Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ НЕ БЯНТЭЖЫЦЬ ТОЕ, ШТО ВЫНІКІ ПРАВЕДЗЕНЫХ З ПАРУШЭНЬНЯМІ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ МОГУЦЬ НЕ ПРЫЗНАЦЬ У СЬВЕЦЕ


Уладзімер Глод, Менск

У склад больш як 1500 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў увайшлі толькі 36 прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў. У сувязі з гэтым журналісты спыталіся ў сакратара Цэнтарвыбаркаму: ці не апасаецца ён непрызнаньня вынікаў мясцовых выбараў з боку міжнароднай супольнасьці? Мікалай Лазавік даў наступны адказ:

(Лазавік: ) “Мы не для Захаду праводзім выбары. Канечне, нам гэта неабыякава. Дрэнна, калі не прызнае. Але, з другога боку, не прызналі прэзыдэнцкія выбары — мы неяк гэта перажылі. Не прызналі парлямэнцкія выбары. Ну, а калі дзесьці не прызнаюць старшыню сельсавету, я думаю, як-небудзь гэты старшыня сельсавету перажыве такую “трагедыю”… Але нам хацелася б, каб выбарчая кампанія прайшла ў поўнай адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам: сумленна, адкрыта, дэмакратычна”.

Тое, што ў выбарчыя камісіі ня трапіла большасьць прадстаўнікоў партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, тлумачыцца, паводле сакратара Цэнтарвыбаркаму, высокім конкурсам прэтэндэнтаў, памылкамі пры афармленьні неабходных дакумэнтаў і адсутнасьцю партыйных структураў у вёсках. У складзе менскай гарадзкой камісіі вылучэнцаў ад партыйных і грамадзкіх суполак — 77%. А вось у сельскіх і пасялковых камісіях практычна няма прадстаўнікоў палітычных партыяў. Там у камісіі трапілі толькі тыя, чые імёны ўхваліла мясцовая адміністрацыя, аформіўшы гэта як “ініцыятыву працоўных калектываў”.

Як і раней, большая частка сяброў камісіі — жанчыны. Толькі кожны дзясяты маладзейшы за 30 гадоў. Больш як палова складу камісіяў мае досьвед падобнай працы — іншымі словамі, гэта ў асноўным тыя асобы, у ляяльнасьці якіх пераканалася ўлада падчас выбарчых кампаніяў і рэфэрэндумаў апошніх васьмі гадоў.

Мікалай Лазавік паведаміў таксама, што на выбары будуць запрошаныя міжнародныя назіральнікі.
XS
SM
MD
LG