Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВА ЎЧАСТКОВЫХ КАМІСІЯХ НАЙБОЛЬШ КАМУНІСТАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Завершылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Усяго такіх камісіяў сфармавана 6681, а сябрамі іх сталі 72328 чалавек. Зь іх толькі 162 асобы, альбо крыху больш чым кожны з 500, прадстаўляюць палітычныя партыі. Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў Радыё Свабода, якія партыі здолелі правесьці сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі.

(Лазавік: ) “Сярод іх КПБ — 81 чалавек, ПКБ — 29, БНФ — 1, Аграрная партыя — 30, АГП — 21. Ад іншых аб’яднаньняў уключаныя ў склад камісіяў 4118 чалавек. Большасьць сяброў камісіяў вылучаныя працоўнымі калектывамі й шляхам збору подпісаў”.

Мікалай Лазавік ня лічыць, што адзін на пяцьсот — гэта малое прадстаўніцтва для палітычных партыяў. “Адсотак насельніцтва, якое ўваходзіць у гэтыя партыі, яшчэ меншы”, — заявіў Мікалай Лазавік. На маю просьбу ён выказаў асабістае меркаваньне, чаму некаторыя даволі масавыя партыі, такія як Лібэральна-дэмакратычная ці СДПБ “Народная грамада” не атрымалі ўвогуле ніводнага месца ў камісіях, а БНФ — толькі адно.

“Магчыма, у іх слабыя структуры і нізкі аўтарытэт у органах улады, якія фармуюць участковыя камісіі”, — адказаў мне Мікалай Лазавік. Пры гэтым ён запэўніў, што ў Цэнтральнай выбарчай камісіі няма зьвестак пра загады зьверху, каго ўключаць у камісіі, а каго не.

З гэтым меркаваньнем аднадушна ня згодныя прадстаўнікі палітычных партыяў, у першую чаргу апазыцыйных. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што ад партыі ў сябры ўчастковых камісіяў вылучалася больш за 500 чалавек. Пераважнай большасьці было адмоўлена без абгрунтаваных прычынаў.

(Лябедзька: ) “Фармальна часьцей за ўсё кажуць, што сьпіс ужо быў скамплектаваны. Прыкладам, у менскіх камісіях звычайна па 11 чалавек, і калі нашыя людзі зьвярталіся з прычыны адмовы, ім казалі, што 11 чалавек было і вы ня ўключаныя толькі таму, што прэтэндэнтаў было больш за 11. Гэта звычайны адказ”.

Аднак у шчырасьць супрацоўнікаў райвыканкамаў, якія фармавалі камісіі, Анатоль Лябедзька ня верыць і кажа, што яны дзейнічалі паводле загаду максымальна зьніжаць прадстаўніцтва апазыцыйных партыяў ва ўчастковых камісіях.

Такой жа думкі прытрымліваецца і сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец:

(Кавалец: ) “Няма ілюзіяў. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада рыхтуецца да татальных фальсыфікацыяў. І ў першую чаргу на самым важным, ніжэйшым узроўні, дзе падлічваюць галасы і дзе вядомае рэальнае становішча, як прайшлі выбары”.

БНФ вылучала звыш 300 чалавек ва ўчастковыя камісіі, зь іх выніковай аказалася спроба толькі аднаго.

Ня зьдзіўлены вынікамі фармаваньня ўчастковых камісіяў кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч. Ён кажа, што досьвед удзелу ў папярэдніх парлямэнцкіх выбарах, якія іншыя апазыцыйныя партыі ігнаравалі, дапамог лібэральным дэмакратам падрыхтавацца да розных нечаканасьцяў.

З гэтай прычыны Сяргей Гайдукевіч лічыць недакладнымі зьвесткі Цэнтарвыбаркаму пра адсутнасьць у камісіях сяброў ЛДПБ. Аказваецца, шмат ягоных аднадумцаў спрабавалі патрапіць у камісіі без абвяшчэньня сваёй партыйнай прыналежнасьці, а праз збор подпісаў грамадзянаў. Колькім лібэрал-дэмакратам гэта ўдалося, дакладна стане вядома на будучым тыдні, сказаў Радыё Свабода лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.
XS
SM
MD
LG