць такім чынам свой рэальны біялягічны ўзрост і даведацца, як быць больш здаровым можа практычна кожны, хто мае доступ да інтэрнэту.

У адказ на шматлікія просьбы нашых слухачоў і чытачоў інтэрнэтаўскіх вэрсыяў нашых перадачаў, я падаю электронны адрас амэрыканскай грамадска-мэдычнай арганізацыі Realage, якая праводзіць гэты тэст:

www.realage.com

Жадаю і вам поспехаў у вызначэньні рэальнага біялягічнага ўзросту.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі “Realage”: як жыць доўга і ў добрым здароўі:


1. Ці вы ўжо зрабілі прышчэпку супроць грыпа? Калі не, дык паспяшайцеся. “Realage” сцвярджае, што антыгрыпозная прышчэпка можа ня толькі ўратаваць вас гэтай зімой ад грыпу, але і мець іншы пазытыўны ўплыў на вашае здароўе. Падчас аднаго даследваньня амэрыканскіх навукоўцаў групе асобаў ва ўзросьце 65 гадоў і болей былі зробленыя прышчэпкі ад грыпу. Высветлілася, што яны спрыялі ня толькі прафіляктыцы грыпу, але і павышэньню эфэктыўнасьці імуннай сыстэмы ўвогуле. “Realage” сцвярджае, што падтрыманьне спраўнага функцыяваньня імуннай сыстэмы арганізму можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшы.

2. Калі ў вас дрэнны настрой, нешта вас моцна непакоіць, “Realage” прапануе адзін цудоўны сродак пазбавіцца ад дрэннага самапачуцьця і адчуваць сябе лепш. 10 хвілін спартовых практыкаваньняў дастаткова, каб палепшыць ваш настрой. Вучоныя лічаць, што фізычныя практыкаваньні павялічваюць выдзяленьне ў глуздах чалавека хімічных рэчываў, якія рэгулююць добры настрой і пазытыўныя эмоцыі. “Realage” сцвярджае, што рэгулярныя заняткі спортам могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 9 гадоў маладзейшым.

3. Спажываньне штодня ста грамаў чорнай чакаляды можа быць самым салодкім спосабам прафілактыкі сардэчна-сасудавых захворваньняў. Экспэрты Realage лічаць, што катэхін, які ўваходзіць у склад чакаляды, зьяўляецца надзвычайным прыродным антыоксыдантам. Ён зьмяншае рызыку ішэмічных хваробаў сэрца. Асобам, якія схільныя да празмернай вагі, “Realage” раіць нэўтралізаваць калёрыі чакаляды з дапамогай зялёнага чаю і яблыкаў. “Realage” сцвярджае, што прыём штодня неабходнай колькасьці антыоксыдантаў можа зменьшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў.

4. Калі вы належыце да асобаў з высокай рызыкай сардэчна-сасудавых захворваньняў, "Rеalage” раіць вам неадкладна спыніць піць каву. Паводле вынікаў нядаўняга даследваньня навукоўцаў Цэнтру сардэчна-сасудавых захворваньняў у Сан-Францызска, кафэін, які знаходзіцца нават у адным кубку кавы, можа моцна абцяжарыць крывяныя артэрыі, а рэгулярнае піцьцё кавы можа прывесьці да сталага павышэньня крывянога ціску і павялічыць рызыку інфаркту і іншых сардэчна-сасудавых захворваньняў. “Realage” сцвярджае, што падтрыманьне крывянога ціску на сталым узроўні 120 на 80 можа зрабіць рэальны біялягічны ўзрост ажно на 12 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG