Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ МНОГІЯ МЕНЧУКІ НАЗЫВАЮЦЬ НЕДЭМАКРАТЫЧНЫМІ


Галіна Абакунчык, Менск

Многія апытаныя казалі, што яны прагаласавалі альбо яшчэ зьбіраюцца ісьці на выбарчыя ўчасткі. Але свой удзел у выбарах тлумачылі рознымі прычынамі:

(Спадар: ) “Я хадзіў галасаваць, каб мой бюлетэнь ня ўкінулі за “каго трэба”, бо лічу, што нашыя дзеці вартыя лепшага жыцьця”.

(Карэспандэнтка: ) “Што можаце сказаць пра цяперашнія выбары з гледзішча адкрытасьці, свабоды й дэмакратыі?”

(Спадар: ) “Зразумела, што ніякай дэмакратыі. Людзей дэмакратычнай плыні здымалі з дыстанцыі па надуманых прычынах, А, да прыкладу, у вёсцы Раёўка, дзе мае бацькі жывуць, дык там усім, хто сёньня прыйдзе галасаваць, наліваюць куфаль бясплатнага піва. Крыўдна, што на двары трэцяе тысячагодзьдзе, а краіна ў цэнтры Эўропы жыве, як азіяцкая”.

(Спадар: ) “У нас па акрузе праходзіць нейкі “фронтавец”, дык трэба схадзіць, прагаласаваць за яго. Але гэтыя выбары несвабодныя й недэмакратычныя. Гэта сапраўды так ёсьць, і гэта зусім натуральна для таго рэжыму, які ў нашай краіне”.

(Спадарыня: ) “Не хадзіла на выбары, але пайду абавязкова, бо ў Зялёным лузе, дзе я жыву, кандыдатам ад дэмакратычнага блёку Алесь Бяляцкі. Я яму давяраю й буду за яго галасаваць. Але я пра свайго кандыдата не магла пачуць ні па радыё, ні па тэлебачаньні. І чула, што шмат дэмакратычных кандыдатаў былі зьнятыя з выбараў з-за нейкіх неістотных прычынаў. Пра якую дэмакратыю можна казаць, калі так адбываецца?”

Бальшыня ж суразмоўцаў заявілі, што не бяруць удзелу ў выбарах, бо лічаць цяперашнюю кампанію несвабоднай і недэмакратычнай.

(Спадарыня: ) “Не, не хадзіла на выбары. Па-першае, я ня бачыла ніякіх улётак. Усё вельмі сьціпла й неактыўна. Наконт свабоды й адкрытасьці, то тут нічога новага. Апатыя палітычная разьвіваецца, і гэта зразумела. Таму ніхто асабліва не змагаецца ні за свабоду, ні за дэмакратыю”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, пайду альбо не пайду, бо ў мяне вельмі вялікія сумневы адносна таго, ці патрэбныя гэтыя выбары ўвогуле. Што ад нас залежыць? Амаль нічога: аднаго кандыдата нашага зьнялі — Сержука Альфера ад грамадзянскай партыі. І з гэтай прычыны і ня з гэтай — лічу, што гэта ня выбары, а нейкі фарс”.

(Спадарыня: ) “Я на выбары не пайшла, бо лічу, што ў любым выпадку яны будуць сфальсыфікаваныя. Асабліва пры тых магчымасьцях, якія дае новы Выбарчы кодэкс. Сёньня я ехала ў таксоўцы і запыталася ў кіроўцыі: ці будзе ён галасаваць? Ён паглядзеў на мяне як на вельмі наіўнага чалавека, засьмяяўся і сказаў, што выбараў цяпер няма. Што, як у Савецкім Саюзе ёсьць галасаваньне, пішуць патрэбны адсотак ды і ўсё. Таму, калі мы ігнаруем гэтыя выбары, то гэта таксама грамадзянская пазыцыя. Бо калі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі 15%, то сфальсыфікаваць іх будзе значна цяжэй”.
XS
SM
MD
LG